Астрожская акадэмія

Князь Канстанцін Астрожскі быў адным з нямногіх сярод праваслаўнай шляхты і магнатаў, якія разумелі, што поспеху ў справе адстойвання і пашырэння праваслаўный веры нельга дасягнуць без пастаяннага клопату пра павышэнне адукаванасці духавенства і міранаў. «Мы ахаладзелі да веры, – піша князь у адным са сваіх пасланнняў,— а нашы пастыры не могуць пастаяць за Божую Царкву. Няма настаўнікаў, няма прапаведнікаў слова Божага». Сапраўды, свяшчэннікам не было дзе атрымліваць адукацыю, яны не мелі элементарных багаслоўскіх ведаў, таму не магло быць і размовы пра асвету народа. У той час, калі каталіцкая царква праз ордэн езуітаў актыўна прапагандавала і распаўсюджвала на нашых землях сваю сістэму адукацыі, якая была правадніком іх ідэалогіі, праваслаўныя мелі толькі школы першапачатковай пісьменнасці пры асобных манастырах і храмах.

Патрэбны былі такія школы, з якіх выходзілі б падрыхтаваныя да свайго служэння свяшчэннікі і духоўныя настаўнікі. Таму князь аказваў пастаянную падтрымку школам, якія сталі ўзнікаць у канцы XVI ст. пры праваслаўных брацтвах; асабліва цесныя адносіны ў яго склаліся з Львоўскай і Віленскай брацкімі школамі. Вядома, што ён заснаваў школы ў Тураве і Слуцку (1572). Як сведчаць украінскія гісторыкі ХІХ-ХХ стст., захаваліся дакументы, якія паведамляюць, што князь Канстанцін Канстанцінавіч падараваў тураўляніну Мітурычу зямлю, каб ён спраўляў царкоўную службу паводле грэчаскага закону, стварыў і трымаў прыходскую нядзельную школу. У 1588 і 1592 гг. князь спрыяў заснаванню праваслаўных школ на Палессі, ва Уладзіміры Валынскім і Львове.

Але найбольш праславілася на ўсіх усходнеславянскіх землях школа, заснаваная на сродкі князя ў яго родавым памесці Астрог каля 1576 года. Першую згадку пра Астрожскую школу мы сустракаем у прадмове да астрожскага «Буквара» Івана Фёдарава (1578), дзе друкар пісаў, што князь Канстанцін Астрожскі разам з друкарняй загадаў пабудаваць і школу для навучання дзяцей і асабіста заняўся пошукам «мужей в божественном писании искусных, в греческом и латннском паче и в русском языце умелых».

Астрожская школа ці акадэмія, як яе называлі сучаснікі, мела трохступенны характар, злучала ў сабе элементарную (пачатковую) і сярэднюю школы, з пачаткамі вышэйшай. У аснову праграмы навучання была пакладзена заходнееўрапейская сістэма «сямі вызваленых навук», вывучаліся граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка. Галоўная ўвага ўдзялялася вывучэнню грэчаскай і царкоўнаславянскай моваў. У школе выкладалася таксама філасофія і багаслоўе, што з'яўляецца сведчаннем наяўнасці элементаў праграмы вышэйшай школы.

Падручнікі для навучання рыхтавалаіся і друкаваліся таксама ў Астрогу. Непасрэдна пры школе і друкарні князь стварыў гурток адукаваных людзей, якія займаліся перакладамі, рыхтавалі да выдання і друкавалі вучэбную, павучальную, богаслужбовую літаратуру. Да гуртка належалі вядомы друкар Іван Фёдараў, пісьменнік Герасім Сматрыцкі, перакладчыкі і выдаўцы Васіль Суражскі і Цімафей Міхайлавіч; браты Дзям'ян і Ігнацій Налівайкі. Сюды часта наведваліся вучоныя грэкі— Дзіянісій Палеалог, будучы Канстанцінопальскі патрыярх Кірыл Лукарыс, Патрыяршы Экзарх Нікіфар. Усе гэтыя высокаадукаваныя людзі былі звязаны са школай, прымалі ўдзел у навучанні, што сведчыць пра яго высокі ўзровень.

Вядомы пісьменнік-палеміст Захарыя Капысценскі пісаў, што ў Астрогу былі «мовцы одному Демосфену ровныи… и иные различные любомудрцы. Найдовалися и докторове славныи, в греческом, словенском и латниском языке выцвичоныи». Са сцен Астрожскай акадэміі вышлі вядомыя царкоўныя і грамадска-культурныя дзеячы, пісьменнікі-палемісты і перакладчыкі. Сярод іх — Клірык Астрожскі, аўтар пісьмаў-адказаў Іпацію Пацею; Мялецій Сматрыцкі — епіскап і вядомы пісьменнік-палеміст; Захарыя Капысценскі — пісьменнік-палеміст; Іоў Барэцкі — Кіеўскі мітрапаліт, перакладчык і пісьменнік; Сцяфан Зізаній — педагог і царкоўны прапаведнік; Андрэй Рымша — вядомы беларускі паэт, заснавальнік панегірычнага жанру і інш.

Астрожская акадэмія праіснавала, на жаль, адносна нядоўга і прыйшла ў заняпад хутка пасля смерці князя-мецэната. Але якраз яна стала тым надзейным фундаментам, на якім пачалося шырокае абнаўленне праваслаўнай асветы канца XVI — першай паловы XVII стст. на беларускіх і ўкраінскіх землях.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.