Беларускі праваслаўны каляндар на 2002 год

Беларускі праваслаўны каляндар на 2002 годАдыходзячы год пацвердзіў, што царкоўнае жыццё стала неад‘емнай часткай духоўнага жыцця беларускага грамадства. Пра гэта сведчыць мнагалюднасць у храмах Божых, усё большы малітоўны ўдзел Царквы ў разнастайных падзеях свецкага жыцця. Мы вяртаемся да страчаных традыцый і веры нашых бацькоў. “Неабходна, — адзначаў Іаан Златавуст,— каб наперадзе нашага жыцця ішла надзея на Хрыста і каб яна сцвярджалася добрымі справамі”. Гэтым шляхам надзеі і дабрадзеяння ішлі нашы продкі, гэтым шляхам Гасподзь дапамагае рухацца нам. Мэтай “Беларускага Праваслаўнага календара” было і застаецца злучэнне нашага жыцця з літургічным жыццём Царквы, са Словам Божым, Богам Жывым.

28 кастрычніка 1999 года Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы былі кананізаваны 23 навамучанікі зямлі Беларускай. А ў жніўні 2000 года Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы кананізавана тысяча навамучанікаў і спаведнікаў зямлі Рускай. З благаславення Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія ІІ імёны навамучанікаў упершыню ўводзяцца ў праваслаўныя святцы, і гэта адлюстравана ў месяцаслове і “Зводзе імёнаў святых” нашага Календара.

Раздзел “Малітвы ранішнія” працягвае традыцыю перакладаў на беларускую мову духоўных тэкстаў. “Патрэбна, каб малітва наша… абуджала волю да выпраўлення, да ўсякай дабрачыннасці, да ўдасканалення хрысціянскага жыцця”, — сцвярджаў Іаан Кранштацкі. Устаўшы ад сну і распачынаючы дзень, мы просім у малітвах Госпада ўтрымаць нас ад грэшных спакусаў і зла, спрыяць нашай беззаганнасці і дабрадзеянню. Пераклад на беларускую мову малітваў зроблены вядомым багасловам і мовазнаўцам протаіерэем Сергіем Гардуном.

Раздзел “Асветнікі зямлі Беларускай” знаёміць праваслаўных хрысціянаў з малавядомымі нашым сучаснікам падзвіжнікамі веры, чыё жыццё з`яўляецца прыкладам самаахвярнага служэння Богу і Айчыне.

Спадзяёмся, што цікавым для чытачоў будзе і апошні раздзел Календара. Тут змяшчаецца даведачная інфармацыя аб праваслаўных прыходах, манастырах, духоўных навучальных установах, брацтвах і сястрынствах, нядзельных школах, перыядычных рэлігійных выданнях усіх дзесяці епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Дададак да каляндара:

Малітвы ранішнія

На ніве Божай і народнай

Беларуская Праваслаўная Царква напачатку ІІІ тысячагоддзя

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.