На шляху да высокага служэння

Найбольш выразна духоўныя сілы, асаблівая місія роду Астрожскіх, праявіліся ў дзейнасці сына Канстанціна Іванавіча — князя Канстанціна (у хрышчэнні Васілія) Канстанцінавіча Астрожскага (1526-1608). Нарадзіўся ён у Тураве, дзе правёў сваё дзяцінства і ранняе юнацтва. Пасля смерці бацькі малалетні князь Канстанцін выхоўваўся сваёй маці Аляксандрай Сямёнаўнай, пляменніцай апошняга Слуцкага князя Сямёна Алелькавіча. У родным доме атрымаў добрую адукацыю. Паводле словаў самаго князя Канстанціна, ён з маладосці быў выхаваны свамі бацькамі ў адданасці роднай веры і свайму народу.

Дасягнўшы паўналецця, князь Канстанцін ажаніўся з княжной Сафіяй, дачкой багатага галіцкага магната графа Тарноўскага. Гонар і багацце рода, дзяржаўныя заслугі бацькі спрыялі асабістаму ўзвышэнню князя. Ужо ў ранняй маладосці ён вызначаўся ў асяроддзі мясцовых магнатаў, князёў Чартарыйскіх, Сангушкаў, Вішнявецкіх і іншых. У 27-гадовым узросце ён атрымаў пасаду старасты. Уладзімірскага, маршалка Валынскага, у 32 гады стаў ваяводам Кіеўскім, гэтую пасаду займаў да самай смерці, звыш пяцідзесяці гадоў.

3 узростам князь стаў свядомым і глыбока перакананым прыхільнікам Праваслаўя, які разумеў непарыўную сувязь традыцыйнай усходняй хрысціянскай веры з этнічнай самабытнасцю ўсходніх славян. Нягледзячы на высокае грамадскае становішча і заможнасць, князь вёў строгі і пабожны лад жыцця. 3 надыходам Вялікага посту, ён звычайна адыходзіў у манастыр, апранаўся ў бедную вопратку і праводзіў дні і ночы ў посце і малітве, за богаслужэннем.

Ад бацькі князю Канстанціну перайшоў і абавязак патранату, апекі над праваслаўнай Царквой і яе паствай. Канстанцінопальскі патрыярх, высока ацэньваючы благачасцівыя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве Паўднёва-Заходніх земляў Вялікага княства Літоўскага. Гэтае права было афіцыйна прызнана і ў грамаце караля Стэфана Баторыя, які прызнаваў князя вярхоўным захавальнікам і абаронцам Царквы. Князь у тых няпростых умовах рабіў усё магчымае, каб у царкоўную іерархію траплялі людзі, дастойныя свайговысокага сану.

Разумеючы значэнне манашаства, князь Канстанцін Астрожскі прыклаў многа старання і сродкаў, каб пераадолець цяжкасці ў добраўпарадкаванні манастыроў, падтрымаць іх матэрыяльна, павялічыць іх маральную сілу і ўплыў. Добра ўладкаваныя і багатыя манастыры ўяўлялі сабой цесна спаяныя абшчыны, якія з поспехам маглі супрацьстаяць націску іншаверных. I сапраўды, заснаваныя князем Астрожскім манастыры аказалі вялікую падтрымку Праваслаўю ў час уніі.

На жаль, у Рэчы Паспалітай патранат са звычаёвай апекі ператварыўся ў некананічнае юрыдычнае права раздачы каралём і свецкімі магнатамі царкоўных пасадаў і месцаў праз прадстаўленне сваіх кандыдатаў. Часам епіскапская кафедра ці месца архімандрыта манастыра надавалася як даходная ўзнагарода за вайсковыя ці дзяржаўныя заслугі людзям зусім не дастойным. Права патранату ў Рэчы Паспалітай стала сродкам не захавання, а разбурэння Праваслаўнай Царквы.

У такіх умовах асаблівай была адказнасць той праваслаўнай шляхты Вялікага княства Літоўскага, якая імкнулася пераадолець адмоўныя ўплывы права патранату на царкоўны лад і ўратаваць Праваслаўе.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.