Цудадзейныя іконы Беларусі

На Беларусі надзвычай часта (у Жыровічах, Гайнаўцы, Грабарцы і інш.) назіралася яўленне цудадзейных ікон побач з ацаляльнымі крыніцамі, як у выпадку з грэчаскай “Жываноснай Крыніцай”.

                                                           * * *   
Крупецкая ікона Божае Маці  «Адзігітрыя»Недзе на пачатку XVII ст. была яўлена цудадзейная ікона Багародзіцы ў мястэчку Крупцы, што ў ваколіцах Мінска. Паводле лацінамоўнага сведчання на адваротным баку іконы, вядома, што з 1612 г. у гонар іконы Крупецкай Адзігітрыі была збудавана каплічка. Каля месца з'яўлення Крупецкай Адзігітрыі забруіла цудадзейная крынічка. Шматлікія аслеплыя і хворыя на вочы шукалі ацалення ля гэтай крыніцы.

У XVIII ст. ікона была ўпрыгожана срэбранымі каронамі і прыпісана да мінскай Свята-Ўваскрасенскай прыхадской царквы. У 1818 годзе, калі настаяцелем Свята-Ўваскрасенскага храма быў а. Пётр Сіткевіч, крупецкая святыня атрымала срэбраную шату. У 1856 г. губернатарам Фядотам Шклярэвічам з благаславення архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Міхаіла на месцы капліцы закладаецца царква, на пабудову якой народ ахвяруе грошы. За два гады на дабрачынныя грошы адбудова царквы завяршаецца. 25 сакавіка/ 7 красавіка 1861 года стараста мінскага Свята-Екацярынінскага сабора Аляксандр Свечнікаў з жонкаю падарылі іконе новую залачоную шату з вянцом, упрыгожаным каштоўнымі камянямі9.

Па благаславенні праасвяшчэннага Валаама з 1884 г. жыхарамі сталіцы пачалі ладзіцца хрэсныя хады на свята прастольнае Пакрова Бажая Маці з перанясеннем цудадзейнай іконы з Крупцоў да царквы мінскага архіерэйскага падворку (сучасны Дом афіцэраў). На працягу зімы да яе ішлі багамольцы, у маі святыню хрэсным ходам вярталі ў Крупцы, дзе яна знаходзілася ўсё лета. Такі пабожны звычай захоўваўся да 1917 года.У 1924 годзе царкву зачыняюць. З 1925 года крупецкая святыня знаходзілася ў Свята-Екацярынінскай царкве. 3 1927 па 1936 год ікона асвячае сваёй прысутнасцю Свята-Петра-Паўлаўскі сабор.   

У вайну падвізаўся пры цудадзейнай крыніцы ў Крупцах пабожны старац. Дзякуючы яго паслушанню многія вернікі да вайны і ў вайну, нават пасля складаных аперацый, атрымлівалі ацаленні. У часы вайны цудадзейная ікона знікла.

21 лістапада 1992 года брацтва ў гонар Архістраціга Міхаіла паставіла ля крыніцы крыж. 3 мая 1993 г. па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Уладыкі Філарэта ў Крупцах у нядзельныя дні служыцца малебен з вадасвяццем.

У кастрычніку таго ж года быў зарэгістраваны Свята-Пакроўскі прыход, пачаліся заняткі ў нядзельнай школе. 20 сакавіка была адслужана Святая Літургія. Цяпер, пасля адбудовы ў студзені 1995 года драўлянай царквы ў Крупцах, многія вернікі г. Мінска і яго ваколіц на святы Вадохрышча, Іаана Хрысціцеля, Троіцу, Пакроў Багародзіцы з асаблівым замілаваннем і шчымліваю надзеяй наведваюць святую крыніцу і храм.

                                                                       * * *
ікона Божай Маці "Неўвядальная Квецень"У шматлікіх благовешчанскіх іконах кветкі ў руках Багародзіцы сімвалізуюць духоуныя дары. Шырока распаўсюджаная і ікона Божай Маці "Неўвядальная Квецень", дзе Прачыстая адной рукой падтрымлівае Дзіцятка-Хрыста, у другой руцэ — прыгожая лілея, якая сімвалізуе цнатлівасць, чысціню, спрадвечнае дзявоцтва Царыцы Нябеснай. Гэты сюжэт развівае Кіпрская ікона Бажая Маці, дзе з двух бакоў ад Дзевы Марыі з Хрыстом стаяць святыя Ангелы з лілеямі. Даброты святой і чыстай душы Царыцы Нябеснай сімвалізуе нават скіпетр з кветак на іконе "Благоуханный Цвет", атачэнне з кветак на Жыровіцкай іконе "Замілавання".

                                                * * *
У Маскоўскім Крамлі захавалася прывезеная Аленай Глінскаю з Вялікага Княства Літоўскага ікона Благавешчання. Існуе паданне, што ў часы Івана IV гэтая ікона ўратавала вязня ад смерці. Імператрыца Ганна Іаанаўна пры ўступленні на прастол у 1731 годзе збудавала храм у гонар цудадзейнай Благавешчанскай іконы.

3 дзяцінства многія памятаюць пабожны звычай адпускаць на волю жывых птушак, а знаёмым і блізкім дараваць спечаных птушачак, як знак надыхода цёплай пары года, абуджэння прыроды да лета. Свята Благавешчання асабліва ўшаноўваецца ў народзе, нездарма многія дзяржавы абвяшчалі гэты дзень нацыянальным святам незалежнасці. Вернікі звязваюць са святам Благавешчання надзеі на добрае і радаснае, мудрае і плённае.

                                                           * * *
Святы Грыгорый Сінаіт сцвярджае, што "пачатак і прычына жарсцей ва злоўжыванні; пачатак злоўжывання — схільнасць; пачатак схільнасці — жаданне, якое робіцца звычкаю; выпрабаванне жадання ў замацаванні спакусаю, а гэта ад злога, яму Госпадам даецца права выпрабаваць моц нашай улады над сабою”10. Да такіх жарсцей, якія падпарадкоўваюць волю чалавека належыць п'янства. У 1878 годзе Гасподзь дасылае такую цудадзейную ікону “Неўпівальная Чаша”, каб пазбавіць вернікаў гэтай заганнай звычкі і наблізіць іх да Царства Божага. Паводле іканаграфічнага тыпу "Неўпівальная Чаша" належыць да тыпу Аранты: Бажая Маці малітоўна ўзводзіць рукі, Богадзіця яўлены стоячым у Чашы, сімвалізуе Таінства Прычасця, Дзева Марыя і Дзіцятка Хрыстос — гэта Чаша нябеснай любові і літасці да кожнага, хто па словах Псалмапеўца Давіда, просіць дапамогі стаць на шлях Божы11. Цудадзейная ікона Багародзіцы "Неўпівальная Чаша" ўзыходзіць да Нікейскага першаўзора, вядомага з 304 года, над якім айцы Першага Ўсяленскага Сабора пастанавілі спяваць: "Бысть чрево Твое святая трапеза имущая Небеснаго Хлеба, Христа Бога нашего"12.

                                                           * * *
Пра незвычайную сілу міласэрнасці Царыцы Нябеснай сведчыць ікона Божай Маці “Скорапаслушніца”, яўленая ў 1664 годзе на Афоне ў Дахіярскім манастыры трапезару Нілу. За няўважлівасць яго да іконы, абыякавасць да прашэння Царыцы Нябеснай: не набліжацца даЯеіконы з запаленаю лучынаю і капціць яе,— манах быў пакараны хваробаю вачэй і аслеп. Няспынныя маленні манаха перад цудадзейнай іконаю былі пачутыя Дзевай Марыяй; Яна прамовіла: "Ніл! Пачута твая малітва — табе дасылаецца цараванне, паведамі браціі, што Я — іх Пакроў, прамышленне і абарона абіцелі. Няхай жа ўсе хрысціяне звяртаюцца да Мяне ў патрэбах, і Я не пакіну нікога. Маленні іх будуць выкананы Сынам і Богам Маім дзеля Майго хадайніцтва перад Ім. З гэтых часоў ікона Мая будзе мець назву "Скорапаслушніца", бо Я буду спрыяць хуткай дапамозе ў здзяйсненні прашэнняў усіх, хто звяртаецца да яе"13.

                                                           * * *
Паводле старажытнай візантыйскай традыцыі, многія хрысціяне на пачатку кожнага года звяртаюцца да цудадзейнай іконы Багародзіцы "Памякчэнне злых сэрцаў", спадзеючыся, што Царыца Нябесная Сваёй найвялікшай літасцю напоўніць сэрцы нашых ворагаў сяброўскімі пачуццямі, сэрцы зайздроснікаў спрыяннем і клопатам пра нас, сквапных людзей зробіць шчодрымі, жорсткіх — чулымі. Вернікі лічаць, што кожны новы год Божая Маці і Збаўца наш Іісус Хрыстос распачынаюць шчырым маленнем аб памнажэнні любові ў свеце, гэтай найвялікшай сіле, якая нітуе і ўтрымлівае ўсё створанае ў гарманічнай еднасці.
 
Ікона "Памякчэнне злых сэрцаў", ці "Сімяонава прароцтва" з'яўляецца іканаграфічным адлюстраваннем прадказання святога 360-гадовага старца Сімяона Богапрыімца, які па настаўленні Святога Духа на 40-ы дзень пасля нараджэння Дзіцяткі Хрыста прыйшоў у храм, каб пабачыць доўгачаканага іудзейскім народам Месію.

Да іканаграфічнага тыпу "Сімяонава прароцтва" даследчыкі адносяць іконы "Памякчэнне злых сэрцаў", "Сямістрэльная", "I Табе Самой душу пройдзе зброя", "Страстная", "Васількаўская".
 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.