Цудадзейныя іконы Беларусі

На беларускіх землях праславіліся дзве іконы Казанскай Багародзіцы: Смілавіцка-Казанская і Маркава-Казанская, святкаванне якіх адбываецца 8/21 жніўня. Смілавіцка-Казанская ікона была яўлена на дарозе. Праславілася святыня ацаленнямі беснаватых, цяжкахворых не толькі з ваколіц Смілавіч і Мінска, але і паломнікаў з Кіева, казахскіх і малдоўскіх зямель. Ікона знаходзілася ў Смілавіцкай Свята-Успенскай царкве, што на Ігуменшчыне.

Маркава-Казанская ікона была дадзена ў благаславенне Патрыярхам Ніканам у час аднаўлення старажытнай Полацкай епархіі ігумену Маркава манастыра Калісту. Неўзабаве ў 1657 годзе Каліст высвячаецца ў епіскапа Полацкага. Паводле іншых звестак, цудадзейная ікона была ахвяравана царом Аляксеем Міхайлавічам Віцебскаму Маркаву Свята-Троіцкаму манастыру ў XVII ст.

Да тыпу Казанскай іконы Багародзіцы даследчыкі адносяць і Тонава-Слабодскуюсвятыню21, яўленую ў 1565 годзе селяніну на рацэ Суле. Селянін паіў каня і ўбачыў дошку з выявай Прачыстай Дзевы. Ля левага вока Царыцы Нябеснай застаўся значок ад капыта каня. Неўзабаве на месцы аднойдзення ўзводзіцца Свята-Георгіеўская царква, дзе шмат гадоў знаходзілася ікона. На ёй Царыца Нябесная і Збавіцель наш Іісус Хрыстос апрануты ў царскае адзенне з каронамі, вытканымі з срэбнай парчы. Падобна да Супрасльскай Адзігітрыі Тонава-Слабодская святыня (назва яе абумоўлена знаходжаннем царквы паміж двумя вёскамі Тонава і Слабодка) упрыгожана шматлікімі падарункамі ўдзячных вернікаў: ланцужкамі, крыжыкамі, пацеркамі, а таксама выявамі ацэленых частак цела.

У 1700 годзе храм згарэў, святыня ж ацалела, крыху абгарэўшы па краях. Свята-Георгіеўская царква адбудоўваецца ўжо ў вёсцы Слабодка, куды пасля рэстаўрацыі пераносіцца цудадзейная ікона. У 1958 годзе савецкія ўлады зачыняюць храм, не перанёсшы гэтай трагедыі, памірае стараста храма Іосіф Бунчук, радня яго за 5 рублёў золатам выкупляе святыню. Пазней дачка Вера перавозіць ікону ў Дзяржынск, перадае ў Свята-Пакроўскую царкву. 21 ліпеня 1993 у празрыстым сне бацька папрасіў дачку вярнуць святыню ў в. Слабодку, калі там адбудуецца храм. Хрэсны ход з Свята-Пакроўскай царквы г. Дзяржынска ў Свята-Георгіеўскі Слабадскі храм адбыўся праз два гады пры сцячэнні больш за тысячы вернікаў. У чэрвені 1996 года Слабадскі храм быў асвечаны, старадаўняя святыня зноў вярнулася на сваё месца.

Вернікі Магілёўскай і Мінскай епархій сярод іншыхцудадзейных ікон асабліва ўшаноўваюць Рудзенскую і “Прызры на змірэнне”.                               
 
Цудадзейная ікона "Прызры на змірэнне" аб'явілася ў 1420 годзе на возеры Каменным, што на Пскоўшчыне. У верасні таго ж года яна пераносіцца ў Пскоў. Іканаграфічны варыянт, што лёг у аснову святыні "Прызры на змірэнне", вельмі старажытны, адносіцца да пачаткуVII ст. На святыні Царыца Нябесная яўлена седзячай, у правай руцэ Яе скіпетр, левай рукой яна трымае Дзіцятка Хрыста. Як у іканаграфічным зводзе "Суцяшальніца" Хрыстос праваю далоняю кранае твар Маці, у левай руцэ Ён трымае дзяржаву-шар, сімвал Сусвету.

Да таго ж іканаграфічнага тыпу належыць Рудзенская Адзігітрыя, на якой Царыца Нябесная правую руку прыціскае да грудзей, рука ж Дзіцяткі Хрыста складзена для благаславення. Характэрнай асаблівасцю ікон "Прызры на змірэнне" і Рудзенскай з’яўляеццалёгкі паварот лікаў Дзевы Марыі і Іісуса насустрач адзін другому.

Рудзенская Адзігітрыя была яўлена ў 1687 годзе ў мястэчку Рудня Магілёўскай епархіі (сучасная Мінская епархія). У кастрычніку 1689 года мясцовы святар Васіль з-за ваенных падзей перанёс святыню ў Кіеў і паставіў яе ў царкве Пячэрскага жаночага манастыра. Пасля злучэння Пячэрскага манастыра з Флароўскім у 1712 годзе ікона знаходзілася ўжо ў Флароўскім манастыра, што на Кіеўскім Падоле. Выява Божай Маці Рудзенскай захавалася у вёсцы Бубны, што на Лубеншчыне, у некаторых вёсках і мястэчках Ровеншчыны, у селішчы Рудня, што на Міншчыне, а таксама ў вясковых храмах на Гродзеншчыне і Віцебшчыне.

Пра асаблівую ўладу Царыцы Нябеснай над злымі духамі апавядае нам гісторыя цудадзейных ацаленняў, яўленых іконай Магілёўскай епархіі Балыкінскай. Святыня спрадвеку знаходзілася ў вёсцы Балыкіна Старадубскага павета ў царкве ў гонар Мікалая Угодніка. Лік Балыкінскай іконы Багародзіцы напісаны на халсце, холст наклеены на дошку. На срэбранай вызалачанай шаце святыні захаваўся надпіс "1811 год, чэрвень, 24, коштам графіні Ганны Іванаўны Безбародка перароблена і вызалачана"22.

Балыкінская ікона спалучае ў сабе адразу некалькі тыпаў: "Млекакормячай" (Галактаграфусы") і Багародзіцы з гарэзлівым Дзіцяткам Хрыстом "Узыгранне". Тып "Галактаграфусы” ўзыходзіць да эліністычнага і егіпецкага мастацтва. Ад коптскай іканаграфіі гэтытып распаўсюдзіўся на Заходнюю Еўропу і Візантыю. У расійскім іканапісе такі тып набывае назву "Узыгранне" і пашыраецца ў XVI —XVII стт.

Балыкінская ікона Багародзіцы захавала і рысы старажытнай Аранты (“Вялікай Панагіі”), г.зн. выявы чалавечай постаці, выявы святых, Царыцы Нябеснай з узнятымі ў малітоўнай позе рукамі. У адрозненні ад Аранты Божая Маці Балыкінская толькі малітоўна, у замілаванні ўздымае рукі на грудзях. Дзіцятка Хрыстос у адрозненні ад звода "Галактаграфусы" прыціскаецца да Маці і забаўляецца на Яе каленях.

Гісторыя праслаўлення гэтай іконы наступная. Святыня належала Дульскаму, афіцэру Старадубскага палка, што квартыраваўся на Чарнігаўшчыне. У час шведскай вайны на вачах Царыцы Нябеснай былі цудадзейныя слёзы. Пасля гэтага яе гаспадар вырашыў ахвяраваць ікону беднаму Балыкінскаму прыходу для новага храма.

На пачатак кожнага года прыпадае свята цудадзейнай іконы "Галактаграфусы" ("Млекакормячай") іконы, якая наглядна гаворыць пра таямніцу ўзгадавання і выхавання Дзевай Марыяй Іісуса Хрыста. Святое аблічча Божай Маці і Госпада Уладыкі на іконе выразнае, чыстае і напоўненае незвычайным хараством дабрыні і спагады да згібелага ў грахах чалавецтва. Гэтую ікону прылічваюць да лепшых узораў візантыйскай школы, якія з'яўляюцца такой рэдкасцю ў наш час.

Ікона Божай Маці "Млекакормячая" зараз знаходзіцца на Афоне, у царкве Карэйскай Келлі,якая належыць Хілендарскаму манастыру. Паводле вуснага падання, першапачатковагэтая ікона знаходзілася ў Лаўры святога Савы Асвечанага, што паблізу Іерусаліма.
 
На землях Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі, Грузіі, Польшчы, Эстоніі захаваліся сведчанні пра ацаленні пасля малебнаў перад копіямі цудадзейнай іконы. Мясцовыя прыхадскія паданні згадваюць пра ўратаванні пры пажарах і эпідэміях вернікаў і паломнікаў.

У час Нараджэння Хрыстовага і Новага Года шматлікія паломнікі ў лірніцкіх і багамольскіх песнях звяртаюцца: "Царыца Нябесная, пакрый нас святым Сваім Амафорам на ўвесь наступны год і ўсе гады нашага жыцця”.

У Беларусі цудадзейная ікона "Млекакормячая" была яўлена ў мястэчку Крэстагорск у 1650 годзе на высокім дрэве. Святыня змяшчаецца над Царскімі Варотамі ў адбудаванай Успенскай царкве. Паводле царкоўнага падання, менавіта гэтай іконе абавязаны жыхары Мінска і ваколіцаў выбаўленнем ад нашэсця шведаў. На пачатку стагоддзя святыня знаходзілася Раўбічах, што пад Мінскам.

Святым малаком Сваёй любові жывіць нас і гаротных братоў нашых Багародзіца, бо менавіта праз гаротных Гасподзь імкнецца дастукацца да храма нашых сэрцаў. Пра гэтую ўласцівасць Царыцы Нябеснай сведчыць адзінаццатая зорка ў Яе кароне. Пра тое ж апавядае і гісторыя цудадзеянняў Падлескай іконы са Свята-Духаўскай царквы вёскі Падлессе, што ў ваколіцах сталіцы. Святыня была яўлена на камені перад дарожным крыжом адной аслеплай дзяўчыне, якая адразу ж ацалілася. На тым месцы была пабудавана каплічка.

У нячутнай чалавечаму вуху малітве Божая Маці хадайнічае за знявечаны грахамі род чалавечы, Яе мацярынскае сэрца праз унутранае гарэнне "ў Бозе" становіцца ў акце Боганараджэння "Сэрцам Сусвету"23, радасцю кожнай сатворанай істоты ў адухоўленым храме любові. Такі іканаграфічны змест Пухлаўскайцудадзейнай іконы Багародзіцы.       
                         
Цудадзейная ікона Пухлаўскай Божай Маці належыць да выяў свята Пакрова Царыцы Нябеснай. Гэты іканаграфічны тып узнік з падзеі Узнясення, адтуль перайшла і поза-пастава Багародзіцы з узведзенымі рукамі.      

Багаслоўска-харызматычны   змест   цудадзейнай   іконы   "Купіна “Неапальная” старабеларускія кніжнікі бачылі ў феномене цнатлівай чысціні Багародзіцы, пакоры ("се раба Гасподня"), удзячнасці Богу за ўсе дары ("возрадовася дух Мой о Бозе Спасе моемъ"), любові да Сына і шчырых яе клопатах пра бліжніх Дзевы Марыі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.