Цудадзейныя іконы Беларусі

                                                                       * * *   
Паводле летапісаў, Цэсарска-Бароўская Адзігітрыя была яўлена ў першай палове XII ст. для абароны мясцовага люду ад крыжакоў і татараў. Месца яўлення святыні — царква-усыпальніца мястэчка Усвят Бароўскага павету на Віцебшчыне. Ікона — дакладны іканаграфічны варыянт старажытнай Цэсарскай Адзігітрыі, вядомай сваімі цудадзейнымі ацаленнямі з 792 года (зараз гэтая ікона знаходзіцца ў левым баку алтара на горным месцы Благавешчанскага храма маскоўскага Крамля). Старабеларуская Цэсарская Адзігітрыя была яўлена ў селішчы Бор, і атрымала назву Цэсарска-Бароўскай. Праз некаторы час святыня пераносіцца ў мястэчка Усвят і ставіцца ў Спаса-Праабражэнскі храм. Захавалася шмат пісьмовых сведчанняў і багамольскіх песень пра ацаленні і дапамогу ад іконы Божай Маці Цэсарска-Бароўскай.

У 1859 годзе ва Усвяце і яго ваколіцах надарылася эпідэмія халеры, ад якой штодня паміралі многія жыхары. Згубіўшы спадзяванне на чалавечую дапамогу, жыхары звярнуліся да Царыцы Нябеснай. З глыбокай вераю яны абышлі хрэсным ходам з цудадзейнай іконаю свае мясціны. У той жа дзень эпідэмія халеры спынілася. Пасля другога хрэснага хода, у якім прымалі ўдзел ледзь не ўсе насельнікі павета, амаль усе хворыя ацаліліся. У тым жа годзе Святы Сінод задаволіў прашэнне жыхароў Усвята і пастанавіў ушаноўваць ікону Божай Маці Цэсарска-Бароўскую як цудадзейную мясцовашанаваную. Удзячныя жыхары Усвята падаравалі іконе Багародзіцы срэбраную шату, вызалачаныя вянцы-кароны Царыцы Нябеснай і Збаўцу Хрысту, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі, такія ж камяні таксама абрамлялі аклад18. На іконе быў зроблены вызалачаны надпіс пра ўдзячнасць усвяцкіх жыхароў Божай Маці і звесткі адносна ацаленняў мясцовага люду ад страшэннай эпідэміі.
         
Ікона Божае Маці  «Памнажэнне розуму»Згодна рэлігійнаму вераванню хрысціян у Прасвятую Дзеву як Хадайніцу перад Богам-Айцом і Збавіцелем нашым Іісусам Хрыстом аб дараванні людзям дабротаў духоўных і цялесных, між якімі азарэнне розумам і мудрасцю займае належнае месца, асабліва шануецца ў славянскім свеце (і на Беларусі ў тым ліку) цудадзейная ікона "Памнажэнне розуму". Ва ўсёй паўнаце апеку Нябесную над чалавечым жыццём, учынкамі, розумам адлюстроўвае ікона "Прамудрасці Божай Святой Сафіі" у той час як ікона "Памнажэнне розуму" ў адносінах да самога чалавека прымае маленні аб дараванні розуму і абачлівасці, працалюбства летуценным, гарэзлівым, лянотным дзеткам.

Нездарма менавіта святы Ражджаства Хрыстовага і Новы Год дні асаблівага ўшанавання гэтай іконы — дні сямейнай еднасці і шчаслівай гармоніі, калі душы дарослых упадабняюцца дзіцячым, а дзіцячыя — ангельскаму стану. У такі цудадзейны час бацькі просяць розных дабротаў для дзетак, а найперш, мудрасці, розуму, прагі да ведаў зямных і нябесных.

Асаблівасць іканаграфічнага канона святыні у спалучэнні элементаў ікон "Замілаванне", "Прамудрасці Божай" і "Усецарыцы". Багародзіца і Дзіцятка Іісус маюць царскія вянцы на галовах, Гасподзь благаслаўляе праваю рукою, а ў левай трымае дзяржаву. Божая Маці і Дзіцятка Іісус як бы сплеценыя разам, іх галовы знаходзяцца наверсе ўсечанага эліпсіса з палоскамі-паскамі, між якімі знаходзяцца размаітыя ўпрыгожанні камянямі, жэмчугам і карункамі. Відаць, усе гэтыя ўпрыгожванні ўзніклі пазней, а спачатку на выяве была Багародзіца ва ўвесь рост з Дзіцяткам Хрыстом на руках. З абодвух бакоў на іконе знаходзяцца ўкленчаныя на аблоках Ангелы з запаленымі свечкамі (як сімвалы ведаў). У падножжа выявы Багародзіцы і Божага Сына — Херувім з распрасцёртымі крыламі. Мудрасць Бога-Айца сімвалізуюць тры шасцікрылыя Серафімы.
 
Святыя выявы вылучаюць даброты: дапамагаюць хворым, дасылаюць цуды знявераным, праслаўляюць прароцтвамі падзвіжнікаў. Сярод такіх святынь цудадзейная ікона Багародзіцы "Гаючая", якая асабліва праславілася ў канцы XVII ст. На іконе Царыца Нябесная стаіць ля хворага, на вуснах аяго відаць малако. 3 гэтай выявай звязана наступнае царкоўнае падане.

Адзін пабожны клірык кожны раз пры ўваходзе ў царкву і пры выхадзе з яе звычайна ўкленчваў перад іконай Багародзіцы са словамі: "Радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою! СвятаУлонне, што выношвала Хрыста, і грудзі, якія насычалі Госпада Бога, нашага Збавіцеля!" Нечакана вернік гэты цяжка захварэў: у яго пачаў гнаіцца язык. Здаралася, што ад моцнага болю ён губляў прытомнасць, калі ж ён даходзіў да памяці, то ў думках зноў і зноў паўтараў малітву. Аднойчы пабачыў гаротны ў празрыстым сне прыгожага юнака Ангела-ахоўніка, які спачуваючы яму, звяртаўся да Божае Маці: “Міласэрная Уладычыца! Скіруй Свой Мацярынскі пагляд на пакутніка гэтага і ўратуй яго"19. Раптам з'явілася Божая Маці і, спачуваючы пакутніку, пакінула ўратавальную кроплю на вуснах хворага і стала нябачнаю. Гаротны неўзабаве адчуў сябе зусім здаровым, пайшоў у царкву. Здзіўленаму народу ён распавёў пра цуд Божай Маці. Такі выпадак цудадзейнага ацалення яўлены на іконе, святкаванне яе адбываецца 18 верасня (1 кастрычніка).

Ікона Божае Маці «Непарушная Сцяна»У алтары Кіеўскага Свята-Сафійскага сабора пад зводам горнага месца знаходзіцца старажытная мазаічная ікона Царыцы Нябеснай "Непарушная Сцяна", якая належыць да самых першапачатковых іканаграфічных тыпаў багародзічных выяў. Прачыстая знаходзіцца на залатым мазаічным фоне ва ўвесь рост з узнятымі рукамі ў шчырым маленні. На працягу дзевяці стагоддзяў ікона заставалася непашкоджанаю, таму і атрымала такую назву. У самыя цяжкія часы дасылала яна доўгачаканую дабрадатную дапамогу беларуска-украінскім   землям. На вялікім зводзе ва ўсю даўжыню і шырыню ідзе грэчаскі надпіс чорнай мазаікай наступнага зместу: "Бог пасярод Яе і нішто не пераменіцца: дапаможа Ёй Бог і раніцай і пасля таго”. У крыпце Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска знаходзіцца мазаічная выява іконы Багародзіцы “Непарушная Сцяна”. Беларускі народ у цяжкія часы, асабліва ў XVIII ст. у перыяд дзяржаўных падзелаў, эпідэмій шчыра звяртаўся за дапамогай да Божай Маці і заўсёды атрымліваў Яе падтрымку. Царыца Нябесная праз свае цудадзейныя святыні неаднаразова засцерагала і праведнікаў і грэшнікаў ад неабачлівых учынкаў. 

Ікона Божай Маці "Папераджальніца" знаходзіцца на Афоне ў Ватапедскім манастыры, у храме св. вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, прыбудаванага з паўночнага боку саборнай царквы.

Царкоўнае паданне даносіць да нас наступнае. Дачка візантыйскага імператара Феадосія Вялікага Плакідзія, пажадаўшы ўбачыць брата Аркадзія, уладара Канстанцінопаля, накіравалася ў 382 годзе з Рыма марскім шляхам у Царград. Па дарозе яна вырашыла спыніцца ў Ватапедскім манастыры, каб ушанаваць цудадзейную ікону Багародзіцы. Царэўна загадала кінуць якар ля Афонскай Гары. Ватапедскія інакі з шанаваннем выйшлі ёй насустрач. Даведаўшыся пра яе жаданне, інакі напалохаліся, бо разумелі, што гэта парушэнне статута Афонскай Гары, які забараняе ўваход на яе жанчынам, але яны паважалі і волю сястры свайго імператара. Плакідзія, захоўваючы глыбокае змірэнне, не пайшла за інакамі праз большую сярэднюю браму ў саборную царкву, а пажадала ўвайсці праз меншую паўночную браму. Як толькі яна наблізілася да храма, пачула голас: "Спыніся! Не ідзі далей, інакш будзеш моцна пакарана". Плакідзія жахнулася, усвядоміўшы важкасць правіннасці ў парушэнні манастырскага закону. Яна пала на зямлю, пралівала слёзы пакаяння і прасіла Багародзіцу прабачыць ёй грэх. Пасля яна даведалася, што некаторыя з жанчын, якія парушылі статут, былі пакараны раптоўнай смерцю, і таму ў падзяку за міласэрнасць Божую загадала збудаваць храм у імя вялікамучаніка Дзімітрыя. На тым месцы, дзе яна пачула патрабавальны голас, Плакідзія загадала намаляваць ікону Божай Маці, запаведала, каб перад гэтай іконаю запальвалася непагасная лампада. Такі звычай захоўваецца і цяпер. Ікона, яўленая Плакідзіі, атрымала назву "Папераджальніцы". І ў наш час, паводле старажытнага ўстава, на Афон не дапускаюцца жанчыны,

Дабрыня, уласцівая, славянам, была вялікай вартасцю, праз што здабыла ім асаблівую міласць Божую. А чысціню веры, пра якую гаварылі праведнікі, яны здабывалі любоўю. Чысціня ж цнатлівай душы Дзевы Марыі, Яе самаахвярная любоў да люду хрысціянскага, данесена да нас празшматлікія іконы "Замілавання". Да паяснога тыпу "Замілавання" належаць Патрыяршая і Гарбанеўская іконы Прасвятой Багародзіцы, якія асабліва ўшаноўваюцца ў Магілёўскай епархіі.

На іконе Божай Маці "Патрыяршая" Царыца Нябесная схіляе галаву да Сына Дзіцяткі Хрыста, Ён прыціскаецца да шчакі Сваей Маці. Ікона ўпрыгожана срэбнаю залачонаю шатаю з каштоўнымі камянямі.

Паводле летапісаў, адзін з уплывовых князёў мсціслаўскіх Сімяон (першая палова XII ст.) захварэў на вочы. Не здабыўшы лекаў зямных, ён звярнуўся да дапамогі нябеснай: князь горача маліўся Божай Маці. У празрыстым сне ён пабачыў старца, які, звярнуўшыся да князя, прамовіў: "Калі ты жадаеш ацаліцца ад сваёй слепаты, то ідзі ў пустынь, памыйся вадою з крыніцы, і атрымаеш жаданае ацаленне"20. Князь знайшоў крыніцу, прамыў свае вочы, і да яго вярнуўся зрок. Ён з удзячнаю малітваю падняў вочы і пабачыў поўную благадатнага святла ікону Божай Маці. Цудадзейная ікона была яўлена ў лісці ліпы, што расла над крыніцаю. На месцы ацалення ўдзячн князь пабудаваў каплічку, пазней иам паўстаў манастыр. Цудадзейная ікона ўрачыста была перанесена ў Пустынскі манастыр, што ў ваколіцах Мсціслаўля. У летапісах манастыра захавалася апісанне цудаў ад Патрыяршай іконы Багародзіцы, бо многія вернікі атрымлівалі, звярнуўшыся да святыні, ацаленні ад хваробаў. У Пустынскі манастыр ішлі хрысціяне праваслаўныя, каталікі, стараабрадцы, лютэране з ваколіц і аддаленых мясцін. У старажытных актах Успенскі манастыр Пустынскай абіцелі называлі "манастыром Святой Троіцы ў Пустынках", "Домам Прасвятой Багародзіцы". Князі Мсціслаўскія шчодра ахвяравалі на манастыр, асабліва ўшаноўвалі Патрыяршую ікону Божай Маці.

Да таго ж паяснога тыпу "Замілавання" належыць і дакладная копія Карсуньскай іконы, пісанай евангелістам Лукою і перанесеная князем Уладзімірам з Карсуні ў Кіеў у 988 годзе Гарбанеўская святыня. Назва іконы пайшла ад імя казака Горбаня, якому была яўлена цудадзейная ікона ў XVIII ст. Патрыяршую і Карсуньска-Гарбанеўскую іконы Божай Маці, на думку даследчыкаў, можна было б назваць першаасновай Казанскай іконы Багародзіцы.

Святкаванне Патрыяршай і Карсуньска-Гарбанеўскіх ікон Божай Маці адбываецца насвята Успення (28 жніўня).

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.