Дзейнасць у абарону Праваслаўя


На абмеркаванне сейма Астрожскі прапаноўваў вынесці і праблему заключэння царкоўнай уніі. Ён разумеў, што калі да абмеркавання такого лёсавырашальнага пытання будзе далучана шырокая грамадскасць, то больш аргументаў з'явіцца і ў той часткі духавенства, якая не адважвалася ўголас выказацца супраць вераадступніцкіх намераў некалькіх іерархаў. Але кароль адмовіў у вынясенні такога пытання на сейм.

Больш падрабязна трэба патлумачыць адносіны князя Канстанціна Астрожскага да царкоўнай уніі. Унійныя настроі ў княстве ўзмацніліся ў канцы XVI ст. па дзвюх прычынах. 3 аднаго боку, гэта быў вынік афіцыйнай палітыкі Рэчы Паспалітай, якая праз сістэму заканадаўства, патранат і праз падтрымку наступальнай і агрэсіўнай прапаганды езуітаў, прывяла Праваслаўную Царкву да глыбокага крызісу, а ў якасці выратавальнага выйсця прапаноўвала перайсці пад верхавенства папы Рымскага. 3 другога боку, асноўная частка праваслаўнага духавенства і большасць міранаў актыўна шукалі шляхі выратавання сваёй Маці-Царквы ад разбурэння. У час абмеркавання ідэі уніі князь Канстанцін Астрожскі не быў супраць прымірэння і аб'яднання Заходняй і Усходняй Цэркваў, разумеючы пад уніяй ідэальны саюз Хрысціянскіх Цэркваў, заключаны на роўных правах з захаваннем праваслаўнага веравучэння, уладкавання і абраднасці. У якасці абавязковай умовы такога саюза ён лічыў благаславенне Канстанцінопальскага Патрыярха.

Калі князь даведаўся пра тайныя намеры іерархіі адступіць ад Праваслаўя, прыняць унію, а фактычна — рыма-каталіцтва з захаваннем усходняга абраду, ён распачаў рашучыя і адкрытыя дзеянні, каб сарваць планы адступнікаў. Князь пачаў працяглую перапіску з епіскапамі Іпаціем Пацеем і Кірылам Тарлецкім, пераконваючы іх у ганебнасці і згубнасці такіх дзеянняў.

24 чэрвеня 1595 г. князь звярнуўся з акружным пасланнем да ўсіх праваслаўных жыхароў Вялікага княства Літоўскага, дзе асудзіў епіскапаў, «якія дзёрзка і самачынна пакінулі сваю паству, адрываюць людзей ад ісціны» і заклікаў цвёрда стаяць у праваслаўнай веры і не спакушацца на унію. Адчуваючы асабістую адказнасць за лёс Царквы, князь заявіў: «А я, как доселе, во всё время моей жизни, служил трудом и имением своим непорочному закону святой восточной церкви, в размножении святых Писаний и книг и в прочих благочестивых вещах, так и до конца, при помощи Божией, обещаю служить всеми моими силами на пользу моих братий правоверных…».

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.