Мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі)

Панцеляіман (Ражноўскі), епіскап Дзвінскі, вікарый Полацкай епархіі. Фота 1913—1914 гг.
Мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі)
(1867 – 1950)
Нарадзіўся будучы архіерэй 27 кастрычніка 1867 года у г. Кастраме на Волзе. Павел быў сынам шталмайстра двара Яго Вялікасці Ражноўскага, продкі якога паходзілі з Польшчы і належалі да старога знатнага роду. Пасля заканчэння рэальнага вучылішча ў Пецярбурзе Павел у чыне афіцэра служыў у сапёрным батальёне ў Вільні, але з першых дзён ваенная служба пачала яго абцяжарваць, асабліва афіцэрскае асяроддзе – частыя сходы, якія праводзіліся ў афіцэрскіх клубах з папойкамі і разам з дамамі лёгкіх паводзін. Для Паўла, высокамаральнага і цнатлівага, такое жыццё было непрыймальным. У 1893 годзе, пасля таго, як ён адслужыў патрэбны стаж і выйшаў у запас, прыехаў у Мінск, дзе жыў напрацягу года. У 1894 годзе Павел Ражноўскі паехаў у свой маёнтак у Сімбірскай губерні, дзе быў абраны губернскім прадвадзіцелем сімбірскага дваранства. У гэтай губерні ў яго было буйное зямельнае ўладанне, якое ён атрымаў у спадчыну ад бацькі. Высокі, амаль двухмятровага росту, з ваеннай выпраўкай, у багатым мундзіры, ён рабіў уражанне на сваіх сучаснікаў. Ніхто і не падазраваў, што ў яго было шмат нявырашаных жыццёвых пытанняў, што гэты бліскучы ва ўсіх адносінах, багаты дваранін знаходзіўся ў духоўных пошуках, быў не задаволены сваім мінулым і сучасным.

Аднойчы ён наведаў Казанскую Духоўную акадэмію. Па неафіцыйна ўсталяваным парадку, прыехаўшага госця суправаджаў гід з ліку студэнтаў. Абавязкі гіда студэнты неслі па чарзе, а часам паводле асабістага прызначэння самога рэктара акадэміі. Да госця акадэміі Паўла Ражноўскага епіскап Антоній (Храпавіцкі) распарадзіўся прыставіць студэнта 4-га курса іерадыякана Уладзіміра (Ціханіцкага)*. Атрымаўся надзвычайны кантраст: госць – губернскі прадвадзіцель дваранства, высокага росту, з ваеннай выпраўкай, апрануты ў багаты мундзір прадвадзіцеля, а суправаджаючы яго гід, іерадыякан Уладзімір, быў ніжэйшым за сярэдні рост, з-за аскетычнага жыцця схуднелы, фізічна слабы, апрануты ў інацкі падраснік. Сваёй знешнасцю абодва ўяўлялі дзве супрацьлегласці, розніца ўнутранага ладу была яшчэ большай.

Рэктар, прызначыўшы гідам іерадыякана Уладзіміра да прадвадзіцеля дваранства Паўла Ражноўскага, у сваім прадбачанні не памыліўся. Кароткія зносіны двух асоб з супрацьлеглымі характарамі і схільнасцямі не толькі іх не адштурхнулі адзін ад аднаго, але, наадварот, зблізілі. Менавіта гэтыя кароткія зносіны і прывялі Паўла Ражноўскага да таго, што ён пакінуў усе свае штацкія пасады і званні і паступіў у Казанскую акадэмію вольным слухачом.

15 верасня 1896 года ён быў пастрыжаны ў манаства ў Казанскім Спаса-Праабражэнскім манастыры з імем Панцеляіман і рукапаложаны ў іераманаха. Адмовіўшыся ад усяго мірскога, будучы мітрапаліт абраў служэнне і подзвіг на ніве Хрыстовай. Ён становіцца на місіянерскі шлях, нясе паслушанне кніганошы, ходзіць па сёлах, глухіх вёсках, разносячы крыжыкі, папяровыя літаграфічныя абразкі, Евангеллі, малітоўнікі і жыццяпісы святых, духоўную літаратуру таннага капеечнага выдання.

У 1897 годзе ён стаў настаяцелем Міраносіцкай пустыні, што ў Казанскай епархіі.

У 1900 годзе ўзведзены ў сан ігумена. У 1904 годзе – настаяцель Загадаеўскага Св.-Іаана Міласцівага манастыра Валынскай епархіі ў сане архімандрыта.

У 1905 годзе прызначаны настаяцелем Віцебскага Свята-Троіцкага манастыра.

2 чэрвеня 1913 года быў хіратанісаны ў епіскапа Дзвінскага. Хіратонія адбылася ў Св.-Успенскім саборы г. Віцебска, чын здзейснілі епіскап Полацкі Уладзімір разам з іншымі іерархамі.

Вікарным епіскапам уладыка Панцеляіман заставаўся да 1917 года, пакуль не пераехаў у Кіеў, дзе праслужыў адзін год. Затым ён напрацягу года служыў у Камянец-Падольску, а ў 1919 годзе пераехаў у Вільню. Тут уладыка Панцеляіман у 1920 годзе атрымаў прызначэнне быць епіскапам Пінска-Наваградскім.

У 1922 годзе епіскап Панцеляіман прысутнічаў на Саборы ў Варшаве, на якім абмяркоўвалася пытанне пра ўтварэнне аўтакефальнай Польскай Праваслаўнай Царквы. Уладыка разам з некалькімі епіскапамі заявіў свой пратэст супраць некананічных дзеянняў членаў Сабора, за што быў гвалтоўна адпраўлены польскімі ўладамі з епархіі і сасланы ў Мелецкі манастыр на Валыні. Пазней уладыку перасялілі ў Жыровіцкі манастыр, у якім ён знаходзіўся да 1939 года. Тут ссыльны епіскап Панцеляіман пасябраваў з настаяцелем манастыра, архімандрытам Венедыктам (Бабкоўскім), і гэтае сяброўства працягвалася да канца зямнога жыцця двух свяціцеляў.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.