На ніве Божай і народнай

Царкоўна-гістарычныя даследаванні
 
Пачатак работы У.Завітневіча ў Кіеўскай Духоўнай акадэміі прыпаў на часы падрыхтоўкі да святкавання 900-годдзя прыняцця хрысціянства на Русі. Таму погляд вучонага не мог не скіравацца да калыскі рускай дзяржаўнасці, да старажытнага Кіева. Там ён бачыў крыніцу духоўнага адраджэння і дасканаласці. Гэтай тэме ён прысвяціў цыкл работ, галоўнай з іх стала "Уладзімір Святы як палітычны дзеяч" (1888г.). Яна была з захапленнем прынята рускімі традыцыяналістамі, але выклікала пэўнае незадавальненне ліберальных колаў. У час Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе аўтарам падрыхтаваны і выдадзены літаратурна-патрыятычны варыянт гэтай кнігі пад назвай "Уладзімір-Краснае Сонейка", разлічаны на шырокага чытача. Публікацыя на гэтую ж тэму "Вялікі князь СвятаслаўІгаравіч" была ўключана ў "Кнігу для чытання па рускай гісторыі" беларускага даследчыка М.Доўнар-Запольскага. У сваіх работах вучоны даказвае, што хрышчэнне на Русі не было аднамомантным актам, а доўжылася з 986 да 989 года.
 
Адначасова працягваліся царкоўна-гістарычныя даследаванні. Уладзімір Зянонавіч удакладніў назву і месцазнаходжанне Кіеўскай царквы Багародзіцы Пірагошчай, ідэнтыфікаваў крыж, якім прападобны Сергій Раданежскі ў 1380 годзе благаславіў князя Дзмітрыя Іванавіча на бітву з Мамаем.
 
Вучоны вызначыў месца пакутніцкай канчыны свц. Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага. Паводле яго дадзеных, гэта адбылося 1 мая (ст.ст.) 1497 года ў час падарожжа мітрапаліта з Наваградка ў Кіеў, калі татары напалі на яго ў час службы ў Мікалаеўскай царкве мястэчка Стрыгалава (Скрыгалава) Мазырскага павета. Да 400-годдзя гэтай падзеі па ініцыятыве У.Завітневіча ў Стрыгалаве каля царквы была пабудавана каплічка ў імя свц. Макарыя, а на месцы яго мучаніцкай канчыны ўзведзена стэла-помнік. Гэтыя пабудовы захаваліся ў пашкоджаным выглядзе да нашага часу.
 
Як кампетэнтны эксперт і знаўца стану Рускай Праваслаўнай царквы У.Завітневіч абіраўся членам Перадсаборнай установы (1906), а пазней у 1917—1918 гадах дэлегаваўся на Усерасійскі Памесны царкоўны сабор. Выступаў з прамовай, выказваўся за павышэнне ролі багаслоўскіх навук.
 
У.Завітневіч абіраўся сябрам Царкоўна-археалагічнага таварыства пры Кіеўскай Духоўнай Акадэміі, быў правадзейным сябрам Богаяўленскага Брацтва пры акадэміі, сябрам рэлігійна-філасофскага таварыства ў Кіеве.
 
У перадпенсійны перыяд працы У.Завітневіч займаўся даследаваннем сектанцтва. Лічыў, у прыватнасці, штундзізм іншавернай прапагандай, для якой шырокай прасторы ў Расіі няма. Некаторае яго распаўсюджванне ён тлумачыў недастатковасцю сродкаў супрацьдзеяння, прапануемых Царквой.
 
У.Завітневіч не прымаў святарскага сану. Але як ісцінны прыхільнік Праваслаўя стаяў на варце царкоўных канонаў. Абараняў веру ад нападкаў з боку буржуазных лібералаў. Як глыбока веруючы чалавек, свята вызнаючы непахіснасць царкоўных асноў, Уладзімір Зянонавіч заслужыў ад сваіх сучаснікаў высокія тытулы багаслова-філосафа і духоўнага пісьменніка. Вышэйшае прызначэнне Царквы У.Завітневіч бачыў не толькі ў выратаванні душ і ўдасканаленні асабістага духоўнага быцця пры дапамозе Божага дару, але і ў тым, каб берагчы хрысціянскія ісціны ў чысціні, недатыкальнасці і паўнаце.
 
Вучоны падрабязна разглядаў пытанне суадносін Царквы і дзяржавы, удзелу духавенства ў палітыцы. На яго думку, тактыка, прыёмы барацьбы партый часта будуюцца на пачатках далёка не хрысціянскіх, таму духавенства ў барацьбе партый удзелу прымаць не павінна. Царкве пярэчліва не палітыка сама па сабе, а партыйнасць. Пастыр павінен растлумачваць стан спраў, не ўцягваючы паству ў барацьбу. Пранікненне ў Царкву дзяржаўнага пачатку — галоўная для яе небяспека. Менавіта за такую практыку У.Завітневіч рашуча асуджаў каталіцтва. Сам ён не належаў ні да якой партыі, зберагаючы вернасць славянафільству.
 
Разважаючы над асобнымі бакамі жыцця Царквы, вучоны лічыў неабходным пэўныя рэформы для яе ўдасканалення. Па гэтых жа пытаннях у 1907 годзе напярэдадні выбараў у Дзяржаўную думу звяртаўся да епархіяльных праасвяшчэнных і мітрапаліт Антоній (Храпавіцкі) з тлумачэннем адносін Праваслаўнай царквы да выбараў. Зварот мітрапаліта быў расцэнены ліберальна-дэмакратычнымі коламі рэзка негатыўна. У падтрымку мітрапаліта з вельмі аргументаваным артыкулам "Духавенства і партыйнасць у палітыцы" выступіў тады і У.Завітневіч. Ён папярэджваў: "…спакойныя за спосаб дзеянняў Пецярбургскага свяціцеля мы зусім не спакойныя за грамадства". На жаль, гэтыя непачутыя ў свой час папярэджанні мітрапаліта Антонія і вучонага У.3авітневіча здзейсніліся хутка ў самым трагічным варыянце.

Услед за А.Хамяковым*
 
Нагаданыя вышэй сачыненні У.Завітневіча былі, па словах вучонага, як бы "адпачынкам" ад работы над працай, прысвечанай жыццю і дзейнасці пачынальніка славянафільства рускага філосафа Аляксея Хамякова. Да гэтай тэмы У. Завітневіч звярнуўся яшчэ ў 1890-я гады. Па матэрыялах першага тома “Маладыя гады, грамадская і навукова-гістарычная дзейнасць Хамякова” (кніга 1), “Працы Хамякова ў галіне багаслоўя” (кніга 2), абараніў у 1902 годзе дысертацыю са ступенню доктара царкоўнай гісторыі. Выхад у свет гэтага даследавання — значная з’ява ў рускай гістарычнай навуцы. “Гістарычны агляд багаслоўска-літаратурнай дзейнасці Хамякова, — піша афіцыйны рэцэнзент дысертацыі праф. П.Жуковіч, — зроблены аўтарам з такой паўнатой, абстаўлены столькімі багаслоўска-філасофскімі папраўкамі, што пакідае пасля сябе ўражанне цэлага, вялікага па аб`ёму і аб`яднанага адной думкай багаслоўска-гістарычнага трактата”.
 
Упершыню голас славянафілаў, якія прапанавалі культурным колам грамадства звярнуцца да пачаткаў сваёй народнасці, прагучаў яшчэ ў 30-40-х гадах ХIХ ст. Славянафільства ўзнікла як процідзеянне гегельянству з яго філасофскім рацыяналізмам. Гэтыя павевы асабліва ўзмацніліся пасля выхаду даследавання М.Данілеўскага "Расія і Еўропа”.
 
Гістарычны агляд багаслоўска-літаратурнай дзейнасці А.Хамякова (2-гі том) выкананы аўтарам з такой паўнатой, абстаўлены такімі багаслоўска-філасофскімі ўдакладненнямі, што пакідае пасля сябе ўяўленне цэласнага і аб’яднанага адной думкай багаслоўска-гістарычнага трактату.
 
У.Завітневіч за 10 з лішнім гадоў работы, па выразу яго калег, так "набраўся" Хамякова, што па-хамякоўску думаў і адчуваў. Адносіў сябе да пачынальнікаў славянафільства першай паловы XIХ ст. Стварыў на гэты конт сваю цэласную сістэму, у аснову якой паклаў законы духу, якія непамерна складаней за фізічныя. У цэнтры яго сістэмы стаяла вера ў рускі (да яго У.Завітневіч адносіў усе ўсходнеславянскія народы) народ-баганосец, носьбіт праўды і любові. Да здзяйснення высокароднай задачы духоўнага адраджэння славянскага свету закліканы, на думку У.Завітневіча, менавіта славяна-рускі народ.
 
Адначасова У.Завітневіч рэзка адмяжоўваўся ад эпігонаў славянафільства, якія вырадзіліся ў чарнасоценцаў, лічыў сябе прадстаўніком першаснага славянафільства. Ён глыбока і шчыра верыў, што славянафільства ў той форме, у якой ён разумеў яго і даследаваў, — светапогляд вельмі шырокі, глыбокі і ліберальны і адначасова такі, што патрабуе радыкальных рэформ ва ўсім грамадскім жыцці. Самадзяржаўе, як і ўсе славянафілы, ён прымаў, але супрацьпастаўляў яго абсалютызму, далёкаму і варожаму інтарэсам народа.
 
Служэнне народу ў разуменні У.Завітневіча складае асноўны змест жыцця: "Пакуль у нас мільёны народа, арганічна звязанага вякамі выпрацаваным жывым нацыянальным пачуццём з усім багаццем яго зместу, пакуль душа наша здольна адклікацца на родную мову, пакуль святыні народа з’яўляюцца і нашымі святынямі, яго гісторыя – нашай гісторыяй, яго гора і радасці — нашымі горам і радасцю, да тых пор можна быць упэўненым, што пропаведзь аб нацыянальным самаадмаўленні будзе мець поспех толькі сярод выпадковых выкідышаў нашага народнага арганізма".
 
Сфармуляваныя вучоным палажэнні з’явіліся стрыжнёвымі ў палеміцы славянафілаў і заходнікаў. Абараняючы і ўзвышаючы А.Хамякова, аўтар атрымліваў і зняважлівыя водгукі ад “ліберальнай часткі нашай прэсы”. Слова с л а в я н а ф і л, нягледзячы на пацверджаную часам няслушнасць пазіцыі яго праціўнікаў, працягвае заставацца і сёння ў пэўнай часткі грамадства зняважлівым.
 
У вачах акаляючага навуковага асяроддзя У.Завітневіч выступаў і ў рэдкай якасці гісторыка-філосафа. Яго лічылі выразным прарускім нацыяналістам. Хоць сам ён не заўсёды з тым пагаджаўся. Так, на яго думку, славянафільства ёсць служэнне агульначалавечай справе, свабоднай ад вузкага нацыяналізму. У гэтым накірунку вялікі ўплыў на яго зрабілі М.Каяловіч* і У.Ламанскі**. Вучоны суадносіў сваю расійскую тэматыку і з лёсам роднай ямубеларускай зямлі, тагачаснага Паўночна-Заходняга краю. На перакрыжаванні яго гістарычных шляхоў ён знаходзіў тлумачэнні не толькі беларускім, але і вялікарускім падзеям.
 
* Хамякоў Аляксей [1(13).5.1804—23.1(5.10)]1860, рускі паэт, пубдіцыст, філосаф, гісторык. Ідэолаг славянафільства.

 
* Каяловіч Міхаіл [20.9(.10)—23.8(4.9)1891], беларускі і рускі гісторык, публіцыст і грамадскі дзеяч. Асноўныя працы прысвечаны гісторыі Беларусі, польшчы і Расіі. Актыўна супрацоўнічаў са славянафільскай прэсай.


* * Ламанскі Уладзімір [26.6.(8.7.) 1833—19.11 (2.12) 1914] – расійскі гісторык і філолаг. Адзін з прадстаўнікоў кансерватыўнага напрамку ў славянафільстве.
 
 

 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.