Радавод князеў Астрожскіх

Род князёў Астрожскіх, адзін з найбольш знатных і багатых родаў на землях былога Вялікага княства Літоўскага, даў многа славутых і знакамітых мужоў, якія праславіліся не толькі на палях бітваў, дзяржаўнай службе, але і падзвіжніцтвам на духоўнай ніве. У гэтым родзе з пакалення ў пакаленне ўмацоўвалася вернасць Праваслаўю, ганаровым абавязкам лічылася абарона інтарэсаў беларускага і ўкраінскага народаў, клопат пра духоўныя патрэбы людзей.

На думку гісторыкаў, Астрожскія паходзілі з турава-пінскай галіны Рурыкавічаў — Ізяславічаў. Пачынальнікам роду быў Святаполк Ізяслававіч, праўнук св. роўнаапостальнага Уладзіміра, хрысціцеля земляў Кіеўскай Русі. Вядомы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага князь Даніла з Астрога, што ўдзельнічаў у барацьбе супраць польскага караля Казіміра III у 1341 годзе, быў сынам Пінскага князя Юрыя, які памёр у 1292 годзе. Займаючы галіцкі прастол, ён не толькі абараняў свае землі, але і дбаў, каб «ляхи не чинили якожъ насилия в вере». Сын яго — Фёдар Данілавіч (?-1407?), князь Уладзмірскі і Цвярскі, у канцы жыцця стаў інакам Кіева-Пячэрскай Лаўры, дзе і спачыў з імем Феадосій. Пазней ён стаў ушаноўвацца як святы; яго нятленныя мошчы і цяпер пакояцца ў Дальніх пячэрах Кіева-Пячэрскага манастыра.

Праўнук князя Фёдара — князь Канстанцін Іванавіч (1460?-1530) быў найвышэйшым гетманам Вялікага княства Літоўскага, кашталянам Віленскім, ваяводам Трокскім. У прызначэннях на такія высокія пасады, згодна з тагачасным заканадаўствам, перавага аддавалася католікам. Але асабістыя таленты і аўтарытэт князя былі настолькі значныя, што для яго было зроблена выключэнне. Ён шырока праславіўся сваімі дзяржаўнымі справамі, вайсковымі перамогамі і адначасова быў шырокавядомы як рупліўца праваслаўнай асветы, заснавальнік шматлікіх храмаў і манастыроў. Гісторыкі Царквы называюць эпоху патранату князя Канстанціна Іванавіча над беларускімі і ўкраінскімі землямі залатым векам Праваслаўя, бо іерархі і паства займалі тады надзвычай годнае становішча ў дзяржаве. Князь Андрэй Курбскі называў яго «светлым в правоверных догматах и во всяком благочестии сіяющим», а папскі легат Пізон, выказваючы шкадаванне з нагоды актыўнага непрыняцця князем Астрожскім уніі, у пісьме да папы сцвярджаў, што князь настолькі верны грэчаскай царкве і выконвае яе пастановы, што ні на волас ад іх не адступае. «Калі б мне, — працягваў ён, — удалося гэтага князя прывесці ў лона св. Маці-Царквы, то прыклад яго захапіў бы шмат праваслаўнага народу не толькі на заходнерускіх, але і іншых славянскіх землях: такой павагай і славай ён карыстаецца». За заслугі перад дзяржавай, як выдатны дыпламат, князь Канстанцін Іванавіч атрымаў ад караля маёнткі Дзятлава, Тураў, Копысь, Ахонава і селішча з возерам Свіцязь у ваколіцах Навагрудка, а ў 1522 годзе купіў Тарасаў пад Мінскам. Ён стаў другім земляўласнікам у Вялікім княстве Літоўскім па колькасці падданых пасля Віленскага ваяводы Гаштольда. Вядома, што «лягчэй вярблюду прайсці скрозь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае» (Мф. 19, 24). Але Канстанцін Іванавіч здзіўляў сучаснікаў сціплым і пабожным ладам жыцця.

Поспехі, плён у грамадскай, рэлігійна-культурнай дзейнасці дасылаюцца людзям, звычайна, за благачэсце і праведнасць. Многія знакамітыя роды аберагаліся цудадзейнымі святынямі. Цудадзейная ікона, вядомая пад назвай Дубенская, здаўна была сямейнай святыняй знакамітага роду князёў Астрожскіх. Дубенская ікона належыць да лепшых твораў царкоўнага мастацтва і з'яўляецца своеасаблівым узорам іконаграфічнай вытанчанасці і высакародства. Сведчанне асаблівага ўшанавання іконы – жамчужная шата незвычайнага хараства. Паводле сямейнага падання, менавіта Дубенскай святыні дом Астрожскіх абавязаны сваёй веліччу і славай.

Спачыў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі ў 1530 годзе ў Вільні, а пахаваны быў у Кіеве ў Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай Лаўры, дзе да нашага часу захавалася надмагілле з яго выяваю.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.