На ніве Божай і народнай

Гісторыка-этналагічныя даследаванні
 
Яшчэ ў пачатку свайго навуковага шляху вучоны пранікнуўся ідэяй спасцігнуць гісторыю ўзнікнення, фарміравання і рассялення славян на тэрыторыі пазнейшай Кіеўскай Русі. Вывучаў існуючыя навуковыя гіпотэзы. Некаторыя з іх патрэбна было пацвердзіць. Па даручэннях Маскоўскага і С.-Пецярбургскага археалагічных таварыстваў У.Завітневіч правёў у 1885—1893 гадах шэраг археалагічных экспедыцый. На тэрыторыі Беларусі і Паўночнай Украіны (у басейнах рэк Прыпяць, Днепр, Нёман) вучоны абследаваў каля 700 курганоў, 80 могільнікаў і гарадзішчаў у Мазырскім, Рэчыцкім, Бабруйскім і Мінскім паветах Мінскай губерні.
 
Вучоны прапанаваў сваю сістэму класіфікацыі курганоў па спосабах пахавання памерлых. Багатыя курганныя знаходкі этнавызначальных прадметаў, перададзеныя пераважна ў Царкоўна-археалагічны музей пры Кіеўскай Духоўнай Акадэміі, дазволілі дакладна вызначыць межы рассялення асобных славянскіх плямёнаў, у першую чаргу дрыгавічоў, да якіх вучоны залічваў і сябе. ІІа выніках экспедыцый ён прапанаваў новую версію паходжання назвы "русь”, пацвердзіў візантыйскі ўплыў на Кіеўскую Русь і іншае. Пра свае знаходкі вучоны дакладаў на Археалагічных з’ездах, пасяджэннях Гістарычнага таварыства Нестара-летапісца, публікаваўся ў Зборніках Археалагічных з’ездаў, у "Трудах Киевской Духовной академии" і іншых выданнях. Менавіта па гэтых даследаваннях У.Завітневіч пакуль што і вядомы на Беларусі.
 
Свае гістарычныя даследаванні вучоны праводзіў, грунтуючыся на дакументальных першакрыніцах, выкарыстоўваў іх выключна беражліва. У той жа час усведамляў, што архіўная частка павінна абавязкова дапаўняцца жывым сведчаннем. Асабліва рэзка Уладзімір Зянонавіч выступаў супраць вольнага абыходжання з гістарычнымі фактамі, супраць праяў іх фальсіфікацыі.
 
Багатую навуковую фактуру У.Завітневіча скарыстоўвалі ўдалейшым вучоныя А.Грушэўскі, Я.Карскі, А.Спіцын, В.Бядноў, П.Лысенка і іншыя.                 
 
На ніве літаратурнай крытыкі
 
Уладзімір Завітневіч пакінуў і шэраг літаратурна-крытычных распрацовак (нездарма ён выкладаў гісторыю літаратуры ў рэальным вучылішчы Панкевіча ў Варшаве). У артыкуле "Памяці А.С.Пушкіна” акрамя бліскучай ацэнкі творчасці паэта ён дае глыбокі аналіз ролі асобы ў гісторыі. Уражвае сваёй псіхалагічнай вартасцю работа "Рэлігійна-маральны стан М.В.Гогаля ў апошнія гады яго жыцця" (1902).
 
Пры знаёмстве з публікацыямі У.Завітневіча ўражвае іх літаратурная прафесійнасць, асаблівая адпрацаванасць і вытанчанасць слова, глыбіня думкі, лагічнасць і завершанасць яе выкладання, аргументаванасць высноў. Усе яго працы адзначаны несумненным літаратурным дарам.
Сугучнасць прац У.Завітневіча нашай рэчаіснасці ў пэўнай ступені даказвае глыбіню пранікнення аўтара ў сутнасць гістарычных з`яў і падзей, паказвае яго асабістую навуковую годнасць.
Чалавек і грамадзянін
 
У адносінах да акружаючых У.Завітневіч выступаў заўсёды бездакорна прыязным, таварыскім і добразычлівым. Пры жыцці пра яго пісалі: "Даследчык уважлівы, працавіты амаль да самаахвярнасці, таленавіты, які ведае сваю справу і таму можа быць іншы раз урачысты ў сваіх канчатковых высновах і дзе-нідзе рэзкі ў сваіх меркаваннях".
 
Вельмі цёплую і рознабаковую характарыстыку даў яму ў сваіх успамінах В.Рыбінскі. Ён адзначыў, што Уладзімір Зянонавіч быў чалавекам жывым, усім зацікаўленым, які многа чаго ведае, працавітым і далікатным. Ён усюды быў карысны і прыемны саўдзельнік. Валодаў у вялікай ступені дарам слова, лёгка гаварыў і пісаў, а ў гутарках і спрэчках быў нястомны. Цвёрды ў перакананнях, адрозніваўся ў той жа час цярплівасцю да поглядаў іншых. Меў выдатную памяць, шырокае кола інтарэсаў і ўважлівасцю нястомную ўседлівасць. Выступаў ідэалістам, верыў у людзей, любіў моладзь…
 
У Кіеве добра памятаюць, што, пакідаючы кафедру, У.Завітневіч зрабіў намаганні, каб увесці на сваё месца свайго вучня, выхадца з Украіны. У архівах сустрэўся і такі факт. На свае агульнаадукацыйныя курсы ён залічваў яўрэйскіх дзяцей. У 1907 годзе ён дамогся дазволу на іх пражыванне ў Кіеве.
 
Акрамя нагаданых вышэй грамадскіх арганізацый У.Завітневіч быў сябрам Камісіі па разбору старажытных актаў пры Кіеўскім генерал-губернатары, Ваенна-гістарычнага таварыства (нават удзельнічаў у манёўрах, што праводзіліся Кіеўскай ваеннай акругай). У кожным таварыстве прымаў самы дзейсны і актыўны ўдзел. У прыватнасці, адчуваў незвычайную любоў да прыроды (яна ў яго ад Наднямоння). Заўсёды захапляўся кветкамі, птушкамі, жывёламі. На сваім прысядзібным участку пабудаваў галубятню, трымаў паву, дзікага казла і нават воўка. Быў арганізатарам заалагічнага сада пры Кіеўскім універсітэце. Таму не выпадковы яго ўдзел і ў таварыствах аматараў прыроды, галубінага спорту.
 
Уладзімір Зянонавіч не быў абыйдзены ўвагай улад: меў тытул стацкага саветніка, ордэны і іншыя ўзнагароды.
 
Працуючы ў Кіеве, У.Завітневіч заставаўся прадстаўніком свайго краю і яго людзей. Ён не парываў творчых сувязей з Радзімай, працягваў сяброўства з беларускай інтэлігенцыяй. У 1886 годзе ў Мінску вакол газеты "Минский Листок" згрупаваліся мясцовыя інтэлігенты М.Доўнар-Запольскі, Я.Ляцкі, А.Слупскі і інш. 3 імі быў і У.Завітневіч. Акрамя ўсяго з яго удзелам рыхтаваўся да выдання "Северо-Западный календарь". Такія ж блізкія адносіны ў яго склаліся з Я.Лучынам (Неслухоўскім), Д. Мейчыкам.
У сакавіку 1918 года ў Кіеве адкрыліся курсы беларусазнаўства. Наіх чыталі лекцыі М.Доўнар-Залольскі і У.Завітневіч. У чэрвені таго ж года рыхтаваліся прапановы па стварэнні Беларускага універсітэта. М.Доўнар-Запольскі рэкамендаваў увесці ў склад арганізацыйнага камітэта сярод іншых прафесараў і У.Завітневіча.
 
У 1917-1927 гадах У.Завітневіч супрацоўнічаў на акордных умовах з гістарычнай секцыяй М.С.Грушэўскага ва Усеукраінскай Акадэміі навук.
 
Здаўся пад націскам гадоў Уладзімір Зянонавіч не адразу. Нешта пісаў, рэцэнзаваў, прыкідваў… Але ўжо не ставала яму былога пафасу. Сілы яго памяншаліся. Вучоны ўсё больш і больш замыкаўся ў сабе.
 
Што датычыць асабістага жыцця У.Завітневіча, то пра яго нам вядома вельмі мала — толькі асобныя факты. З даведкі паліцыі (1914 год) вынікае, што ўладальнікам дома
№ 4 па вуліцы Нагорнай на Лук’янаўцы ў Кіеве быў адстаўны прафесар Кіеўскай Духоўнай акадэміі Завітневіч У.З., 60-ці гадоў, праваслаўны, удавец, меў сына, у Кіеве жыў пастаянна.
 
А да гэтага У.Завітневіч жыў у Кіеве па розных адрасах. Потым пабудаваў сабе дом, які ацалеў. Цяпер былая вуліца пражывання вучонага — праезд П.Каркоца. У сціплым аднапавярховым цагляным доміку жывуць людзі. Месціцца ён над кручай, з якой ідзе спуск на знакаміты Падол, дзе як-раз і знаходзілася Кіеўская Духоўная Акадэмія. Ад яе засталіся толькі асобныя пабудовы. У адной з іх знаходзіцца філіял Навуковай бібіліятэкі імя У.Вярнадскага АН Украіны. Пад старажытнымі скляпеннямі размяшчаецца аддзел рукапісаў бібліятэкі. Тут, у старых шафах, ляжаць бясцэнныя рукапісы сярод іх і Уладзіміра Зянонавіча. У масіўных альбомах ёсць яго фатаграфіі. Частка матэрыялаў пра яго дзейнасць захоўваецца і ў Гістарычным архіве Украіны.
 
Памёр Уладзімір Зянонавіч Завітневіч на пачатку сакавіка (па некаторых дадзеных — у лютым) 1927 года, пахаваны на Кіева-Шчакавіцкіх могілках (там традыцыйна хавалі прафесараў Кіеўскай Духоўнай акадэміі). У 1960-х гадах яны былі знесены.
 
На радзіме вучонага ў Ліцвянах ужо даўно не стала бацькоўскага дома. Няма і царквы — месца службы бацькоў. На яе месцы ўзвышаецца сельскі дом культуры. Койданаўская Пакроўская царква адноўлена і дзейнічае. Яе настаяцель протаіерэй благачынны айцец Мікалай Леднік цярпліва ўзнаўляе летапіс царквы. У яго сабраны матэрыялы пра жыццё і дзейнасць яго папярэдікаў, у тым ліку і аб  протаіерэі Зяноне Завітневічы.
 
Такім быў ён, наш зямляк, годны прадстаўнік беларускага народа — Уладзімір Зянонавіч Завітневіч. Бясспрэчна, яго асоба дастойна глыбокай павагі і ўшанавання, а спадчыне наканавана грунтоўнае ўсебаковае вывучэнне.

Уладзімір Кісялёў
 


Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.