Астрожская Біблія

Разумеючы, што самая надзённая патрэба для праваслаўнага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага заключаецца ў веданні Бібліі, князь Канстанцін Канстанцінавіч прыклаў вялікія намаганні, каб зрабіць славянскі Біблейскі тэкст агульнадаступным. Разам з тым, як чалавек адукаваны, ён хацеў выдаць тэкст Бібліі ў найбольш дакладным выглядзе. Яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя ў сценах Супрасльскай Лаўры, якая была тады адным з духоўных цэнтраў славянскага свету, выспявалі ідэі нацыянальнага духоўнага Адраджэння, выношваліся планы стварэння кананічна вытрыманага і дакладнага пераклада-звода Бібліі. Тут, на Падляшшы, у Заблудаве, у маёнтку магнатаў Хадкевічаў, заснавальнікаў Супрасльскай Лаўры, у сярэдзіне 60-х гадоў XVI стагоддзя дзейнічала адно са старэйшых праваслаўных выдавецтваў, пры якім склаўся літаратурна-рэдактарскі Савет, куды ўваходзіў і князь Канстанцін Канстанцінавіч. Сярод выданняў Супрасльска-Заблудаўскай друкарні былі «Евангелле вучыцельнае»: зборнік казанняў і павучэнняў да евангельскіх чытанняў на нядзельныя дні і святы» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570).

У значнай меры выдавецкая праграма Супрасльска-Заблудаўскага інтэлектуальнага цэнтра была ажыццёўлена ў 1581 годзе ў маёнтку князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага выданнем першай поўнай кананічна дакладнай царкоўнаславянскай Бібліі.

Пад час падрыхтоўкі тэкста Бібліі князь Канстанцін Канстанцінавіч неаднаразова звяртаўся да Патрыярха Канстанцінопальскага Іераміі з просьбай даслаць «добре исправленныя и безпорочныя греческия и словенския рукописи» і «людей способных». Пры пасрэдніцтве пісара Вялікага княства Літоўскага Міхаіла Гарабурды князь атрымаў спісак кніг Свяшчэннага Пісання на славянскай мове з бібліятэкі цара Івана Грознага. Князь адправіў давераных людзей у грэчаскія, сербскія, балгарскія манастыры для збору спіскаў Бібліі.

Даследчыкі Астрожскай Бібліі адзначаюць галоўную вартасць яе тэкста — надзвычай уважлівае стаўленне перакладчыкаў і рэдактараў да старажытных спіскаў і клопат пра адпаведнасць пераклада грэчаскаму арыгіналу.

Першае пробнае выданне пабачыла свет 12 ліпеня 1580 года. Другое асноўнае выданне ад 12 жніўня 1581 года змяшчала ўсе прадмовы да кнігі. У першай прадмове да Астрожскай Бібліі сам князь Канстанцін Канстанцінавіч праз пяро рэдактараў Герасіма Сматрыцкага і Івана Фёдарава заклікае суайчыннікаў умацоўвацца ў веры:

«Вам же, о Христе избранным прежде век по предуведенію вечнаго Бога в народе руском сыном церкве восточныя и всем согласующимся языку словенскому и соединяющимся тояжде церкве православію, всяческаго чнна христоименитым людем аз Константин, нареченный во святом крещеніи Василіе, благодатію Божіею княжа Острозское, воевода кіевскій, маршалок земли волынское и прочая, братіи возлюбленой не точію еже по плоти, но и под Христу святыя всем повсюду православным с любовію се возвещаю, яко благоволеніем, шедротами и человеколюбіем Божіим сподобихся начало положити и совершеніе видети дела сего честнаго и вся превосходящаго.

О нашем же изволеніи, иже вашей ради любве и душевныя ползы некогда предумыслихом, не хощу да не разумеете, помянух бо глаголы Господа Бога и Спаса нашего Иисуса Христа, яже рече: «Ніцете прежде царствія божія и правды его, и сія вся приложатся вам». Тем же вожделеніем желах преджде даже не отиду вашему благочестію некое дарованіе духовное оставляти, в нем же Царствіе Божіе и правду его хотяше обрести возможете».

Астрожская Біблія стала найвялікім духоўным скарбам усяго славянскага і хрысціянскага свету. Вядомы чэшскі філолаг і гісторык, класік славяназнаўства Йозэф Добраўскі (1753-1829) адзначаў: «Я аддаў бы палову сваёй бібліятэкі за Астрожскую Біблію!» Выдатны прапаведнік і палеміст XVII ст. Міхаіл Андрэла-Арасвігоўскі сцвярджаў, што за адну старонку гэтай кнігі ён аддаў бы Чэхію, Англію, нямецкую веру, Прусію, Польшчу, Фландрыю з іх духоўнымі традыцыямі, а ісціну яму адкрыла толькі гэтая Кніга Астрожскі звод Бібліі, у падрыхтоўцы і рэдагаванні якога актыўны ўдзел браў сам князь, стаў адзіным кананічным тэкстам, які забяспечваў літургічныя патрэбы праваслаўнага славянства на працягу 4 стагоддзяў. Маскоўскае выданне 1663 года было паўторам Астрожскага, яно ж было пакладзена ў аснову Елізавецінскага выдання 1751 года.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.