Цудадзейныя іконы Беларусі

Згодна старажытнай хрысціянскай традыцыі Сафія Вітаўтаўна прыбыла ў Масковію з цудадзейнымі іконамі. Адна з іх "Благадатнае Неба", на якой Багародзіца яўлена ва ўвесь рост, са скіпетрам, як на іконе "Прызры на змірэнне", Дзіцятка Хрыстос сядзіць на левай руцэ, Дзева Марыя і Хрыстос каранаваныя. Цудадзейная ікона "Благадатнае Неба" надзвычай ушаноўвалася святарствам і вернікамі. Яна традыцыйна змяшчалася ў Архангельскім саборы —злева ад Царскіх Варотаў.

                                                           * * *
Пра тое, што наяўнасць цудадзейнай святыні ў дзяржаве лічылася неабходнай адзнакай яе дабрабыту, сведчыць наступны гістарычны факт. У 1456 годзе пры Васілі Цёмным смаленскі епіскап Місаіл з іншымі шаноўнымі грамадзянамі, што прыбылі ў складзе світы польскага караля Казіміра ў Маскву да вялікага князя, прасіў адпусціць ікону Адзігітрыі ў Смаленск.
 
Вялікі князь пасля рады са святарствам і баярамі вырашае, што нельга трымаць святыню ў палоне, загадвае зрабіць з яе спісак, паставіць у Благавешчанскім саборы, а цудадзейную ікону адпусціць у Смаленск. Пасля літургіі і малебна мітрапаліт і святарства хрэсным ходам у суправаджэнні вялікага князя з сям’ёй, войскам і шматлікімі вернікамі са слязамі праводзілі ікону Уладычыцы да Савіна манастыра. На гэтым месцы пазней быў збудаваны ў 1524 г. пры вялікім князі Васілі Іванавічы знакаміты Навадзевічы манастыр, у памяць далучэння Смаленска да Расіі, дзе і была размешчана копія цудадзейнай іконы. У 1666 г. маскоўская копія іконы паднаўлялася. У 1727 г. для іконы будуецца царква Ражджаства Багародзіцы – над- Варотамі. У 1808 г. вызалачаны аклад іконы паднаўляецца і ўпрыгожваецца.

У час нашэсця Напалеона, калі на землях Беларусі загінуў кожны другі жыхар, Смаленская Адзігітрыя суправаджала войскі як найкаштоўнейшая і самая надзейная дапамога ад Бога. Па загадзе Кутузава святыня была вернута ў Смаленск 5/18 лістапада, у гэты дзень і вырашылі святкаваць выгнанне ворагаў з Айчыны пры дапамозе і заступніцтве Прасвятой Багародзіцы.
 
На іконе Божая Маці яўлена ў палову роста, па пояс; правая рука яе ляжыць на ўзроўні грудзей, левая — падтрымлівае Дзіцятка Хрыста, які ў левай руцэ трымае світак, а праваю благаслаўляе. Верхняе адзенне Царыцы Нябеснай мае колер цёмна-кафейны, сподняе — цёмна-сіні, адзежа Сына — цёмна-зялёная з пазалотаю. На адваротным баку іконы змешчана Укрыжаванне з грэчаскім надпісам.

Пскоўскі спіс Адзігітрыі Смаленскай праславіўся цудадзейным выцячэннем слёз, гусцейшых за ваду. Святое выцячэнне слёз з іконы адбывалася ў царкве двойчы на год 2/15 лютага і 18/31 мая ў прысутнасці пскоўскага епіскапа Макарыя і вернікаў. На дошцы ля іконы захаваўся надпіс: "Лета 7158 (1650), месяца февраля 5, маія 2 і 18 отъ сея чудотворныя іконы отъ деснаго ока ея слёзы течаху".

Пра цесныя сувязі Смаленшчыны з Наўгародчынай сведчыць цудадзейная Смаленска-Наўгародская Адзігітрыя, што пастаўлена ў Спаса-Праабражэнскай царкве г. Ноўгарада. Святыня была нанова яўлена 3/16 ліпеня 1831 г., калі ў нішы перад уваходам у халодную царкву адвалілася частка шпалеры. Ікона знаходзілася перад галоўным уваходам у храм на арцы і мела выгляд фрэскавага жывапісу XIV ст., лікі і малюнак здзіўлялі дакладнасцю. Сама Царыца Нябесная ў 1642 г. у сне загадала архімандрыту Андрыяну са Свята-Троіцкай Лаўры асвяціць Яраслаўль Смаленскай Адзігітрыяй і пакінуць гораду яе копію.

Смаленская Адзігітрыя шырока ўшаноўваецца ва ўсіх кутках і населеных пунктах Беларусі.

                                                                       * * *
Васількаўская ікона Божае МаціСярод месцачцімых ікон свяціцель Дзімітрый Растоўскі і яго настаўнік архіепіскап Лазар Барановіч асабліва ўшаноўвалі Васількаўскую ікону Прасвятой Багародзіцы, якая,паводле іканаграфічнага тыпу, адносіцца да цыкла "Памякчэнне злых сэрцаў" і "Сімяонава прароцтва". На іконе Багародзіца моліцца, і, паводле прароцтва Сімяона Богапрыімца, Яе працінае меч пакутаў. Цнатлівым позіркам, поўным святой чысціні і высакародства, Васількаўская ікона родніцца з Віленска-Вострабрамскай святыняй.

Паводле старадаўняга падання, у сярэдзіне XV ст. ваколіцы беларускага горада Васількава, што на Беласточчыне, былі скрозь у лясных гушчарах. У гэтым лесе, пакінуты правадыром-дзяўчынкаю без ежы і прытулку, маліў Царыцу Нябесную аб дапамозе гаротны старац Васіль. Нарэшце, змучаны, ён заснуў. У празрыстым сне пабачыў Божую маці, якая, суцяшаючы яго, сказала: "На тым месцы, дзе ляжыш, рассунь рукою лісце, раскапай пясок — і знойдзеш ваду; ёю прамыеш вочы, веруй — і ацалішся." Усё гэтак і здарылася. Хворы стаў відушчым і ўбачыў перад сабою дакладную выяву сваёй Уратавальніцы. Для яўленай іконы быў зроблены часовы храм-каплічка; паслушнік Васіль вырашыў сваё жыццё прысвяціць Царыцы Нябеснай.

У царкоўных метрыках гэтая драўляная царква называецца "Святая Вада". Адбудаваная яна была за адзін тыдзень у 1719 годзе супрасльскім папяровых спраў майстрам Васілём, які страціў зрок, але ў сне яму было прадказана, што ён атрымае ацаленне пасля малення перад іконаю Божай Маці ў мястэчку Святая Вада. Васіль усё выканаў і ацаліўся, гэта здарылася ў дзесятую пятніцу пасля Вялікадня. Ацаляльная крыніца была пакінута пры царкве. У 1864 годзе, у скрусе за ахвяраў паўстання, замест старога драўлянага храма была пабудаваная каменная царква. Цудадзейная ікона знаходзілася ў алтары і выносілася на сярэдзіну храма ў час малебнаў. Захаваліся лірніцкія і багамольскія песні, прысвечаныя мясцоваму ўшанаванню гэтай цудадзейнай іконы.Святкаванне Васількаўскай іконы адбываецца ў дзесятую пятніцу пасля Пасхі.

                                                           * * *
Цудадзейная ікона “Жываносная Крыніца” ўзыходзіць да раннехрысціянскіх часоў. У пятніцу першага тыдня Вялікадня адбываецца святкаванне абноўленага храма Прасвятой Багародзіцы "Жываносная Крыніца", які ўзвёў імператар Леў І ў V ст. (457 г.) пры крыніцы.
 
Пра гісторыю адкрыцця цудадзейнай крыніцы апавядаў Мікіфар Каліст у XV ст., аўтар Паследавання богаслужэння на свята абнаўлення храма Жываноснай Крыніцы.

Гісторыя цудадзейнай іконы “Жываносная Крыніца” багатя. У Царградзе, ля Залатой брамы быў гай у гонар Божай Маці. Ацаляльную крыніцу зацягнула ціна. Неяк, ідучы праз гэтае святое месца, вой Леў Маркел сустрэў сляпога, які заблукаў у гаі. Вой адвёў сляпога ў цень і пайшоў шукаць вады. І раптам пачуў голас: " Ідзі пад засень гэтага гаю, зачарпні вады, якую ты там знойдзеш, спаталі смагу аслеплага;цінаю, якую ты знойдзеш у крыніцы, памаж яго вочы. Потым даведаешся ты, хтоЯ, Якая даўноасвячае гэтае месца. Я дапамагу табе тут збудаваць храм у Маё Імя. Кожны, хто будзе прыходзіць сюды, і з вераю заклікаць Імя Маё, той атрымае ацаленне ад хваробаў і здзяйсненне сваіх малітваў." Калі Леў выканаў параду Царыцы Нябеснай, то аслеплы празрэў і без чужой дапамогі пайшоў у Царград, услаўляючы літасць Божую.

Промыслам Божым вой Леў Маркел стаў імператарам (457—473). Ён кіраваў працаю паачышчэнні крыніцы і збудаваў храм у гонар Багародзіцы. Многія па веры ў Госпада ацаляліся ад хваробаў, калі звярталіся з прашэннем да Божай Маці аб дапамозе.

Шматлікія вернікі, сярод іх цары і патрыярхі, заможныя і простыя людзі, хрысціяне і магаметане, увесь час сведчылі пра цудадзейныя ацаленні, хуткую дапамогу ад крыніцы і святыні іконы "Жываносная Крыніца".

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.