Уступ да слоўніка

На працягу апошняга дзесяцігоддзя Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай

Царквы, працуючы над перакладам Свяшчэннага Пісання на беларускую мову, займалася і перакладам тэкстаў богаслужэнняў. Зроблены пераклады Бажэственнай літургіі Іаана Залатавуста, Вялікай вячэрні, Малітваў ранішніх, Малітваў вячэрніх, Паследавання да Святога Прычашчэння, Малітваў падзякі пасля Святога Прычашчэння, Малітваў перад споведдзю, Вянчання, Хрышчэння, Паніхіды з адпяваннем, Малебна з водаасвячэннем, шэрагу богаслужэбных песнапенняў: трапароў, кандакоў, задастойнікаў.

Біблейская камісія ўлічвае вопыт існуючых перакладаў біблейскіх і літургічных тэкстаў, зробленых у праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай традыцыях як у Беларусі, так і на эміграцыі.
Зразумела, што пераклад цесна звязаны з праблемай распрацоўкі літургічнай тэрміналогіі, высокага стылю, адпаведнага багаслоўскаму і рэлігійнаму вопыту праваслаўнага жыцця. У ходзе работы камісія выпрацавала і сфармулявала некаторыя прынцыпы, згодна з якімі рэлігійная лексіка падзяляецца на некалькі груп:

1) Словы грэчаскага паходжання, якія праз царкоўнаславянскую мову трывала ўвайшлі ў царкоўны ўжытак, не патрабуюць перакладу і могуць выкарыстоўвацца ў сучаснай беларускай мове: «антиминс» — «антымінс», «ектения» — «екцення», «иерей» — «іерэй» і г.д.

2) Словы славянскага паходжання з трывалым тэрміналагічным значэннем таксама могуць быць запазычанымі: «благочиние» — «благачынне», «дванадесятый» — «дванадзесяты», «зачало» — «зачала», «причастие» — «прычасце», «светилен» — «свяцільны». У асобных выпадках, у залежнасці ад кантэксту, адно і тое ж слова альбо перакладалася, альбо запазычвалася, напрыклад: «седмица» — «тыдзень», але «седмичная служба» — «сядмічная служба» (як тэрмін тыпікона-богаслужэбнага ўставу).

3) Некаторыя словы даводзіцца ўжываць як запазычанні з царкоўнаславянскай мовы з-за іх глыбокай багаслоўскай значнасці і, на жаль, адсутнасці пакуль у сучаснай беларускай мове поўнага адпаведніка гэтым паняццям. Гэта датычыцца такіх слоў, як «благадаць», «блажэнства».

4) Адносна назваў рэлігійных свят, камісія лічыць мэтазгодным пакінуць традыцыйную славянскую назву, прыводзячы таксама і народную ў тых выпадках, калі яна адрозніваецца ад славянскай. Тым больш, што ў сучасных тэкстах адпаведныя назвы храмаў ужываюцца як Свята-Благавешчанскі, Свята-Праабражэнскі, Свята-Успенскі. Кіруючыся тым самым прынцыпам, з мноства варыянтаў дыялектных форм назвы Ражджаства Хрыстовага (Раство, Ражаство, Ражство, Руздво, Божае Нараджэнне, Каляды) была абрана адна, найбольш адпаведная традыцыйнай славянскай назве.

5) Значна лягчэй знайсці беларускі адпаведнік для тых царкоўнаславянскіх слоў, якія маюць адно выразнае значэнне: «благоверный» — «дабраверны», «благовествование» — «дабравесце», «новопреставленный» — «новаспачылы».

6) Вялікую цяжкасць выклікае пераклад багаслоўскіх тэрмінаў, звязаных з таямніцай Богапазнання і глыбінямі духоўнага жыцця чалавека. Таму пасля пошукаў беларускага адпаведніка паняцця «умное делание» давялося спыніцца на больш ці менш удалым выразе «духамысленная дзейнасць». Магчыма, гэта не самы дакладны пераклад, а набліжэнне да яго. Не менш” складана перадаць паняцце «стяжание благодати». Тут пошук беларускага адпаведніка павінен працягвацца, бо «набыццё благадаці» больш азначае «приобретение», чым «стяжание».

7) Нарэшце, існуе цэлы шэраг слоў, якія, не з’яўляючыся па сутнасці рэлігійнымі тэрмінамі, даволі часта сустракаюцца ў рэлігійным кантэксце. У гэтым выпадку беларуская мова, безумоўна, валодае багаццем уласных моўных сродкаў, каб перадаць значэнні гэтых слоў: «усопший» — «памерлы, спачылы», «ревность» — «стараннасць, руплівасць, дбайнасць», «непорочный» — «беззаганны» і г.д.

8) Некалькі грэчаскіх слоў («аксіос», «алілуія»), якія маюць пераважна літургічны ўжытак, мэтазгодна перадаваць шляхам транслітарацыі.

Змешчаны тут Кароткі рэлігійны слоўнік, які быў падрыхтаваны пад рэдакцыяй Біблейскай камісіі, мае на мэце вызначыць для царкоўнаславянскіх паняццяў такія беларускія адпаведнікі, што найбольш прыдатны для царкоўнага ўжытку ў існуючай моўнай сітуацыі. Адсутнасць у многіх выпадках сінанімічнага шэрагу не азначае, што ўкладальнікі адмаўляюць магчымасць ужытку іншых беларускіх адпаведнікаў таго ці іншага слова. А ў выпадку, калі пры перакладзе даецца некалькі сінонімаў, то першым змешчаны той, які лічыцца найбольш дакладным.
Трэба адзначыць, што ў слоўніку зафіксаваны цяперашні этап працэсу фармавання рэлігійнай лексікі праваслаўнай традыцыі. Работа над перакладамі працягваецца, уносяцца некаторыя змены ў тое, што было зроблена раней. Літургічныя пераклады ўжываюцца непасрэдна на беларускамоўных богаслужэннях. Такім чынам, адбываецца натуральны працэс выпрацоўкі беларускай рэлігійнай лексікі ўнутры Царквы з улікам царкоўнай і моўнай традыцыі, з улікам запатрабаванасці рознымі сферамі сучаснага жыцця беларускага народа.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.