Беларускі праваслаўны каляндар на 2003 год

Беларускі праваслаўны каляндар на 2003 годКожны пражыты год – гэта яшчэ адзін, хоць і невялікі крок на шляху пашырэння хрысціянскага асветніцтва, вяртання і засваення сучаснікамі шматгадовага вопыту і традыцый хрысціянскага быцця нашых пабожных продкаў. Мэтай “Беларускага Праваслаўнага Календара”, як і раней, застаецца набліжэнне жыцця сучаснага чалавека да літургічнага богаслужбовага кола Царквы, дапамога яму ў пошуку шляхоў да храмаў Божых, дзе знікае жыццёвая мітусня, а “ўладарыць Дух і Слова”.

Вялікай заступніцай і малітоўніцай за ўсе пакаленні хрысціян была і застаецца Божая Маці. Яе цудатворныя іконы – залог няспыннай увагі і любові да нас, сведчанне нябачнай прысутнасці “цёплай Заступніцы свету халоднага”. Упершыню ў Календары на 2003 год названы тыя цудатворныя іконы Божае Маці, якія найбольш ушаноўваюцца ў Беларусі (пазначаны *) .

У 2002 г. пашырыўся сінодзік Сабора Беларускіх Святых. Пастановай св. Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 31 студзеня 2002 г. да ліку мясцовашанаваных святых былі далучаны святыя, якія былі кананізаваныя раней і падзвіжніцкая дзейнасць якіх звязана з гісторыяй беларускай зямлі. У Календары прыводзіцца пералік святых зямлі Беларускай, а таксама даюцца тыя жыццяпісы, якія не друкаваліся раней.

У раздзеле “Малітваслоў” змешчаны пераклад вячэрніх малітваў на беларускую мову. Царква настаўляе кожнага хрысціяніна не адыходзіць да сну без гарачай малітвы да Госпада са скушаным і пакорлівым сэрцам. Гэта і малітвы падзякі Госпаду за дараваныя нам шчодрасці, і пакаянне за ўчыненыя за дзень грахі, і надзея на будучае ўваскрасенне. Пераклад зроблены кандыдатам багаслоўя протаіерэем Сергіем Гардуном.

Раздзел “Рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя” пазнаёміць чытачоў з жыццём і архіпастырскім служэннем мітрапаліта Панцеляімана (Ражноўскага), якому давялося здзяйсняць свяціцельскі подзвіг у першай палове ХХ ст., у надзвычай складаны для Беларускай Праваслаўнай Царквы перыяд. Гістарычныя дакументы і ўспаміны сучаснікаў адкрываюць раней невядомыя старонкі жыцця архіпастыра, сведчаць пра яго глыбокую духоўнасць і мудрасць.

Дададак да каляндара:

Малітваслоў. Малітвы вячэрнія
Святыя зямлі Беларускай
Рэлігійныя дзеячы ХХ СТ. (Мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі))

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.