Мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі)

Канфлікт паміж мітрапалітам Панцеляіманам і беларускімі дзеячамі скончыўся аддаленнем уладыкі ад спраў: 1 чэрвеня 1942 года ён перадаў сваю мітрапаліцкую ўладу вікарнаму епіскапу Філафею (Нарко). Адслужыўшы апошні малебен для мітрапаліта, і выслухаўшы яго развітальныя словы: “Даручаю вас усіх пакрову Царыцы Нябеснай”, уладыку Панцеляімана раніцай наступнага дня разам з ягоным келейнікам а. Юліянам праводзілі ў Ляды (30 кіламетраў ад Мінска). Прывезлі іх сюды на аўтамабілі нямецкія чыны. Тут ссыльнага ўладыку размясцілі ў былым манастыры, на зіму немцы перавезлі ўладыку ў Вілейку, дзе ён жыў у доме мясцовага святара пад наглядам нямецкай ваеннай паліцыі.

Калі раней беларускія дзеячы назалялі ўладыку Панцеляіману, то цяпер з імі сутыкнуўся ўладыка Філафей (Нарко). Ён не стаў патураць гэтым палітычным дзеячам: адмовіўся правесці рэгістрацыю ўсіх благачынных у мітраполіі з мэтай іх перамяшчэння і звальнення рускіх, з прызначэннем на месцы благачынных толькі беларусаў; адмовіўся ад арганізацыі пры архіерэях “рады” з асоб духоўных і свецкіх; адмовіўся таксама змяніць склад гарадскога духавенства ў Мінску і Мінскай кансісторыі, каб прызначыць сюды толькі беларусаў (прозвішчы гэтых кандыдатаў называліся самімі дзеячамі).

Сваю адмову ўладыка Філафей матываваў тым, што такія пытанні можа вырашыць толькі мітрапаліт. Тады беларускія нацыяналісты сталі задумвацца ўжо пра аддаленне ад царкоўных спраў епіскапа Філафея, але яны разумелі, што гэтае пытанне ад іх не залежыць. Таму яны сталі ўздзейнічаць на беларускіх епіскапаў праз нямецкія акупацыйныя ўлады.

У жніўні-верасні 1942 года ў Мінску адбыўся царкоўны Усебеларускі Сабор, дэлегатамі на яго былі абраныя прадстаўнікі духавенства і міранаў. Гэты сабор быў скліканы паводле патрабавання нямецкага генеральнага камісара Беларусі для абвяшчэння аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Натхніў на гэта немцаў беларускі актыў, які складаўся з пяці-шасці чалавек. Але, насуперак іх чаканням, дэлегаты, якія сабраліся на Сабор, не абвясцілі незаконную аўтакефалію, а толькі зацвердзілі статут для БПЦ. Абвяшчэнне аўтакефаліі адклалі да спрыяльных кананічных умоў пасля заканчэння вайны і незалежнасці Беларусі. Немцы прымірыліся з такім станам царкоўных спраў і больш не цікавіліся гэтым пытаннем. Маўчалі наконт гэтага і беларускія актывісты.

Перад Вялікаднем 1943 года паводле патрабавання трох беларускіх епіскапаў Філафея (Нарко), Сцяфана (Сеўбы) і Афанасія (Мартаса), немцы вярнулі мітрапаліта Панцеляімана ў Мінск, уладыка пасяліўся ў сваіх мітрапаліцкіх пакоях. Пад яго старшынствам адбылося паседжанне Сінода. Першым пунктам было падпісанне лістоў да патрыярхаў. Гэтым лістам беларускія ўладыкі не надавалі ніякага значэння, яны былі напісаныя для таго, каб пазбегнуць непрыемнасцяў з боку нямецкіх уладаў (потым іх перадалі ў камісарыят, далейшы лёс гэтых лістоў нікому дагэтуль невядомы). На Сінодзе былі вырашаны некаторыя іншыя пытанні царкоўнага жыцця.

У маі 1944 года нямецкі генеральны камісар запатрабаваў склікаць Сабор епіскапаў для асуджэння выбараў у Маскве патрыярха Сергія. Уладыкі з’ехаліся на Сабор на пачатку мая і засядалі некалькі дзён, ганаровым госцем на Саборы быў прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Р. Астроўскі. Акрамя яго на Сабор былі запрошаныя епіскапы з Пінска і Брэста, якія не ўваходзілі ў склад БПЦ. Сабор вынес пастанову наконт Маскоўскага патрыярха Сергія, чым былі задаволены нямецкія ўлады, якія працэдуру падпісання гэтай пастановы епіскапамі нават сфатаграфавалі. На гэтым справа і скончылася. Сабор прысвоіў мітрапаліту Панцеляіману патрыяршы тытул “Блажэннейшы” і закрыўся. Архіерэі паспешна раз’ехаліся па сваіх епархіях, паколькі з Усходу хутка прасоўваўся фронт.

Першы ліст чарнавіка аўтабіяграфіі мітрапаліта Панцеляімана. Аўтограф з архіва аўтара.У канцы чэрвеня 1944 года беларускія епіскапы сталі з’язджацца ў Гродна, каб пры першай жа магчымасці эвакуіравацца ў заходнім напрамку – у Германію. Немцы, рыхтуючыся да адступлення, палілі склады і забіралі з сабой усё, што толькі магло змясціцца ў чыгуначных вагонах і машынах. У Гродне было трывожна, але панікі сярод насельніцтва не назіралася. Уладыка Афанасій давёз да горада з вялікімі цяжкасцямі (цудам застаўся жывы падчас бамбёжкі цягніка пад Лідай) Смаленскага уладыку Сцяфана (Сеўбу). Пад час вандроўкі той па неасцярожнасці трапіў пад аўтамабіль і моцна ўдарыўся. Уладыкі ў поўным складзе Сабора Беларускіх Епіскапаў сабраліся ў будынку Гродзенскай кансісторыі і чакалі, калі, урэшце, нямецкія ўлады ім пададуць вагон. У Гродне ім прыйшлося чакаць амаль два тыдні, але, калі да іх дайшла чарга ад’язджаць, уладыка Сцяфан адмовіўся пакідаць радзіму. Нямецкі жандар гвалтоўна пасадзіў яго ў машыну, прывёз на вакзал і пасадзіў у вагон.

Шлях беларускіх іерархаў ляжаў праз Мазурскія азёры ва Усходняй Прусіі, праз вокны вагона былі бачныя сядзібы нямецкіх хутаранаў, такія не падобныя на жабрацкія і ўбогія хаткі роднай Беларусі. Першай станцыяй на шляху беларускіх уладыкаў, якія назаўсёды пакінулі сваю радзіму, сталі Сасновіцы – тут прыняў іх на пастой мясцовы святар Канстанцін Гаўрылкоў.

Не будзем пералічваць усе шматлікія маленькія станцыі і гарадкі Германіі, дзе часова спыняўся мітрапаліт Беларускай Праваслаўнай Царквы Блажэннейшы Панцеляіман (Ражноўскі) з беларускімі епіскапамі, якія пакорна раздзялілі лёс сваіх суайчыннікаў на чужыне ў ліхія ваенныя і пасляваенныя гады. Уладыка Панцеляіман імкнуўся служыць у храмах літургію пры першай жа магчымасці, але па старасці і слабасці ён ніколі ўжо не ўзначальваў епіскапскую кафедру.

Усе былыя беларускія ўладыкі ў 1946 годзе ўвайшлі ў Рускую Праваслаўную Царкву За мяжой, кожны з іх атрымаў у кіраўніцтва епіскапскую кафедру, хто ў Германіі, хто ў Аргенціне, хто ў Канадзе ці ў ЗША. Пра апошнія гады жыцця на чужыне мітрапаліта Панцеляімана расказаў у сваіх успамінах святар Сяргей Наумаў:

“Гэта было увосень напрыканцы кастрычніка 1947 года ў лагеры Малы Шлейсхайм каля Мюнхена на аэрадроме. Прыбыўшых з лагера Дзі-Пі Байрот (лагер для перамешчаных асоб – Н. Д.) мітрапаліта Панцеляімана (Ражноўскага) і уладыку Венедыкта (Бабкоўскага) размясцілі ў адміністрацыйным доме, дзе знаходзілася лагерная канцылярыя. Ім адвялі добрыя пакоі. Я ў гэты час знаходзіўся на пасту, паколькі нёс службу лагернага паліцэйскага. Па заканчэнні дзяжурства я адразу ж пайшоў у адміністрацыйны дом, каб пабачыць прыбыўшых высокіх гасцей. Яны знаходзіліся ў адным з пакояў, дзверы ў яе была адчынены. Убачыўшы іх, я не мог адразу прызнаць, хто з іх быў мітрапаліт, а хто – архіепіскап. Адзін з іх быў высокі хударлявы, а другі – ніжэйшы ростам, поўны і грузны. У першага, высокага, была выпраўка як у ваеннага. Я стаяў у калідоры, глядзеў на іх: хто ж з іх мітрапаліт? Спярша трэба падыходзіць за благаславеннем да старэйшага па чыну. Мой выбар безпамылкова трапіў на высокага ўладыку. Гэта і быў уладыка мітрапаліт Панцеляіман. Падыходжу да яго за благаславеннем, ён мяне благаслаўляе і кажа: “Доўга ж вы думалі, хто з нас старэйшы, але не памыліліся, правільна вызначылі. Я – мітрапаліт Панцеляіман, а гэта мой калега архіепіскап Венедыкт. Будзем знаёмыя”. Затым мітрапаліт пытаецца ў мяне: “Вы з якіх краёў будзеце?” Я яму адказваю, што з такіх-та месцаў. Ён мне кажа: “Так, бываў я ў вашых краях, асабліва ў горадзе Пярмі. Месцы вашыя прыгожыя, маляўнічыя… Прыходзьце праведаць нас старых”. Такім вось чынам пачалося маё першае знаёмства з уладыкамі і далейшае сяброўства з імі.

Уладыка мітрапаліт Панцеляіман у пасляваенныя гады меў вялізную перапіску з рускімі, якія знаходзіліся ў розных лагерах Дзі-Пі і на прыватных кватэрах у немцаў. Шмат было абяздоленых, тых, што знаходзіліся ў гаротным стане. Да ўладыкі адусюль паступалі грошы, ад розных асобаў, якія мелі магчымасць дапамагаць бедным. Ён быў добры, міласэрны, жаласлівы да абяздоленных людзей. Адна рука ягоная прымала, а другая тут жа раздавала. Я быў пры ўладыку яго бліжэйшым памочнікам, ён мне даручаў рабіць грашовыя пераводы па пошце многім асобам, хто знаходзіўся ў галечы.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.