На ніве Божай і народнай

Ёсць людзі, думка якіх пераадольвае час. Яны далей іншых бачаць наперад. Ведаюць, што ад паўсядзённага застанецца значным і павучальным для нашчадкаў. Многае з іх спадзяванняў і памкненняў не збываецца, гіне ў бездані гістарычных узрушэнняў. Аднак жыватворная вартасць іх падзвіжніцкай працы не губляе сваёй сілы, прабіваецца чыстай крыніцай высокай думкі, пакідае свой адбітак на будучыні. Іх узнёслы роздум з часам становіцца запатрабаваным наноў, да яго звяртаецца за парадай наш сучаснік… Да такой выдатнай кагорты людзей можна аднесці і нашага земляка з Міншчыны, знаўцу старажытнаславянскай гісторыі, археолага, багаслова-філосафа, педагога, прафесара Кіеўскай Духоўнай акадэміі Уладзіміра Зянонавіча Завітневіча, якому ў наступным годзе спаўняецца 150 год з дня нараджэння.
 
Радавод
 
Уладзімір ЗавітневічЯк сведчыць аўтабіяграфія, нарадзіўся Уладзімір Завітневіч 2(14) красавіка 1853 года ў вёсцы Ліцвяны Мінскага павета (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) трэцім сынам у сям'і патомнага свяшчэннаслужыцеля. Бацька яго Зянон Паўлавіч Завітневіч пасля заканчэння Мінскай Духоўнай семінарыі быў рукапаложаны ў сан святара Бяларучскай царквы Мінскага павета, а затым у хуткім часе перамешчаны да Ліцвянскай Ражаства-Багародзічнай царквы, дзе ў працы і пакорлівасці праслужыў 16 гадоў. У 1860 годзе а. Зянон атрымаў новае перамяшчэнне ў адбудаваную Койданаўскую Пакрова-Багародзічную саборную царкву. Там працягваў служыць Богу і людзям да сканчэння свайго зямнога шляху ў 1901 годзе. За працу ў галіне народнай адукацыі і за поспехі ў законанастаўніцтве ў 1877 годзе ўзнагароджваўся падзякай ад міністра народнай адукацыі. Тут, у Койданаве, Зянон Завітневіч быў узведзены ў сан протаіерэя (1885 г.) і ўзнагароджаны "за старанную і карысную пяцідзесяцігадовую службу ў святарскім сане" ордэнам св.Уладзіміра 4-ай ступені.
 
Гэта быў нялёгкі пасляуніяцкі час жорсткага процістаяння Праваслаўнай Царкве з боку каталіцкай і пратэстанцкай Цэркваў. У складаных умовах таго часу свяшчэннік змог узвысіць і ўмацаваць уплыў і аўтарытэт Праваслаўя, наладзіў у Ліцвянах школу граматы, а ў Койданаве — царкоўна-прыходскую школу. Паўстанне 1863 года ён расцэньваў як бунт, рашуча выступаў супраць яго арганізатараў, таму вымушаны быў хавацца ад помсты паўстанцаў у навакольных лясах. У 1870-х гадах у час эпідэміі халеры а. Зянон уласнаручна пераапранаў хворых, хаваў памерлых.
 
Айцу Зянону і яго матушцы Соф’і Паўлаўне Бог паслаў семярых дзяцей.Усе яны, дзякуючы бацькоўскаму садзеянню, атрымалі духоўную адукацыю.

З пяці сыноў Уладзімір больш за іншых з маленства ўвабраў у сваю душу паэтычныя вобразы наднямонскай прыроды, душэўны строй беларускага селяніна і даходзячую да аскетызму святарскую самаахвярнасць бацькі.                                            
 
Пасля Духоўнага вучылішча Уладзімір паступіў у Мінскую Духоўную семінарыю, а пасля яе заканчэння ў 1874 годзе працягнуў адукацыю ў С.-ІІецярбургскай Духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленні. Пасля завяршэння вучобы ў 1879 годзе накіраваны на работу настаўнікам арыфметыкі і геаграфіі ў Варшаўскае духоўнае вучылішча.
 
Вызначыўшыся ў галоўным, У.Завітневіч шчасліва пазбег уласцівых маладосці ваганняў у выбары жыццёвага шляху і ад самага пачатку прысвяціў сябе праваслаўна-славянскай тэме. Вынікам нястомных 25-гадовых акадэмічных высілкаў сталі болей за сто навуковых і публіцыстычных работ, шэраг з якіх носіць манаграфічны характар.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.