Цудадзейныя іконы Беларусі

Явіла Сябе Царыца Нябесная і апякункаю цнатлівага хрысціянскага шлюбу праз старабеларускія цудадзейныя іконы Феадораўскую "Замілаванне" і Чанстахоўскую Адзігітрыю. Феадораўская Еляуса была вянчальнай іконай полацкай княжны Брачыславы (у святым хрышчэнні Параскевы) са святым Аляксандрам Неўскім. Першы ж цар дынастыі Раманавых Міхаіл Фёдаравіч быў благаславёны пры абранні яго ўладаром рускіх зямель старыцаю, царыцаю Марфаю менавіта Феадораўскаю святыняю 14/27 сакавіка 1613 г.: у Кастрамскім Іпаціеўскім манастыры. Прынесена ікона ў Масковію была старыцаю Марфаю са старабеларускіх зямель24.

Феадораўская ікона Божай Маці стала з тых часоў родавай святыняй дому Раманавых, а царскі сабор Феадораўскім (у гонар вялікамучаніка Феадора Страцілата).

Мінская ікона Божае МаціГалоўнай святыняй Беларусі (разам з Жыровіцкай) з'яўляецца Мінская Адзігітрыя, якая знаходзіцца ў Свята-Духавым саборы, кафедры мітрапаліта, ўрачыстае ўшанаванне іконы штогод адбываецца 26 жніўня.                      

Цудадзейная ікона Мінскай Божай Маці спалучае ў сабе рысы Адзігітрыі і Царыцы Дзяржаўнай. У 988 годзе святыня была перанесена з Карсуні ў Кіеў і пастаўлена ў Дзесяціннай  царкве Нараджэння Багародзіцы. Праз 500 гадоў у час нашэсця крымскага хана Махмет-Гірэя адзін татарын, зняўшы з іконы каштоўную шату, кінуў святыню ў Дняпро. А 13 (26 жніўня) 1500года цудадзейная ікона з'явілася на водах Свіслачы. Уцекачы-кіяўляне адразу пазналі сваю цудадзейную святыню, напісаную, паводле Царкоўнага Падання, самім евангелістам Лукою (I ст. па Р.Х.). Ікона была перанесена ў саборную замкавую царкву Нараджэння Божай Маці, і адразу пачаліся цуды ад новаяўленай Адзігітрыі Дзяржаўнай. У 1505 г. арда Махмат-Гірэя падышла да Мінска. Пасля пакаяльнага малебну пачалася няроўная бітва. Махмет-Гірэй спаліў Мінск, але замак з цудадзейнай іконай не здолеў захапіць. Беларуска-літоўскае войска пад Клецкам вызваліла палонных і разбіла татар25.

У 1636 г. мінская святыня была перанесена ў галоўны храм Свята-Духава уніяцкага манастыра (з 1799 г. кафедральны Петра-Паўлаўскі сабор). У 1852 г. жонка мінскага губернатара ўпрыгожыла ікону Бажай Маці срэбнай вызалачаную шатай з каштоўнымі камянямі. Унізе іконы на маленькай дошчачцы памяшчалася гісторыя Мінскай Адзігітрыі. Кожную суботу перад святыняй служыўся акафіст "Усіх тужлівых Радасць". У кубак, куды кідаліся ахвяраванні, некаторыя вернікі пакідалі звесткі і пра свае ацаленні.

У 1920-я гг. богаборчыя ўлады сарвалі шату з цудадзейнай іконы, а ў 1936 г. Петра-Паўлаўскі сабор быў узарваны. Пасля гэтага ікона знаходзілася ў дрывяным складзе, але промыслам Божым была аднойдзена і ўратавана набожнымі мінчанамі і перанесена ў 1941г. у мінскі Свята-Петра-Паўлаўскі сабор (на Нямізе). Пасля яго закрыцця ў 1945 г. старажытная святыня была перанесена ў Свята-Духаў храм (сучасны кафедральны сабор).

                                                           * * *
Цудадзейная ікона Адзігітрыі асвяціла і выдатную гістарычную мясціну Беларусі селішча Баркалабава. У 1594 г. ў селішчы засноўваецца царква ўгонар ГеоргіяПерамоганосца. У 1626 г. дзеці князя Саламярэцкага Багдан і Ганна будуюць праваслаўны мужчынскі манастыр. Пазней манастыр стаў буйным рэлігійна-культурным цэнтрам. Знакамітая Баркалабаўская хроніка пазнаёміла ўвесь літаратурны свет з Беларуссю ХVІ-ХVІІ стст.     
                
У 1648 годзе зяць Саламярэцкага Б.В. Сцяцкевіч засноўвае на гэтых землях жаночы манастыр. У 1685 г. мястэчка робіцца наследным маёнткам Сапегаў.

Асноўная святыня мястэчка Баркалабаўская Адзігітрыя. У наш час цудадзейная ікона знаходзіцца ў Быхаве. У многіх цэрквах захаваліся сінодзікі з запісам пра цуды ад Баркалабаўскай іконы. Святкаванне ў гонар іконы адбываецца 11/24 ліпеня ў дзень святой роўнаапостальнай Вольгі, радавод якой, дарэчы, сягае сваімі каранямі ў старажытны Віцебск.
 
Некалькі гадоў прайшло, як пачалося адраджэнне славутай Баркалабаўскай лаўры ўслед за Жыровіцкай і Супрасльскай, побач з суседнімі Магілёўскім і Куцеінскім асяродкамі духоўнасці.

Да ліку цудадзейных ікон Адзігітрыі належыць і Ціхвінска-Шчорсаўская святыня, мясцовашанаваная на Наваградчыне. Яна трапіла з Масквы ў віхуры Айчыннай вайны 1812 года. Мясцовыя іудзеі-хрысціяне перадалі святыню ў Шчорсаўскі прыхадскі храм. У Аляксандра-Неўскай царкве г. Мінска старадаўняя ікона Божай Маці Ціхвінская вельмі шануецца вернікамі.

Ікона Божае Маці «Дапамога пры родах»Акафістныя іконы Божай Маці паказваюць Дзеву Марыю сапраўднай Царыцай Нябеснай: "Усіх старажытных прароцтваў спавешчанне", "Купіна Неапальная", "Аб Табе радуецца ўзрадаванае стварэнне", "Нечаканая Радасць", "Усіх тужлівых радасць" і інш.   
     
Адзенне Багародзіцы звычайна складаецца з вішнёвага плата-амафорыя з трыма залатымі зоркамі, як сімвала царскай велічы Яе Мацярынства, сіняй тунікі, як адзнакі цнатлівасці і чысціні, блакітны чапец сімвалізуе праслаўленне Уладычыцы як Прыснадзевы. Тры залатыя зоркі і акаймленне амафорнае ўвасабляюць непарочнасць Божай Маці: у цноце зачала, у цноце нарадзіла і цнатліва памерла.

Прысутнасць кароны-вянца ў строях Багародзіцы (Чанстахоўская, Вострабрамская, Супрасльская, Краснастоцкая, Леснянская, Дубенская, Мінская, Пажайская, Бялыніцкая, Тупічэўвская, Рудзенская, "Прызры на змірэнне", Цэсарска-Бароўская, "Благадатнае Неба", Феадораўская, "Неўпівальная Чаша", "Неўвядальная Квецень", Будслаўская, "Памнажэнне розуму",   Старакорнінская,   Сычская-Пачаеўская,   Фальковіцкая,   Магілёва-Брацкая, Крэстагорская "Млекакормячая", Васількаўская, Навадворская, Крупецкая і інш.) люстра драматычных катаклізмаў гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай (таксама васальнай Прыбалтыкі, асабліва Латгаліі), калі Царыцы Нябеснай перадавалі не толькі нябесную ўладу над краінай, але і зямную. Пра гэта сведчыць ікона XVII ст. на сумежжы грэка-рымскіх традыцый "Каранаванне Божай Маці".

Часамі нават святы Лік Божай Маці яўлены з непакрытымі валасамі, як на іконах Багародзіцы Ахтырскай, Васількаўскай, "Дапамога пры родах" і інш.

Знайшла свае ўвасабленне ў багародзічнай іканаграфіі і амебейная, колавая кампазіцыя "іконы ў іконе" (Купяціцкая, Пружанская, Багалюбская, "Усіх старажытных прароцтваўспавешчанне”, “Неапальная Купіна” і інш.

Многія храмы Беларусі (у прыватнасці, сталічны Марыі-Магдалінінскі) асвячае Багалюбская ікона Царыцы Нябеснай, дзе Яна стаіць з высока паднятымі ў малітве рукамі ў звароце да Свайго Сына Збаўцы нашага Іісуса Хрыста. У правай руцэ Яе хартыя з просьбай благаславіць селішча пад Яе апекаю. Над выяваю Прачыстай Дзевы змяшчаюцца пяць ікон: Збаўцы, Уладзімірскай Еляўсы, Іаана Прадцечы, Архангела Гаўрыіла і Архістраціга Міхаіла.

Багалюбская ікона адлюстраванне яўлення Царыцы Нябеснай у 1157 г . святому благавернаму вялікаму суздальскаму князю Андрэю Юр'евічу Далгарукаму. У час мангола-татарскага нашэсця, калі царква Ражджаства Багародзіцы згарэла, святыня захавалася непашкоджанай. Неаднаразова ацаляла ікона люд хрысціянскі ад чумы і халеры. Святкаванне іконы адбываецда 18 чэрвеня /1 ліпеня.

Самы распаўсюджаны іканаграфічны тып на землях Беларусі тып Адзігітрыі (Мінская, Каложская, Чанстахоўская, Холмская, Купяціцкая ікона-крыж, Крупецкая, Смаленская, Супрасльская, Беластоцкая, Краснастоцкая, Яблачынска-Турковіцкая, Бялыніцкая, Тупічэўская, Цэсарска-Бароўская, Рудзенская, "Прызры на змірэнне", Ціхвінска-Будслаўская, Люблінская, Чарнобыльская і інш.), бо праз цудадзейныя святыні Царыцы Нябеснай нашым продкам не толькі аказвалася дапамога, але адкрываўся шлях духоўнага ўдасканалення.
 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.