Астрожская друкарня

У 1578 годзе у сваім маёнтку Астрог на палескіх землях Вялікага княства Літоўскага, у працяг векавой праваслаўнай традыцыі асветы, князь Канстанцін Канстанцінавіч заснаваў друкарню, якая стала важным аплотам Праваслаўя ў краі.

Астрожская друкарня плённа пераняла і памножыла багатыя багаслоўскія традыцыі Супрасльска-Заблудаўскага багаслоўскага асяродка па падрыхтоўцы найбольш поўнага спіска Бібліі. Гэтай найвялікшай з'яве ў славянскай пісьменнасці папярэднічаў доўгі падрыхтоўчы перыяд: у Львове з 25 лютага 1573 года да 15 лютага 1574 года друкаваўся Апостал, у Астрозе ў 1580 годзе быў выдадзены Псалтыр і Новы Запавет, а таксама алфавітна-прадметны паказальнік і зборнік афарызмаў «Книжка собрание вещей нужнейшыхъ, въкратце скораго ради обретения в книзе Новаго Завета».

Пра жывую зацікаўленасць праведнага князя Канстанціна Канстанцінавіча справай права слаўнай асветы сведчыць і надпісанне (сціслы змест) да Астрожскай «Азбукі»: «Всесильною десницею Вышняго Бога, сумышленіемъ и промышленіемъ благочестиваго князя Конъстяньтина Конъстяньстиновича, княжати Острозскаго, воеводы Кіевъскаго, маршалка земли Волыньское, старосты Володимерскаго повелевшоу емоу оустроити домъ на дело книгъ печатныхъ». Дарэчы, пасля благачасцівага адыходу паборнікаў праваслаўнай асветы Канстанціна Астрожскага і Івана Фёдарава, як сведчанне жываноснасці святаайцоўскай веры, пабачыла свет у Вільні першая ў навукова-педагагічным сэнсе «Граматыка» з друкарні братоў Мамонічаў, пра што апавядае пасляслоўе да кнігі, макет якой быў узяты з Астрожскай друкарні: «… а за прозбою жителей столицы Великаго князства Литовъскаго града Вильни сия Кграматыка словеньска языка з газофилакии (г. зн. — скарбніцы) славнаго града Острога власное отчизны пана Константина Константиновича княжати на Острогу, пана на Дубне, воеводы киевъскаго, маршалка земли волыньское и прочая, з щобробливое Его Милости ласки выдана для наученья и вырозуменья Божественнаго Писання… выдрукована въ месте Виленьскомъ… 1586, месяца октяврия, 8 дня… въ друкарни дому Мамоничовъ».

Найбольшым яго клопатам было ўтрыманне за свой кошт славутай Астрожскай друкарні і друкарні Дэрманскага манастыра, дзе друкаваліся кнігі на царкоўнаславянскай і старабеларускай (як літратурнай у Вялікім княстве Літоўскім) мовах. Апошняе асабліва спрыяла шырэйшаму іх распаўсюджанню сярод праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага.

У Астрожскай друкарні пабачылі свет: славуты палемічны трактат пісьменніка і святара Васіля Суражскага «Аб адзінай сапраўднай і праваслаўнай веры і святой апостальскай царкве» (1588), а таксама «Лісты патрыярха Іераміі», «Дыялог патрыярха Генадзія» (1583), «Выспавяданне аб сыходжанні Святога Духа» (1588), фаліянтным памерам твор Васілія Вялікага «Пра постніцтва» (1594), «Марга-рыт» Іаана Златавустага (1596).

Перад самай сваёй смерцю князь запачаткаваў яшчэ трэцюю друкарню — у Кіева-Пячэрскай Лаўры. Гэтая друкарня працягвала сваё існаванне нават у той час, калі Астрожская і Дэрманская друкарні не маглі ўжо служыць патрэбам Праваслаўя.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.