На ніве Божай і народнай

Праца ўсяго жыцця
 
На працягу чатырох гадоў варшаўскага перыядуУ.Завітневіч рыхтаваў магістарскую дысертацыю на багаслоўска-філасофскую тэму "Палінодыя" Захарыі Капысценскага і яе месца ў заходне-рускай палеміцы ХVІ і ХVII стст.” (1883), прысвечаную складанаму перыяду гісторыі Царквы пасля заключэння Брэсцкай уніі 1596 года. Падказаў тэму настаўнік У.Завітневіча па С.-Пецярбургскай Духоўнай акадэміі, “заходне-русіст” прафесар М.Каяловіч. Знаходзячыся ў Варшаве, на землі заходніх славян, У.Завітневіч асабліва востра адчуў патрэбу ўзвышэння і прапаганды Праваслаўя, выступаў супраць паланізацыі, за нацыянальную славянскую культуру і самабытнасць. У гэтай сувязі павучальнай была гісторыя рэлігійнага процістаяння ХVІ—ХVII стагоддзяў на землях ВКЛ.
 
Сачыненне У.Завітневіча складаецца з дзвюх частак. У першай, больш аб`ёмнай, прадстаўлены агляд палемікі, якая папаярэднічала “Палінодыі”. Другая – прысвечана біяграфіі, агляду і ацэнцы вучонай дзейнасці Захарыі Капысценскага і яго “дысертацыі”. У дадатку аўтар выклаў змест “Палінодыі”, канцэнтруючы ўвагу на прынцыповых кананічных момантах поглядаў Капысценскага.
 
Праца У.Завітневіча “Палінодыя” характарызуе агульны гістарычны фон канца ХVІ—пачатку ХVII ст. Гэты перыяд вызначаўся рэзкім абвастрэннем міжканфесійнай палемікі, якая пачалася задоўга да ўвядзення уніі і працягвалася пасля яе. Рыма-каталіцкая царква прэтэндавала на верхавенства ў хрысціянскім свеце. Таму першым крокам каталіцкіх палемістаў была спроба даказаць быццам бы дараваную яшчэ апосталам Пятром пераемнасць папы Рымскага ў статусе намесніка Бога на зямлі. Праваслаўныя апаненты лічылі, што рымска-каталіцкая кафедра не мае Боскага паходжання, а ёсць просты вынік супадзення пэўных гістарычных абставін. 
 
Пасля абвяржэння праваслаўнымі багасловамі першага тэзіса на шчыт была ўзнята ідэя пераемнасці уніі, якая доўжыцца нібыта з часоў уніяцкага Ферара-Фларэнційскага сабора (1439). Праваслаўныя апаненты доказна абгрунтавалі, што гэты сабор быў неправамоцны і нават разбойніцкі. Тады архімандрыт Віленскага Свята-Троіцкага манастыра, пазней уніяцкі архіепіскап, Леў Крэўза ў сваёй кнізе “Абарона царкоўнай еднасці” паспрабаваў даказаць версію аб прыходзе хрысціянства на Русь не праз Канстанцінопаль, а праз Рым.
 
Аднак грэка-славянская школа да гэтага часу ўмацавалася настолькі, што вылучыла выдатных багасловаў-тэарэтыкаў. Сярод іх быў і вядомы архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры Захарыя Капысценскі, які лічыўся “пабожным попечителем, примерным пресвитером, пастырем и богомольцем” Гэта быў выдатны палеміст-апалагет, які паставіў мэту абараніць праваслаўную царкву, даказаўшы няслушнасць лацінскага вучэння пра верхавенства Рымскага папы, неадпаведнасць яго доказаў кананічным асновам хрысціянства, а таксама незаконнасць Брэсцкай уніі. 
 
“Палінодыя” не прэтэндуе на нешта прынцыпова новае ў палеміцы. Сама назва ў перакладзе з грэчаскай абазначае “паўтор”, “перапеў”, гэта значыць тое, што вядома даўно, ад пачатку хрысціянскіх часоў. Тым не менш з часу напісання “Палінодыі” пачаўся новы перыяд распрацоўкі тэарэтычных пытанняў праваслаўнага багаслоўя. У працы У.Завітневіча зроблены глыбокі аналіз палемічнай літаратуры таго часу. Аўтар далучаецца да думкі Захарыі Капысценскага пра важнасць Праваслаўя для ўсходнеславянскіх народаў.
 
Афіцыйным рэцэнзентам дысертанта быў прызначаны яго былы настаўнік па акадэміі прафесар М. Каяловіч. Менавіта яго навуковай школы "заходнерусізма" прытрымліваўся і Уладзімір Зянонавіч. Дысертацыя была выдадзена ў Варшаве асобнай кніжкай і ў 1883 годзебліскуча абаронена ў Санкт-Пецярбургскай Духоўнай акадэміі. Аўтару па яе выніках была нададзена навуковая ступень магістра багаслоўя. Глыбіня і значнасць работы адразу ж звярнулі на яе ўвагу вучоных. Шэраг вучоных, у першую чаргу ўкраінскіх, прытрымліваецца думкі, што магістарская дысертацыя У.Завітневіча засталася самай значнай і каштоўнай вучонай працай усяго яго жыцця. Яна не згубіла сваёй актуальнасці і да сённяшняга дня.

На педагагічнай ніве
 
У 1864 годзе па выніках конкурсу У.Завітневіч залічваецца дацэнтам кафедры рускай грамадзянскай гісторыі Кіеўскай Духоўнай акадэміі. 3 гэтага часу пачалася яго плённая педагагічная (з 1899 года — прафесарская) і навуковая дзейнасць у старэйшай духоўнай навучальнай установе.
 
Кіеўская Духоўная акадэмія была заснавана ў 1632 годзе ў выніку аб’яднання школ Кіева-Богаяўленскага брацтва і Кіева-Пячэрскай лаўры, дзякуючы намаганням мітрапаліта Пятра Магілы. 3 яе сцен выйшла нямала выдатных іерархаў Праваслаўнай Царквы, прапаведнікаў, багасловаў і асветнікаў. Пошукі маладога вучонага скіраваліся да таямніц славянскай старажытнасці, да няпростых шляхоў хрысціянства на старажытна-рускіх землях.Перыяд працы У. Завітневіча ў Кіеўскай Духоўнай акадэміі, на першы погляд, можа ўявіцца цалкам бясхмарным. Тым не менш ён быў насычаны амаль драматычным пошукам ісціны. За гэтым знешне бязвоблачным бегам дзён і падзей хавалася складанае, напружанае поўнае супярэчнасцяў жыццё.
 
Як вядома, узрухі 1905—1907 гадоў не прамінулі і духоўныя навучальныя ўстановы. У 1905 годзе баставалі 48 семінарый з 58-мі. У тых бурных падзеях становіцца ўсё больш прыкметнай і пазіцыя У.Завітневіча. З 1905 года ён, займаючы пасаду інспектара Кіеўскай Духоўнай акадэміі, знаходзіўся ў самай гушчы студэнцкіх хваляванняў. Вёў з імі перамовы, рыхтаваў праекты, рэкамендацыі, рэзалюцыі, часам нават салідарызуючыся са студэнтамі. Цесна супрацоўнічаў у гэтым накірунку з выконваючым абавязкі рэктара акадэміі В.Рыбінскім. Выкарыстоўваў у зносінах са студэнтамі ўсё сваё красамоўства і лагічныя доказы. Асоба і пазіцыя У.Завітневіча адыгралі значную ролю ва ўзнаўленні заняткаў у акадэміі ў 1907 годзе.
 
У сакавіку-красавіку 1908 года Высокапраасвяшчэнным Антоніем (Храпавіцкім)1 па заданні св. Сінода была праведзена рэвізія Кіеўскай Духоўнай акадэміі і выдадзена друкаваным спосабам адпаведная справаздача пра выяўленыя парушэнні. Тым самым яна аддавалася на суд грамадскасці. На гэты крок прафесура акадэміі, у тым ліку і У.Завітневіч, выдала ў 1910 года сваё апраўданне пад назвай “Праўда аб Кіеўскай Духоўнай акадэміі”.
 
Цяжка знайсці дастаткова поўнае апраўданне выкладчыкам за прыняты крок. Нялёгка прызнацьь апраўданымі і пярэчанні У.Завітневіча, асабліва, калі іх экстрапаліраваць на наступныя падзеі. Не трэба забываць, што гаворка ішла перш за ўсё пра духоўную навучальную ўстанову. Адно несумненна: спрэчку з мітрапалітам Антоніем У.Завітневіч і яго калегі прайгралі. З чым ён (У.Завітневіч) у хуткім часе і пагадзіўся.
 
Педагагічная дзейнасць займала бадай што ці не галоўнае месца ў жыцці Уладзіміра Зянонавіча. Урэшце менавіта яна прыносіла яму сродкі на існаванне і творчую працу. Расійскую грамадзянскую гісторыю ён выкладаў у Кіеўскай Духоўнай Акадэміі да выхаду за выслугай гадоў на пенсію ў 1912 годзе. Адначасова вёў курс гісторыі ў Кіеўскім інстытуце шляхетных дзяўчат і заснаваных з яго ўдзелам Вячэрніх жаночых курсах у Кіеве.
 
Лекцыі У. Завітневіча нязменна адрозніваліся змястоўнасцю і актуальнасцю. Чытаў ён жыва, з уздымам, прыцягваючы да сваёй аўдыторыі шмат слухачоў, нават і з іншых курсаў.
 



1 Мітрапаліт Антоній (у міры Аляксей Паўлавіч Храпавіцкі, 1863–І936) — вядомы першаіерарх Рускай Замежнай Праваслаўнай царквы. Адзін з прэтэндэнтаў на патрыяршы прастол. 3 1920 года за мяжой. Выдатны багаслоў, прапаведнік, гісторык, бліскучы публіцыст, духоўны пісьменнік.


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.