Запавет нашчадкам

Благаверны князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі дажыў да глыбокай старасці і спачыў пас-ля праведных спраў 13 (26) лютага 1608 года. Апошнія гады ён жыў у родавых замках Крупы і Дубна. Пасля спачыну яго цела было перавезена ў Астрог і пахавана ў Богаяўленскай замкавай царкве. Смерць яго выклікала глыбокі смутак усіх праваслаўных, але нават у ворагаў светлы вобраз змагара за веру сваіх бацькоў выклікаў міжвольную павагу.

У сваім завяшчанні князь, акрамя клопату пра двух сваіх сыноў, паміж якімі ён раздзяліў свае ўла-данні, значную колькасць земляў і паселішчаў завяшчаў архіерэйскім'кафедрам, манастырам і пры-ходскім цэрквам.

У малітоўным звароце да Багародзіцы стаць сапраўднай Ахоўніцай і Уладычыцай беларускага і ўкраінскага народаў князь Канстанцін Канстанцінавіч падарыў родавую ікону Дубенскай Адзігітрыі Спаса-Праабражэнскаму манастыру, пабудаванаму яго продкамі ў г. Дубне. Пазней манастыр быў пераўтвораны ў прыходскую царкву. Але непашкоджанаю захавалася на працягу стагоддзяў цудадзейная ікона — сведка асаблівага нацыянальнага падзвіжніцтва, пабожнасці дому князёў Астрожскіх.

У гісторыі славянства благачасцівы князь Канстанцін Канстанцінавіч з дому Астрожскіх вядомы як рэўнасны паборнік праваслаўнай веры, асветнік, абаронца спрадвечных інтарэсаў Айчыны.

Дзякуючы самаахвярнаму падзвіжніцтву, стойкасці ў праваслаўнай веры такіх знакамітых беларуска-ўкраінскіх магнацкіх родаў як Астрожскія, Слуцкія, Хадкевічы, Храптовічы, Ваньковічы, Саламярэцкія, Агінскія і іншыя, не толькі захавалася старажытная вера нашых продкаў, але і адбылося ў XVI — пачатку XVII стст. сапраўднае духоўна-асветніцкае адраджэнне, якое праявілася ў росце кнігадрукавання, пашырэнні школьніцтва, узнікненні новай царкоўна-палемічнай плыні пісьменства, якасна новым этапе станаўлення ўласнай багаслоўска-філасофскай школы. I па сённяшні дзень як да невычэрпнай духоўнай крыніцы звяртаюцца сучаснікі да падзвіжнікаў тых часоў за вопытам вернасці традыцыям продкаў, адданага служэння Веры, Царкве і Бацькаўшчыне.

Заслугі Канстанціна Канстанцінавіча і сёння ўшаноўваюцца ўдзячнымі нашчадкамі. У Беластоку (Польшча) заснаваны фонд імя князя Канстанціна Астрожскага. За значны ўклад у справу нацыянальнага і духоўнага Адраджэння медалём і ганаровай прэміяй імя Канстанціна (Васіля) Астрожскага кожны год ўзнагароджваюцца рупліўцы на роднай ніве Святога Праваслаўя.
У гэтым 1998 годзе Праваслаўная Царква, навуковая і культурная грамадскасць Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы адзначае 390-годдзе з дня праведнай канчыны праваслаўнага князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага. Па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў дзень памяці князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага 26 лютага будзе адпраўлена паніхіда і праведзены ўрачысты сход. А на пачатку мая 1998 года адбудуцца Епархіальныя навукова-багаслоўскія чытанні «Канстанцін Астрожскі — славуты асветнік і паборнік Праваслаўя».

Лідзія Кулажанка, Таццяна Матрунчык, Алена Яскевіч, супрацоўнікі Лабараторыі Царкоўнай Гісторыі Брацтва Трох Віленскіх Мучанікаў пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г.Мінска
 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.