Архіепіскап Афанасій Мартас (1904–1983)

Паводле аўтабіяграфіі, Антоній (свецкае імя) Мартас нарадзіўся 8 верасня 1904 г. у вёсцы Завітая, што каля Гарадзеі Нясвіжскага раёна ў праваслаўнай сялянскай сям‘і Вінцэнта і Евы. Прыняў Святое Хрышчэнне ў Свята-Пакроўскай царкве вёскі Вялікая Ліпа. Вучыўся спачатку ў народным вучылішчы, затым у Нясвіжскай семінарыі, якую скончыў у 1925 г. У прадмове да першага выдання кнігі «Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни» (Буэнас-Айрас, 1966) пісаў: «Наваградчына — мая радзіма. Завітая была маёю нянькаю, а Нясьвіж — настаўнікам. Тут прайшлі мае маладыя гады. Старэнькі дзед Макаш казаў мне казкі пра былое, а Завітанскі лес разбудзіў у маім сэрцы любоў да красы прыроды ды навучыў Богу маліцца ў адзіноце…»

Пасля службы ў польскім войску ў 1926 г. Антоній паступіў на факультэт праваслаўнай тэалогіі Варшаўскага універсітэта, які ў 1930 скончыў са ступенню магістра тэалогіі. Магістарскую працу выканаў па тэме «Святы Дзімітрый, мітрапаліт Растоўскі, як пастыр і настаўнік пастыраў». Будучы студэнтам Антоній неаднаразова наведваўся ў Пачаеўскую лаўру. У 1927 г. намеснікам архімандрытам Дамаскіным там быў пастрыжаны ў манаскі сан з імем Афанасій у гонар прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. 29 студзеня 1928 г. у Варшаўскім кафедральным саборы ў імя роўнаапостальнай Марыі Магдаліны пасвячоны ў іерадыякана, а 31 сакавіка 1929 г. епіскапам Крамянецкім Сіманам (Іваноўскім) — у іераманаха.

У 1931 г. іераманах Афанасій прызначаны намеснікам Яблачынскага манастыра каля Бельска-Падляскага і апекуном прытулку для састарэлага духавенства. Пазней служыў у Турковічах на Холмшчыне, дзе заснаваў падвор‘е Турковіцкага манастыра, і ў гарадах Кельцы і Радам (Польшча). У лістападзе 1934 г. прызначаны на пасаду выхавацеля дзяржаўнага інтэрната для студэнтаў тэалагічнага факультэта Варшаўскага універсітэта, якую займаў да 1939 г. Студэнты вельмі паважалі і любілі маладога выхавацеля, які, у свю чаргу, надзвычай цёпла ставіўся да сваіх падапечных.

У 1938 г. Афанасій узведзены ў сан ігумена, затым — у сан архімандрыта. Адначасова працягваў адукацыю, скончыў у 1939 г. курс педагогікі на гуманітарным факультэце Варшаўскага універсітэта са ступенню доктара багаслоўя за працу «Вялікі Катэхізіс мітрапаліта Пятра (Магілы)».

У анкетах падкрэсліваў сваю беларускую нацыянальнасць. Валодаў польскай, рускай, нямецкай, лацінскай, беларускай мовамі.

З пачаткам другой сусветнай вайны архімандрыт Афанасій прыехаў у Мінск. Удзельнічаў у саборах Беларускіх епіскапаў 1942 і 1944 гг. і Усебеларускім царкоўным саборы 30 жніўня — 2 верасня 1942 г. у Мінску. 8 сакавіка 1942 г. адбылася хіратонія Афанасія ў епіскапа Віцебскага і Полацкага з даручэннем часова кіраваць Навагрудскай епархіяй. У Навагрудку ўладыка арганізаваў двухгадовыя пастырскія курсы. Абараняў мясцовае насельніцтва ад пагрозы вывазу ў Германію. У 1941–1944 гг., як сведчыць сам, збіраў матэрыял для кнігі па гісторыі Царквы.

У 1944 г. разам з іншымі епіскапамі Афанасій (Мартас) выехаў за межы Беларусі. Некаторы час жыў ў Германіі. У 1946 г. уладыка Афанасій перайшоў у юрысдыкцыю Рускай Праваслаўнай Зарубежнай Царквы. Быў прызначаны правячым архіерэем Паўночна-Германскай епархіі з цэнтрам у Гамбургу, духоўна апекаваў эмігрантаў, а таксама лагеры рускіх бежанцаў у пасляваеннай Германіі.

служэннеСабраныя раней звесткі дазволілі, як піша аўтар, «выдаць на рататары ў 1947 г. «Гісторыю Беларускай Праваслаўнай Царквы» (Гамбург; на беларускай мове). Прызначана яна была для беларускіх эмігрантаў і хутка разышлася. Другую рэдакцыю, больш пашыраную, падрыхтаваў у 1953 г., але з-за недахопу сродкаў не змог выдаць. І толькі ў 1966 г. кніга пабачыла свет у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна).

У пачатку 1950-х уладыка Афанасій прызначаны епіскапам Мельбурнскім, вікарыем Аўстралійскай епархіі. У 1956 г., паводле ўласнага прашэння, пераведзены на Аргенціна-Парагвайскую кафедру, якая кіравала прыходамі на тэрыторыі Аргенціны, Парагвая і Уругвая. Намаганнямі епіскапа ў 1957–1958 гг. быў узведзены кафедральны Уваскрасенскі сабор (да таго часу набажэнствы адбываліся ў прыстасаваным памяшканні). У 1967 г. Афанасій узве-дзены ў сан архіепіскапа з тытулам «архіепіскап Буэнас-Айрэскі і Аргенцінскі» РПЗЦ. Памёр уладыка ў Буэнас-Айрэсе ад сардэчнага прыступу, пахаваны на манастырскіх брацкіх могілках каля Свята-Троіцкага сабора ў Джорданвіле (ЗША).

Сэрцам уладыка Афанасій заўсёды імкнуўся на радзіму. У прадмове да сваёй кнігі ён пісаў: «З заморскага краю чулае сэрца рвецца на родныя гоні, а думка імкнецца ў мінулае, шукаючы там супакою. Туга па роднай краіне мацнее на далёкай чужыне…»

Да 100-годдзя з дня нараджэння ўладыкі 3 лістапада 2004 г. у Свята-Пакроўскай царкве вёскі Вялікая Ліпа на Нясвіжчыне была адслужана памінальная ліція і ўстаноўлена памятная дошка з надпісам: «У гэтай царкве 23 верасня 1904 года быў ахрышчаны архіепіскап Афанасій (у міру Антон Вікенцьевіч Мартас) 21.09.1904–3.11.1983».

Праца архіепіскапа Афанасія «Беларусь в исторической государственной и церковной жизни» з‘яўляецца найбольш грунтоўным даследаваннем па царкоўнай гісторыі Беларусі, яна двойчы перавыдавалася ў Мінску, шырока запатрабавана ў духоўных і свецкіх установах адукацыі, высока ацэнена навуковай грамадскасцю і ўсімі прыхільнікамі роднай гісторыі. У 2004 г. па благаславенні епіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя пабачыла свет яшчэ адна яго праца «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».

Архіепіскап Афанасій (Мартас) пакінуў цікавыя ўспаміны, якія з‘яўляюцца жывым дакументальным сведчаннем пра абставіны яго жыцця і служэння. Прапануем нашым чытачам урыўкі з успамінаў уладыкі Афанасія.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.