Мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі)

У верасні 1939 года, калі Заходняя Беларусь была далучана да СССР, уладыка Панцеляіман, даведаўшыся пра тое, што Гродзенскі епіскап Сава (Саветаў) уцёк за мяжу і пакінуў сваю кафедру, напісаў прашэнне, каб прыняць на сябе кіраўніцтва Гродзенскай епархіяй. Загадам № 613 Маскоўскай Патрыярхіі ад 17 верасня 1939 года уладыка Панцеляіман быў прызначаны архіепіскапам Пінска-Наваградскай епархіі, у якую ўваходзіла і Гродзенская вобласць. Яму было прысвоена званне Экзарха Патрыярхіі для Заходніх Беларусі і Украіны, ён быў узнагароджаны пярлінавым крыжом для нашэння на клобуку. На пачатку чэрвеня 1940 года уладыка пабываў у Маскве і служыў разам з мітрапалітам Сергіем. Магчыма, што строгі і непрымірымы характар уладыкі паўплываў на хуткае яго перамяшчэнне, і ўжо ў ліпені 1940 года ў Луцк прыбыў Экзарх Заходняй Украіны архіепіскап Мікалай (Ярашэвіч), якога прызначылі замест уладыкі Панцеляімана Экзархам Заходняй Беларусі. Уладыку Панцеляімана пастановай Маскоўскай Патрыярхіі зацвердзілі на пасадзе епархіяльнага архіерэя для праваслаўных прыходаў у межах абласцей Баранавіцкай, Беластоцкай і часткі Віленскай з прысваеннем тытула архіепіскапа Гродзенскага і Вілейскага. Новаўтвораная Гродзенска-Вілейская епархія тэрытарыяльна была вялізнай і мела 307 прыходаў. Пажылому ўладыку Панцеляіману было не пад сілу спраўляцца з усімі епархіяльнымі справамі, па яго просьбе і паводле даклада Экзарха Мітрапаліта Мікалая ў Маскве было вырашана рукапалажыць у епіскапа Брэсцкага, вікарыя Гродзенска-Вілейскай епархіі, архімандрыта Венедыкта (Бабкоўскага), настаяцеля Жыровіцкай св. Успенскай мужчынскай абіцелі. Хіратонія адбылася ў Маскве 30 сакавіка 1941 года пры ўдзеле 10 іерархаў, якія былі ў той час у Маскоўскай Патрыярхіі.

Панцеляіман (Ражноўскі), мітрапаліт Мінскі і ўсяе Беларусі. Фота 1943—1944 гг.У чэрвені 1941 года з прычыны таго, што мітрапаліт Мікалай (Ярашэвіч) з-за ваенных падзей больш не мог кіраваць у Беларусі, уладыка Панцеляіман быў узведзены ў сан архіепіскапа і прызначаны Экзархам Беларусі з тытулам Мітрапаліта. У верасні 1941 года епіскап Венедыкт (Бабкоўскі) з Жыровіцкага манастыра прыехаў у Мінск, дзе сустрэўся з начальнікам Мінскай акругі Радыславам Астроўскім, пазней прэзідэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады. Уладыка Венедыкт абмяркаваў з Р. Астроўскім усе пытанні, якія датычылі арганізацыі царкоўнага жыцця ў Беларусі. Апошні выставіў патрабаванне, каб гэтая справа праводзілася ў беларускім нацыянальным духу, каб новыя епіскапы высвячаліся з кандыдатаў беларускай нацыянальнасці. Пры пасрэдніцтве Р. Астроўскага епіскап Венедыкт атрымаў з Генеральнага камісарыята Беларусі ліст на імя мітрапаліта Панцеляімана (Ражноўскага) ад 3 кастрычніка 1941 года, у якім былі ўказаны наступныя ўмовы: а) Праваслаўная Царква ў Беларусі кіруецца сваімі св. канонамі і нямецкая ўлада не ўмешываецца ў яе ўнутранае жыццё; б) Праваслаўная Царква ў Беларусі павінна называцца “Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Нацыянальная Царква”; в) пропаведзь, вывучэнне Закона Божага і царкоўнае справаводства павінны весціся на беларускай мове; г) прызначэнне епіскапаў, благачынных і святароў не павінна праводзіцца без ведама нямецкай улады; д) павінны быць прадстаўленыя статут “Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Нацыянальнай Царквы”; е) богаслужэнні павінны адбывацца на царкоўна-славянскай мове.

Мітрапаліт Панцеляіман і епіскап Венедыкт правялі афіцыйнае паседжанне, на якім пастанавілі: а) прыняць да кіраўніцтва і выканання ўмовы, якія прадстаўлены ў лісце Генеральнага камісарыята Беларусі, б) перанесці рэзідэнцыю мітрапаліта з Жыровіцкага манастыра ў сталіцу Беларусі – г. Мінск, в) адкрыць духоўную семінарыю для навучання кандыдатаў у свяшчэнны сан, г) прысвоіць мітрапаліту Панцеляіману тытул: “Мітрапаліт Мінскі і ўсяе Беларусі”. Пратакол паседжання меў загаловак “Акт №1 дзеяння Сабора Епіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 6 кастрычніка 1941 года”. Упершыню ў гісторыі Беларусі Праваслаўная Царква ў гэтым краі афіцыйна ў акце праваслаўнай іерархіі была названа “Беларускай”. Нямецкі камісар Беларусі генерал Кубэ выдаў дакумент аб прызнанні мітрапаліта Панцеляімана (Ражноўскага) галавой Беларускай Праваслаўнай Царквы на пачатку кастрычніка 1941 года, калі нямецкае войска пажынала плады сваіх перамог на ўсіх франтах захаду і ўсходу.

23 лістапада таго ж года быў хіратанісаны ў Жыровіцкім манастыры ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай мітрапаліцкай епархіі прыбыўшы з Польскай аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы архімандрыт Філафей (Нарко). 30 лістапада ўладыка Панцеляіман разам з епіскапам Філафеем прыбыў у Мінск у сваю рэзідэнцыю. Уладыкі пасяліліся ў будынку былога Праабражэнскага жаночага манастыра ў самым цэнтры горада. Манастырскую царкву, якую пры бальшавіках пераўтварылі ў спартыўны клуб і на якой знеслі купалы, вернікі на пачатку вайны адрамантавалі, і яна стала служыць кафедральным саборам. Цэнтр Мінска немцы разбамбілі, і вялікія дамы стаялі без дахаў. Ва ўцалелых дамах туліліся жыхары Мінска, якія горача маліліся ў адчыненых новымі ўладамі праваслаўных храмах. У савецкай Беларусі амаль усё духавенства было знішчана, таму ў адчыненых у гады нямецкай акупацыі храмах не было каму служыць, і мітрапаліт Панцеляіман шукаў кандыдатаў для рукапалажэння ў свяшчэнны сан. Кандыдатаў было вельмі мала, яны не мелі духоўнай адукацыі і не ведалі царкоўных службаў. Уладыка Філафей рукапакладаў і такіх, але вернікі не скардзіліся і былі рады хоць такім святарам.

Мітрапаліт Панцеляіман не меў ні адміністрацыйнага вопыту, ні вопыту зносін з падначаленымі, бо з 1923 года знаходзіўся ў Жыровіцкай абіцелі ў ссылцы і да 1939 года лічыўся заштатным архіерэем. Яго прамы і бесхітрасны характар, які заўсёды шкодзіў яму ў ягонай кар’еры, а цяпер і яго рускае паходжанне ды манархічныя перакананні вельмі не падабаліся пэўнай групе беларускіх дзеячоў, якія прыбылі ў Беларусь разам з акупацыйнымі нямецкімі войскамі. Па прастаце душы ўладыка Панцеляіман не стаў выконваць умоў немцаў, акрамя таго, ён стаў памінаць за богаслужэннямі ў акупаваным Мінску Маскоўскага мітрапаліта Сергія. Менавіта гэта і стала нагодай для развіцця інтрыгі супраць яго з боку беларускіх нацыяналістаў. Гэтыя дзеячы імкнуліся здзейсніць свае палітычныя мэты адносна Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, і праз Царкву, пры падтрымцы нямецкай улады, спрабавалі праводзіць сваю палітыку. Пачалося з таго, што група гэтых асоб падала мітрапаліту мемарандум, але ўладыка выканаць яго без шкоды для Царквы не мог, і тады гэтыя асобы на пачатку лютага 1942 года пачалі дзейнічаць праз генеральнага камісара Беларусі. На месца нежаданага для беларускіх нацыяналістаў праваслаўнага іерарха імі быў прапанаваны вікарны Слуцкі епіскап Філафей (Нарко). Сам уладыка Панцеляіман не ўсведамляў сваіх дыпламатычных памылак, ён выказваў толькі незадавальненне асобай епіскапа Філафея, якога дарэмна палічыў віноўнікам свайго стану.

У час, калі разгарэўся канфлікт паміж мітрапалітам Панцеляіманам і нямецкімі ўладамі, з Польшчы ў Мінск, з мэтай наведаць свайго брата па манаскім пострыгу — епіскапа Філафея, прыехаў архімандрыт Афанасій (Мартас). Ён сустрэўся з мітрапалітам, які прапанаваў яму дапамагчы скласці статут Беларускай Праваслаўнай Царквы. Статут архімандрыт Афанасій склаў на працягу некалькіх дзён, выкарыстоўваючы ў якасці ўзору Статут Аўтакефальнай Царквы ў Польшы.

Для вырашэння важных царкоўных пытанняў неабходна было склікаць Сабор епіскапаў Беларускай Царквы, якіх на гэты перыяд лічылася тры: мітрапаліт Панцеляіман, епіскап Венедыкт, які служыў у Гродне, і епіскап Філафей. Была суровая зіма 1942 года, рух цягнікоў яшчэ не быў наладжаны, таму за епіскапам Венедыктам быў пасланы ў Гродна архімандрыт Афанасій, які меў намеры вярнуцца з Гродна на сваё месца служэння ў Туркавічы (на Холмшчыне). У свята Стрэчання Гасподняга 15 лютага архімандрыт Афанасій на аўтамабілі, які здабылі ў гарадской управе, адправіўся з Мінска ў Гродна да епіскапа Венедыкта. Яго вандроўка па занесеных снегам ваенных дарогах акупаванай Беларусі заняла тры дні, яна была рызыкоўнай і стамляльнай. Даведаўшыся пра становішча спраў у Мінскай епархіі, уладыка Венедыкт не пажадаў ехаць у Мінск без архімандрыта Афанасія, ён загадаў ехаць з ім назад у Мінск. Зборы ў Мінск занялі амаль два тыдні. Па дарозе яны спыняліся начаваць у Жыровіцкім манастыры і ў Слуцку, і ўрэшце, галоднымі і стомленымі, прыбылі на месца.

Мітрапаліт Панцеляіман вельмі ўзрадаваўся прыезду свайго сябра. Назаўтра ён зрабіў фармальнае паседжанне Сабора Епіскапаў, куды сакратаром быў запрошаны архімандрыт Афанасій (Мартас). Паседжанне пачалося 3 сакавіка 1942 года на другім тыдні Вялікага посту, на ім зацвердзілі без паправак статут Беларускай Праваслаўнай Царквы, прызначылі епіскапаў на кафедры, якіх паводле статута налічвалася шэсць: Віцебска-Полацкая, Беластоцка-Гродзенская, якая тэрытарыяльна адносілася да Усходняй Прусіі з Экзархам на чале, Мінска-Вілейская, Магілёўска-Мсціслаўская, Навагрудска-Баранавіцкая і Смаленска-Бранская, пазней была ўтворана Гомельска-Мазырская кафедра. Епіскапам гэтай кафедры стаў удовы протаіерэй, настаяцель Св.-Пакроўскага сабора ў Гродне Георгій Барышкевіч. З імем Грыгорыя яго хіратанісалі ў епіскапа Гомельскага і Мазырскага ў Вене ў 1943 годзе. З гэтых беларускіх гістарычных епархій дзве былі новыя, хаця Наваградская была старажытнай мітраполіяй.

Пастанавілі прызначыць на Мінскую кафедру мітрапаліта Панцеляімана і лічыць гэтую кафедру мітрапаліцкай, на Магілёўскую – епіскапа Філафея, на Беластоцка-Гродзенскую – епіскапа Венедыкта, на Смаленскую – удовага протаіерэя Сімяона Сеўбу, з пастрыжэннем у манаства і хіратоніяй у сан епіскапа, на Наваградскую – епіскапа Веніяміна, які ў той час займаў Палтаўскую кафедру на Украіне, на Віцебскую – архімандрыта Афанасія (Мартаса) з хіратоніяй у епіскапа. Хіратонія яго супала з Крыжапаклоннай нядзеляй, і вечарам таго ж дня савецкія самалёты ўпершыню бамбілі Мінск. Пры садзеянні нямецкіх уладаў са Смаленска ў Мінск быў прывезены архімандрыт Сцяфан, якога ў нядзелю 17 мая 1942 года хіратанісалі ў епіскапа Смаленскага.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.