Цудадзейныя іконы Беларусі

Багаслоўскі змест іконы як “акна ў свет нябесны” сягае ў спрэчкі аб прыродзе Фаворскага святла. Іконы, як сапраўдныя вокны ў свет духоўны, давалі магчымасць вернікам вонкава пабачыць насельнікаў Вышэйшага Неба як носьбітаў водблескаў Фаворскага Божага святла. Таму ў адрозненні ад заходняй традыцыі, на Хрысціянскім Усходзе не Ражджаство Хрыстовае, а Пасха Гасподняя (Вялікдзень) лічылася найвялікшым хрысціянскім святам, як усведамленне таго, што чалавечы дух змог узняцца да найвышэйшых “горніх” вяршыняў, толькі дзякуючы Уваскрасенню Хрыстову1.

Акном, якое звязвае свет нябесны і зямны, стала, па словах свяціцеля Грыгорыя Паламы,Божая Маці: "Заўжды Дзева Марыя  мяжа створанай і нястворанай прыроды, і Яе, як умясцілішча Неўмясцімага, будуць ведаць тыя, хто ведае Бога, і ўсхваляць Яе пасля Бога тыя,хто ведае Бога» ("Слова на Благавешчанне")2 .

Першыя іконы Багародзіцы, паводле Царкоўнага Падання, былі напісаны апосталам і евангелістам Лукою пасля Пяцідзесятніцы ў Сіёнскім Хораме непасрэдна з Самой Царыцы Нябеснай. Яна, пабачыўшы Сваю святую выяву, прамовіла: "Благадаць Народжанага ад Мяне і Мая з гэтай іконаю будзе"3. Як сведчаць царкоўныя гісторыкі, сам евангеліст Лука напісаў тры іконы, ці, дакладней іконы Багародзіцы трох тыпаў: "Замілаванне", "Адзігітрыя" і БожуюМаці ў Дэісусе, звернутую да Хрыста з малітваю.

З 70 ікон, напісаных евангелістам Лукою, на Афоне і Захадзе захавалася 21 святыня, у Рыме 8, на ўсходнеславянскіх землях 10. Гэтыя святыні спіскі, дакладней “спіскі са спіскаў” ікон, напісаных некалі евангелістам. У чыне святкавання многіх цудадзейных ікон згадваецца вышэйпамянёнае благаславенне Божай Маці.

Сусветная іканаграфія ведае 700 назваў ікон Багародзіцы. Сярод іх марыялогія вылучае наступныя тыпы: Аранта (“Знаменне”), Адзігітрыя (“Шляхаводніца”), Еляуса (“Замілаванне” і Акафістная. Вылучаецца асобна іканаграфічны тып Агіёсарытыса (“Нявеста Ненявестная”) Багародзіца без Дзіцяці Хрыста.

                                                                       * * *
Адзігітрыя ЭфескаяЦудадзейныя святыні дапамагалі падзвіжніцкай дзейнасці ігуменні зямлі Беларускай Еўфрасінні Полацкай. Святая Еўфрасіння атрымлівала дапамогу і ад цудадзейных ікон Божай Маці. У яе келлі, у чым можа пераканацца сучасны наведвальнік, знаходзілася дакладная копія Чанстахоўскай Адзігітрыі ў кароне. Іконай жа Еўфрасінні Полацкай лічыцца Адзігітрыя Эфеская, вядомая таксама пад назвай Карсуньская, альбо Тарапецкая. Натхнёная добрым імкненнем асвяціць Полацкую зямлю адной з трох цудадзейных ікон Божай Маці, напісаных евангелістам Лукою з Царыцы Нябеснай у Іерасуліме, Царградзе і Эфесе, Еўфрасіння Полацкая ў час знаходжання ў Іерусаліме звяртаецца да імператара Мануіла Комніна, і патрыярха канстанцінопальскага Лукі Хрысаверга з просьбаю каб «адпусцілі цудадзейную ікону ў Полацк». 3 Эфескай Адзігітрыі была напісана дакладная копія. Зазначым, што ў Праваслаўнай Царкве копія ўшаноўваецца не меней за арыгінал і мае яго сілу.

Паводле жадання прападобнай Еўфрасінні, ікона, упрыгожаная залатой шатаю і каштоўнымі камянямі, была пастаўлена ў полацкім Спаскім храме. Менавіта Еўфрасінняй Полацкай быў пакладзены пачатак звычаю абносіць хрэсным ходам Эфескую Адзігітрыю па полацкіх храмах у аўторак Светлай Сядміцы дзень, калі яна была прынесена ў горад. Назва іконы Карсуньская тлумачыцца паданнем, што нібыта на шляху ў Полацк Адзігітрыя затрымалася ў Херсоне каля года. Існуе прыгожая легенда, што Аляксандр Неўскі і яго жонка полацкая князёўна Брачыслава ў час шлюбу (1239) ва ўдзельным крывіцкім горадзе Тарапцы атрымалі благаславенне ад мясцовай Эфеска-Тарапецкай Адзігітрыі. Дакладна вядома, што ў 1563 г. пры ўступленні ў Полацк войскаў Іаана IV, насельніцы полацкага манастыра перабраліся разам з цудадзейнай іконай у больш небяспечны горад ВКЛ Тарапец. У Полацк святыня не вярнулася, бо загадам Стафана Баторыя ў захопленым горадзе ўсе манастыры аддаваліся іезуітам. 3 тых часоў Эфеская Адзігітрыя ахоўвала горад ад ворагаў і моравых эпідэмій (1831, 1853, 1898 гг), прымала ў дар срэбны напрастольны крыж а. Міхаіла Раманава (1641), грошы на адбудову храма ў гонар Карсуньскай іконы Багародзіцы, дасланыя ў 1676 г. Аляксеем Міхайлавічам4. Цяпер выява Эфескай Адзігітрыі ўпрыгожвае сцены мінскага Марыі-Магдалінінскага храма, іншыя храмы Беларусі.

                                                                       * * *
Купяціцкая ікона-крыж Прасвятой БагародзіцыСярод святыняў, якія былі сапраўднымі апекунамі Палесся, Холмскай, Дубенскай (родавай іконай князёў Астрожскіх), Чанстахоўскай асабліва ўшаноўваецца вернікамі Купяціцкая ікона-крыж Прасвятой Багародзіцы.

Купяціцкая цудадзейная ікона Багародзіцы належыць да вельмі старажытнага іканаграфічнага тыпу, у якім сумяшчаюцца рысы Адзігітрыі з сюжэтным фонам і фактураю Укрыжавання. Ікона была яўлена ў 1182 годзе ля ракі Ясельды, што на Піншчыне. Дзяўчынка Ганна пасвіла статак, заўважыла незвычайнае святло: на дрэве вісеў крыж з выявай аблічча Божай Маці. Дзяўчынка аднесла крыж дадому, схавала святыню і вярнулася да статка. Але на тым жа месцы яна ізноў пабачыла крыж. Ганна павесіла крыж на шыю. Увечары, прыгнаўшы статак, яна хацела паказаць крыж бацьку, але святыня знікла. Разам з бацькам яны пайшлі шукаць крыж у лесе. Крыж ізноў вісеў на дрэве. Яны аднеслі крыж дадому, але на другі дзень святыня знікла зноў. Бацька і дачка абвясцілі пра гэта жыхарам вёскі. На ўказаным месцы вяскоўцы пабачылі цудадзейны крыж у незвычайным ззянні. Там неўзабаве збудавалі драўляную царкву. Туды ж з урачыстым малебнам перанеслі святыню. У смутныя часы крыж бараніў вяскоўцаў ад варожых нашэсцяў.

Аднойчы татары спалілі Купяціцкую царкву. Падарожнага Іаакіма ўразіла святло, што ішло з зямлі. Разгледзеўшыся ён пабачыў сярод попелу крыж. Пілігрым паведаміў пра знаходку жыхарам вёскі, яны, узрадаваныя, са святаром прызналі сваю святыню, якую агонь зусім не пашкодзіў. У прарочым сне Багародзіца загадала пілігрыму Іаакіму аберагаць Яе ікону5. У адбудаваным храме падарожны Іаакім падвізаўся панамаром.

Летапісы данеслі да нас сведчанні пра іншыя цуды ад Купяціцкай іконы-крыжа. Неяк злодзей надумаў абрабаваць царкву, а панамара забіць. Як толькі ён памысліў гэта, то страціў моц у руках. Пасля пакаяннага малення яго рукі аджылі. Выбаўляла Купяціцкая святыня сваё селішча і ад маравой язвы. У 1629 г. пры Купяціцкай царкве быў заснаваны мужчынскі манастыр. Манастырскаму пекару Грыгорыю за ягонае бяссрэбраніцтва Прасвятая паведаміла дакладны час спачыну, каб ён змог спавядацца і прычасціцца Святых Хрыстовых Тайнаў. Неаднойчы атрымлівалі ацаленні ад Купяціцкай святыні беснаватыя, хворыя і нямоглыя. Купяціцкая святыня сталася і мудраю выхавацелькай, неаднойчы выпраўляла норавы людзей свайго краю.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.