Архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко)

Архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко)Архіепіскап Антоній (Антоній Рыгоравіч Зубко) нарадзіўся 2 ліпеня 1797 г. у сяле Белым Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям’і уніяцкага святара. У 6 год Антоній страціў бацьку і рос сіратой. Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовага арганіста. У 1809 г. паступіў у Полацкую уніяцкую семінарыю, дзе навучаліся “юнакі з самых бедных святарскіх сем`яў”. Пасля заканчэння 5-класнага агульнаадуцкацыйнага курса ў 1816 г. перайшоў у Полацкую іезуіцкую акадэмію, якую скончыў у 1818 г. са ступенню кандыдата філасофіі. Працягваючы адукацыю, у тым жа годзе паступіў у Галоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце (багаслоўскі факультэт). Менавіта тут завязалася моцнае сяброўства Антонія Зубко с будучым мітрапалітам Іосіфам Сямашкай, якое адыграла ў яго жыцці вялізную ролю. Вось як пра гэта ўспамінаў сам Антоній у 1860-я гг.: «Паступіўшы ў Галоўную семінарыю, я застаў там цяперашняга Віленскага мітрапаліта Іосіфа Сямашку, які двума гадамі раней мяне паступіў у гэтую ўстанову, так што мне давялося два гады вучыцца разам з ім». У 1822 г. Антоний Зубко скончыў Галоўную семінарыю са ступенню магістра багаслоўя і быў прызначаны прафесарам філасофіі ў Полацкую семінарыю. Выкладаў логіку, рыторыку, царкоўную агульную гісторыю, маральнае багаслоўе.
 
У 1824 г. Антоній быў рукапаложаны цэлібатам ва ўніяцкага святара полацкага Сафійскага кафедральнага сабора і прызначаны членам Полацкай кансісторыі. Праз год узведзены ў малодшыя саборныя протаіерэі і прызначаны асэсарам (засядацелем) уніяцкага аддзялення Рыма-каталіцкай калегіі ў Санкт-Пецярбургу. Іосіф Сямашка ўспамінаў пазней аб гэтым так: «На другое трохгоддзе прыбыў засядаць у калегіі мой савучань па Галоўнай семінарыі, прамы і шчыры чалавек, які стаў пасля архіепіскапам Мінскім, Антоній. З таго часу тры гады мы былі неразлучныя і ў занятках, і ў забавах, і нават у сталаванні». У 1827 г. протаіерэй Антоній прызначаны рэктарам новаўтворанай Літоўскай уніяцкай семінарыі ў Жыровічах. Можна сказаць, што Жыровічы былі ў той час аазісам асветы ў так званых Літоўскіх губернях. Па словах самога Антонія (Зубко), «у нас выпрацоўваўся, выспяваў незалежны нам погляд на жыццё, на Русь і Польшчу, на Праваслаўе, рымскі каталіцызм і на нашу ўнію». У 1828 г. протаіерэй Антоній быў узнагароджаны наперсным крыжам і ордэнам св. Уладзіміра IV ступені, у 1832 г. узведзены ў старшыя саборныя протаіерэі.
 
У 1833 г. адбылася архіерэйская хіратонія, якую здзейснілі мітрапаліт Ігнацій Булгак, епіскап Іосіф Сямашка, каталіцкі епіскап Паўлоўскі. Антонія прызначылі уніяцкім епіскапам Брэсцкім, вікарыем Літоўскай епархіі. Адначасова ён заставаўся на пасадзе рэктара Літоўскай семінарыі.
 
У студзені 1839 г. Антоній прыбыў у Полацк, дзе удзельнічаў у падпісанні акта Полацкага сабора аб уз’яднанні ўніятаў з Праваслаўем. Яго подпіс стаіць трэцім пасля Іосіфа Сямашкі і Васілія Лужынскага. Такім чынам, епіскап Антоній у складзе уніяцкой іерархіі быў прыняты ў Рускую Праваслаўную Царкву ў існуючым сане. 
         
Пасля ўз’яднання, паводле рэкамендацыі архіепіскапа Іосіфа Сямашкі, Свяцейшым Сінодам планавалася прызначыць у заходнія епархіі новых епіскапаў з уніятаў. Архіепіскап Іосіф лічыіў, што «праасвяшчэнны Антоній, вікарый Літоўскай епархіі, калі меркаванне пра яго здзейсніцца, узначаліць епархію Мінскую, таму што гэты сродак самы зручнейшы і рашучы поспех абяцаючы, па далучэнні ў гэтай апошняй епархіі, вернутых з уніі праваслаўных, якія знаходзяцца па Мінской губерні ў вялікай колькасці ў параўнанні са старажытнаправаслаўнымі». 
 
28 студзеня 1840 г. Антоній быў прызначаны епіскапам Мінскім і Бабруйскім. Гэта быў новы тытул мінскіх архіеряў, аднак, як і раней, яны заставаліся настаяцелямі Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Епіскап Антоній стаў першым беларусам, які кіраваў Мінскай епархіяй. Пры ім завяршылася распачатае архіепіскапам Ніканорам перамяшчэнне са Слуцку ў Мінск семінарыі. У тым жа годзе ў Мінску адбылося адкрыццё перанесенай семінарыі і асвячэнне семінарскай царквы. Але ўжо ў пачатку 1841 г. епіскап Антоній падаў прашэнне ў Св. Сінод аб звальненні на пакой па хваробе. Але Св. Сінод прадаставіў яму бестэрміновы адпачынак «да самога выздараўлення», а кіраванне Мінскай епархіяй даручыў епіскапу Брэсцкаму Міхаілу (Галубовічу), вікарыю Літоўскай епархіі, будучаму Мінскаму архіепіскапу. У канцы жніўня таго ж года Антоній зноў прыступіў да кіравання Мінскай епархіяй, ужо ў сане архіепіскапа.
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.