Архіепіскап Мінскі і Бабруйскі Антоній (Зубко)

        
Архіепіскап Антоній неаднаразова наведваў розныя прыходы епархіі. Ён клапаціўся аб прыгажосці храмаў і дабрабыце духавенства. У 1842–43 г. у чарговы раз быў зроблены рамонт у Мінскім Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы. У многіх прыходах сталі адкрывацца першыя ў Мінскай епархіі прыходскія школы. Тады ж была адкрыта духоўнае вучылішча ў Пінску. А ў Мінску быў узведзены прыгарадны архіерэйскі дом з царквою ў імя св. Антонія – нябеснага апекуна Мінскага архіепіскапа. Гэты дом, які атрымаў пазней назву "Антоніева пустынь", знаходзіўся ў раёне цяперашняга Мінскага аўтазавода. У 1844 г. колькасць асобаў праваслаўнага веравызнання па епархіі дасягнула 705 792 чалавек. Вясной 1845 г. дзейнасць архіепіскапа Антонія была адзначана, ён атрымаў яшчэ адну царкоўную ўзнагароду — ордэн Св. Уладзіміра II ступені.
 
Паколькі беларускія епархіі практычна напалову складаліся з былых уніятаў, Св. Сінод       у 1845 г. прызнаў патрэбным, каб Іосіф Сямашка, архіепіскап Літоўскі, адправіўся для агляду Магілёўскай, Мінскай і Полацкай епархій, звярнуўшы ўвагу на стан у іх духавенства, на адносіны яго да паствы, на стан духоўна-навучальных устаноў і ўвогуле, на ўсё тое, што прызнае ён дастойным увагі адносна добраўпарадкавання епархій і духоўнага дабрабыту паствы. Архіепіскап Іосіф, даўні сябар архіепіскапа Антонія, прыбыў у Мінск і ў кафедральным саборы адбылося ўрачыстае набажэнства, у якім прынялі ўдзел архіепіскапы Іосіф і Антоній з гарадскім духавенствам. Архіепіскап Іосіф застаўся задаволеным станам спраў у Мінскай епархіі, таму што архіепіскап Антоній да таго часу шмат што паспеў зрабіць для таго, каб палепшыць адносіны праваслаўных з былымі уніятамі і згуртаваць паству.
         
У 1848 г. архіепіскап Антоній быў звольнены на пакой. Некаторы час ён жыў у пабудаваным на ягоныя сродкі прыгарадным архіепіскапскім доме, затым у сваім маёнтку у Барысаўскім павеце, праз нейкі час пераехаў у Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, дзе у свой час быў рэктарам семінарыі. У 1864 г. па запрашэнні архіепіскапа Іосіфа Сямашкі пасяліўся ў Пажайскім Свята-Успенскім монастыры Ковенскай губерні. У 1864 г. архіепіскап напісаў мемуарную працу "Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім крае Расіі". У ім, у прыватнасці, адзначалася: "Ты, хто не ведае мяне блізка кажуць, што я зрабіўся праваслаўным толькі па слабасці характару, што духам я папіст і што мяне прымусілі аддаліцца ад кіравання епархіяй дакоры сумлення за тое, што я садзейнічаў гібелі міліёнаў душ, зведзеных з уніі». Усе творы Антонія кожнай сваёй старонкай абвяргаюць падобныя паклёпы, якія сталі адной з прычын астаўлення кафедры.
 
Знаходзячыся на пакоі, архіепіскап Антоній працягвай дзейсна ўдзельнічаць у жыцці спачатку Мінскай, затым Віленскай епархій. Асаблівы клопат архіепіскап праяўляў аб аднаўленні праваслаўных брацтваў. 18 красавіка 1865 г. ён прысутнічаў на адкрыцці і першым паседжанні Мінскага Мікалаеўскага брацтва, утварэнню якога шмат судзейнічаў. Архіепіскап Антоній удзельнічаў у асвячэнні ў 1867 г. кафедральнага, і ў 1868 г. – Прачысценскаго віленскіх сабораў. Літоўскай епархіяй кіраваў тады мітрапаліт Іосіф Сямашка. Архіепіскап Антоній удзельнічаў у дзейнасці Ковенскага Мікалаеўскага брацтва, быў ягоным ганаровым старшынёй. Архіепіскап Антоній шмат займаўся прыродазнаўствам, але працы яго ў гэтай галіне засталіся невыданымі.
         
У 1884 г. адзначалася 50-годдзе архіерэйскага служэння архіепіскапа Антонія, аднак сам юбіляр не змог удзельнічаць у ўрачыстасцях з-за хваробы. У яго адрас паступілі віншаванні ад Св. Сінода, усех пераемнікаў па Мінскай кафедры. Ініціятарам святкавання юбілею стаў архіепіскап Літоўскі і Віленскі Аляксандр (Дабрынін), які быў у 1868–1877 гг. на Мінскай кафедры. У сваёй прамове, прысвечанай гэтай падзеі, ён асабліва падкрэсліў плён дзейнасці архіепіскапа Антонія у Мінскай епархіі: «Тут яго дзейнасць накіравана была да шчыльнейшага зліцця ўз’яднаных уніятаў са старажытнаправаслаўнымі, адрознівалася бацькоўскай прастатой у адносінах з духавенствам і народам і пастаянннай энергіяй». Тую ж думку выказваў у пасланні юбіляру і епіскап Астраханскі і Енатаеўскі Яўгеній Шэрашілаў, які ў 1877–1880 гг. кіраваў Мінскай епархіяй: «Лёс народа ўвогуле, а новадалучанага ў асаблівасці, была пастаянным прадметам вашых думак. Відавочна было, што перахварэўшы пры ўз’яднанні хваробамі маткі, якая нараджае, не пераставалі ўсёй душой любіць уз’яднанных, клапаціцца пра іх з бацькоўскай пяшчотай да канца». У прывітальным пасланні епіскапа Мінскага і Тураўскага Варлаама (Чарняўскага) у адрас архіепіскапа Антонія гаварылася: «У гэты час уся Мінская епархія складае адну духоўна-праваслаўную сям’ю, паслухмяную голасу Святой Праваслаўнай Царквы, і не можа не благаслаўляць віноўнікаў свайго духоўнага яднання, у якім такое ганаровае месца належыць вам, незабыўнейшы архіпастыр!"
 
Сапраўды, архіепіскап Антоній Зубко займае ганаровае месца ў гісторыі Мінскай епархіі. Практычна ўвесь яго жыццёвы шлях праходзіў на беларускай зямлі. Архіепіскап Антоній самастойна кіраваў толькі Мінскай епархіяй. Але яму ўдалося аб’яднаць не толькі мінскую паству, яго лёс аб’ядноўвае сабой многіх папярэдніх і наступных мінскіх архіерэяў.
15 лютага 1884 г. архіепіскап Антоній адыйшоў да Госпада. Чын пахавання адправіў архіепіскап Аляксандр (Дабрынін). Пахаваны архіепіскап Антоній Зубко ў храме Пажайскага Успенскага манастыра. Па словах гісторыка М.Каяловіча, архіепіскапа Антонія можна назваць «незвычайным стаяцелем за Праваслаўе», які годна трымаў сцяг праваслаўнага архіерэя ў няпросты і адказны для Царквы час. Меўшы мяккі характар уладыка Антоній валодаў цвёрдымі перакананнямі і ясна бачыў мэту свайго служэння.
 
Іерэй Мікалай Коржыч,
кандыдат багаслоўя

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.