Мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі)


Аднойчы прыходжу да уладыкі ў келлю і бачу Біблію на рускай мове. У мяне з’явілася гарачае жаданне пазнаёміцца з ёй, яле ніяк не знаходзіў смеласці папрасіць яе. Уладыка, гледзячы на мяне, устаў з крэсла і падае мне Біблію: “Вось, паколькі у вас есць жаданне прачытаць Біблію, бярыце і чытайце з вялікай увагай. Што будзе незразумелым, спыніцеся і зноў прачытайце, і так да тае пары, пакуль не стане зразумела. Гэтая кніга боганатхёная, яе трэба чытаць патрошкі. Трымайце Біблію да таго часу, пакуль мне не спатрэбіцца”.

Аднойчы ўладыка даў мне для чытання цікавую кнігу з галіны фантастыкі, аўтара Бяляева. Кнігу я пратрымаў прыкладна каля месяца, так і не адкрыўшы, паколькі чытаў яе раней. Прыношу кнігу да ўладыкі і аддаю яму. Ён паглядзеў на мяне, усміхнуўся і кажа:

“Вы гэтую кнігу не чыталі, хацелі старога падмануць, а я ўсё ведаю і ўсё бачу”. Безумоўна, прыйшлося прызнаць сваю віну, а за нядбайнасць перад ім папрасіць прабачэння. “Вазьміце зноў гэтую кнігу і прачытайце, тады і прыносьце” – сказаў мне. Прыйшлося ў другі раз прачытаць гэтую кнігу, на што патраціў два-тры дні. Калі вяртаў яе ўладыку, ён мне сказаў: “Вось цяпер вы яе прачыталі”.

Уладыка Панцеляіман быў вялікі малітвенік і празарлівец. Сваю празарлівасць ён хаваў ад людзей, але не ад мяне. Мне вельмі часта даводзілася бываць у яго. Уладыка любіў мяне і калі дзень ці два я не бываў у яго, то ён рабіў мне заўвагу, чаму я да яго не прыходжу. “Вы мне ніколі не перашкаджаеце, паміж намі ёсць нейкая сваяцкая духоўная сувязь”, – казаў ён у гэтых выпадках. Чым мог, і што было ў маіх сілах, я заўсёды яму дапамагаў, быў заўсёды гатовы зрабіць яму любую паслугу.

Аднойчы ўвосень прыязджае да ўладыкі Панцеляімана, а быў ужо вечар, епіскап Іаан (Шахоўскі), які выразіў жаданне пра нешта з мітрапалітам пагаварыць, але ўладыка ў катэгарычнай форме адмовіўся яго прымаць. “У мяне з вамі нічога агульнага няма і быць не можа, вы чалавек для мяне цалкам чужы”, – адказаў ён госцю. На наступны дзень ён зноў адмовіўся яго прымаць. Мне ж так сказаў: “Учора і пазаўчора у мяне быў госць у ярмолцы, але я яму адмовіў і ён больш не адважыцца да мяне прыехаць”.

Аднойчы прыязджае да ўладыкі легкавая “імкаўская” машына, уваходзіць Р. П. У гэты час з уладыкам у келлі былі архіепіскап Венедыкт і я. Гэты спадар запрашае яго на нейкі “імкаўскі” сход. Уладыка Панцеляіман адмаўляецца з-за асенняй непагадзі і позняга вячэрняга часу: “Мы, старыя, не зусім здаровыя”. Уладыка Венедыкт дае згоду паехаць, але мітрапаліт спыняе яго: “Праасвяшчэннейшы, вы мне нядаўна скардзіліся, што ў вас галава баліць і вас калоціць, куды ж вы паедзеце такі хворы?” Яны катэгарычна адмовіліся ехаць на гэты сход. Як толькі спадар Р. П. паехаў, уладыка Панцеляіман кажа ўладыку Венедыкту: “Бачыш, як яны хочуць нашымі свяціцельскімі расамі прыкрыцца, праводзячы сваю масонскую працу. Ведаеш, што ІМКА ёсць масонская арганізацыя?”

Неяк раніцай прыходзіць да уладыкі нейкі святар і просіць яго прыняць. Уладыка, не бачыўшы наведвальніка, раптам затупаў нагамі і закрычаў: “Ідзі адсюль, як цябе д’ябал навучыў прыйсці сюды, каб сапсаваць мой душэўны стан. Ідзі, каб і духу твайго тут не было”. Пасля таго, як святар пайшоў, я спытаў уладыку, чаму ён не захацеў яго прыняць. Ён мне адказаў: “У гэтай справе вы нічога не разумееце, вашая справа – у печы паліць і чай грэць”.

Аднойчы я надумаў варэнікі варыць з тварагом. Усё падрыхтаваў, пачаў у печы распальваць. Чую стук у дзверы, спытаў, хто там. Бачу, заходзіць да мяне ўладыка Панцеляіман і адразу кажа: “Ну, вось, я прыйшоў за варэнікамі, я ведаю, што ты іх варыш. Мы з праасвяшчэннейшым Венедыктам вельмі любім есці варэнікі. Ідзі запрасі яго і ўладыку Грыгорыя. Вунь яны ў лесе гуляюць, а я буду ў печцы паліць і ваду грэць”. Я знайшоў іх, запрасіў і ўсіх пачаставаў сваім кулінарным вырабам. Яны былі вельмі задаволеныя такім пачастункам. Аднойчы я сабраўся паехаць з сякім-такім таварам, каб збыць яго сярод немцаў-бауэраў. Увечары заходжу да ўладыкі, не кажучы яму пра свой намер паспрабаваць прадаць тавар назаўтра раніцай. Папрасіў ягонага благаславення, а ён кажа: “Вось вы заўтра едзеце збыць свой тавар, заадно вазьміце і мой тавар. У мяне шмат накапілася розных дробязяў, якія займаюць месца”. Уладыка пачаў збіраць усё, што яму было не трэба: кашулі, бялізну, адзенне, зубную пасту, ножыкі для галення і г. д. Потым кажа мне: “Памалюся Богу, каб гандаль ішоў паспяхова”. Сапраўды, у гэты раз гандаль быў вельмі паспяховы. Які б кошт не запрошваў, тавар бралі з ахвотай.

Мітрапаліт Мінскі і ўсяе Беларусі  Панцеляіман (Ражноўскі).Увосень 1950 года ў першы дзень Філіпавага посту прыходзіць раніцай да ўладыкі адна знаёмая і прыносіць яму міску печанай бульбы: “Вось я вам, уладыка святы, прынесла печанай бульбы, бо сёння пачатак посту”. Уладыка дзякуе ёй: “Ведаем, ведаем, што пачатак посту. Вось мы з Аляксеем Міхайлавічам паядзім. Вялікі дзякуй”. Знаёмая стаіць і ўважліва аглядвае ўсю келлю мітрапаліта. Калі выйшла, уладыка мне кажа: “Бачыш, прыйшла спецыяльна праверыць, ці есць уладыка мяса”. Пасля гэтага выпадку сустрэў я гэтую знаёмую ў лагеры і пытаю, ці не прыносіла яна бульбу з намерам праверыць, ці не есць у пост уладыка скаромнае? “Так, менавіта такая думка ў мяне была… Адкуль вы гэта ведаеце?” – здзівілася яна. Я ёй адказаў, што пасля, таго як яна пайшла, пра гэта мне сказаў сам уладыка.

Перад сваёй канчынай мітрапаліт Панцеляіман пераехаў жыць у Мюнхен на Маўеркірхенштрассэ да ўладыкі Венедыкта (Бабкоўскага). У той час архіепіскап Венедыкт быў кіраўніком Германскай Епархіі РПЦЗ. Мітрапаліт Панцеляіман, прадчуваючы свой хуткі сыход з зямнога жыцця пачаў абыходзіць усіх сваіх знаёмых, якія былі блізкія ягонаму сэрцу. Ён развітваўся, кажучы, што з ім у гэтым жыцці больш не ўбачыцца, а ў будучым – залежыць ад Госпада. Двум епіскапам ён проста сказаў: “Паміраю я”.

Ужо некалькі гадоў ногі яго былі вельмі апухшыя, а за апошнія месяцы ператварыліся ў бясформенныя калоды. Але уладыка ніводнага дня не правёў у ложку і толькі ў рэдкіх выпадках прапускаў богаслужэнні. Да апошніх дзён свайго жыцця ён служыў Божую літургію.

Тады ж уладыка наведаў і мяне. Жыў я пры царкве ў пакоі, што прылягаў да “панамаркі”. Калі ўладыка зайшоў да мяне, я ўзяў у яго благаславенне. Ён уважліва агледзеў мой пакой і кажа: “Вось як добра ў вас, так і жывіце, мне вашае жыццё падабаецца”. Ён даў мне некаторыя духоўныя настаўленні і прадказаў, што я буду святаром, але не хутка. Ён сказаў мне на рзвітанне: “Я заўсёды за вас малюся прад Госпадам, а калі буду мець дзёрзкасць прадстаць прад Ім у будучым жыцці, не пакіну вас і там у сваіх малітвах, вы вельмі блізкія майму сэрцу”.

Уладыка Панцеляіман спачыў 30 снежня 1950 года на 84 годзе свайго жыцця. Цела ягонае прывезлі ў лагер Шлейхсхайм і паклалі ў царкве. На адпяванне сабралася вельмі шмат святароў з усіх лагераў Дзі-Пі Германіі. Святары чыталі святое Евангелле, а з 12 гадзін ночы да 7 раніцы мне прыйшлося чытаць Псалтыр. Роўна ў 5 гадзін раніцы я адчуў прысутнасць уладыкі, які стаяў побач са мной, я адчуў яго цеплыню. Напачтку мяне агарнуў страх, я стаў чытаць Псалтыр мацней, але паступова страх прайшоў. Было такое адчуванне, як быцам ўладыка мне нешта паказвае і, нахіліўшыся, пра нешта мне гаворыць, але зразумець я таго не мог. Адчуванне прыстунасці ўладыкі побач са мной працягвалася роўна гадзіну, у 6 раніцы ён стаў ад мяне аддаляцца. У мяне быў стан чалавека, які працаваў усю ноч і стаў засынаць на хаду і раптам, спатыкнуўшыся ці пачуўшы крык, адолеў санлівасць: яна пачала адыходзіць ад яго нейкімі хвалямі… Дакладна такое ж адчуванне я перажыў, калі адчуў, што ўладыка стаў ад мяне аддаляцца.

Раніцай к 8 гадзінам сабраліся ў храме каля труны ўладыкі ўсе святары, ім я расказаў пра начное наведванне нябожчыка. Мне, вядома, ніхто не паверыў. Толькі айцец Аркадзь Маісееў спытаў мяне: “Колькі вам гадоў? Сорак? Так, зарана вам мець такое адчуванне… Тое, што вы перажылі сёння, ёсць сапраўды духоўнае адчуванне. Паколькі ўладыка вас вельмі любіў, яго душа і наведала вас. Дзякуйце за гэта Богу”.

Пасля адпявання ўладыкі цела ягонае перанеслі на месца супакаення на Фельдмохінскіх могілках**. Мне прыйшлося ў гэты час званіць пераборам, праважаючы ўладыку. Скончыўшы званіць, я вярнуўся ў царкву, каб зачыніць дзверы. І тут я убачыў страшную пустэчу ў храме, як быццам я знаходзіўся ў пекле: усе абразы стаяць на сваіх месцах, лікі ёсць, але ўсё боскае, духоўнае, благадаць Гасподняя ў іх адсутнічае! Мяне ахапіў жах. Хутка зачыніў дзверы, сеў на веласіпед і памчаўся на могілкі. Прыяжджаю, ліція была ўжо скончана, цела ўладыкі Панцеляімана апушчана ў магілу і засыпана зямлёй. Вярнуўся з могілак і зайшоў у царкву. Там было па-ранейшаму благадатна, пустэчы ўже не адчувалася. Думаю, што ўсе святыя і благадаць Божая праважалі ўладыку на месца ягонага супакаення.

Пасля смерці ўладыкі ў сярэдзіне саракавуста, пад час маёй вячэрняй малітвы перад сном, уладыка наведаў мяне зноў, ён быў радасны, ззяючы. Нічога не сказаўшы, ён аддаліўся ад мяне.

На гэтым заканчваю свае ўспаміны пра ўладыку мітрапаліта Панцеляімана. Богу нашаму слава!”



* У 1922 годзе Беластоцкі епіскап Уладзімір (Ціханіцкі) за непрыняцце антыкананічнай аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквы быў арыштаваны польскімі ўладамі ў Гродне, заключаны ў каталіцкі манастыр, затым высланы за межы Польскай дзяржавы. Памёр у 1959 годзе ў Парыжы ў сане мітрапаліта.

** Дзі-Пі лагер Шлейсхайм не меў сваіх могілак, і памерлых бежанцаў хавалі на бліжэйшых могілках у прыгарадзе Мюнхена – Фельдмохінг. Там былі побач пахаваныя ўладыка Панцеляіман і ўладыка Венедыкт (+ 1951). У лютым 1987 годзе іх прах быў перавезены і перазахаваны на рускіх гістарычных могілках каля горада Вісбадэн.


Наталля Дораш

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.