На ніве Хрыстовай

ПАСЛУЖНЫ СПІС
 

У царкоўна-адміністрацыйнай практыцы Імператарскай Расіі было прынята весці па-служныя спісы на кожнага свяшчэннаслужыцеля. Гэтым займаліся Духоўныя кансісторыі, што існавалі ў кожнай епархіі і былі дапаможным органам епархіяльнага архіерэя. У паслужныя спісы заносіліся даты нараджэння і хрышчэння, пасвячэнні ў дыяканскі і іерэйскі сан, узнагароды і пакаранні, а таксама прызначэнні і перамяшчэнні па службе. Гэта канцылярская практыка мела вялікае значэнне ў царкоўна-адміністрацыйным жыцці.

У Праваслаўнай Царкве ў Польшчы паслужныя спісы ў кансісторыях вяліся абавязкова. Маё свяшчэннаслужэнне пачалося ў лоне гэтай Царквы пасля пасвячэння ў іерадыякана і іераманаха.
Будучы студэнтам багаслоўскага факультэта ў Варшаве і жывучы ў студэнцкім інтэрнаце, я залічаны быў у склад Варшаўска-Холмскай епархіі, і мой паслужны спіс быў пачаты ў гэтай епархіі. Вяла яго Варшаўска-Холмская кансісторыя.

З благаславення мітрапаліта Варшаўскага Дзіянісія я быў рукапаложаны ў іерадыякана епіскапам Гродзенскім Аляксіем 29 студзеня 1928 года ў Варшаўскім кафедральным саборы ў імя Марыі Магдаліны.

Рэзалюцыяй таго ж мітрапаліта я быў прызначаны на пасаду трэцяга дыякана пры гэтым саборы. Прыродаю я быў пакрыўджаны, бо не меў музычнага голасу і добрага слыху, што абмяжоўвала мяне ў свяшчэннаслужэнні. Рэгент мітрапалічага саборнага хору быў мною незадаволены.

На пасхальныя студэнцкія вакацыі я адправіўся ў Пачаеўскую Лаўру. Там я прайшоў выдатную богаслужбовую практыку. Саслужэнне іераманахам у лаўрскіх саборах было для мяне добрай школай. У Лаўры строга трымаліся богаслужбовага статута і найменшая памылка была недапушчальнай. Неабходна было сур‘ёзна рыхтавацца да богаслужэння і быць вельмі ўважлівым у час яго правядзення. Асабліва моцна я хваляваўся ў час нядзельных і Страснога тыдня богаслужэнняў, якія адпраўляліся з асаблівай урачыстасцю. Стоячы ў сонме манастырскіх свяшчэннаслужыцеляў: архімандрытаў, ігуменаў, іераманахаў і іерадыяканаў з мноствам прыслужнікаў у час богаслужэння, мне здавалася, што знаходжуся на небе і стаю сярод анёлаў і нябесных насельнікаў. Магутныя спевы царкоўнага свецкага хору — высока на хорах, і манаскага — на клірасе напаўняла гукам агромністы Свята-Успенскі сабор. На мяне, маладога інака, усё гэта рабіла незвычайнае ўражанне. Ад замілаванасці і захаплення міжволі цяклі слёзы з вачэй. Зразумее гэта толькі той, хто сам перажыў такія свяшчэнныя моманты.

На летнія вакацыі з дазволу айца намесніка Лаўры я паехаў у вёску. Адчуваў сябе там добра, як дома. Усе мае даўнія сябры і знаёмыя ў Завітой былі ласкавыя і ўважлівыя да мяне. Суседзі-святары, якія раней не ведалі мяне, запрасілі да сябе на прастольныя святы: у Сноў — на першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла 12 ліпеня (29 чэрвеня ст. ст.), за 15 кіламетраў, і ў Гарадзею — на свята святога прарока Іллі 2 жніўня (20 ліпеня ст. ст.). У гэтых храмах я браў удзел у служэнні Літургіі. Упершыню я пазнаёміўся бліжэй з прыходскімі бацюшкамі, з іх прыхаджанамі і багамольцамі, якія зрабілі на мяне глыбокае ўражанне сваёй набожнасцю. Прапаведнікі гаварылі змястоўныя павучанні, мне здалося лепшыя, чым у Варшаве.

Расставаўся я з родным домам, з усімі месцамі і сцяжынкамі, па якіх я хадзіў, са слязьмі. Душа адчувала, што апошні раз бачу іх. Так і не давялося мне пабываць яшчэ раз на радзіме. Мінула пасля таго ўжо 50 гадоў, цэлыя паўстагоддзя, а ўсе гэтыя месцы стаяць у мяне перад вачыма як наяве, у поўнай сваёй красе і прывабнасці.

У вагоне чыгункі на шляху з Завітой да Пачаеўскай Лаўры я моцна прастудзіўся і захварэў. Прастуда закранула лёгкія і ўзнавіла мой састарэлы туберкулёз. Хвароба прымала вострую форму. Медыцынскае лячэнне не дапамагала. Я быў у роспачы. Аднойчы, стоячы ў Свята-Успенскім саборы Лаўры на Вячэрні, у будні дзень, калі багамольцаў не было, я гля-дзеў на цудатворную ікону Пачаеўскую і горача маліўся Прасвятой Багародзіцы, просячы Яе ацалення ад маёй хваробы. Я маліўся і плакаў, слёзы ліліся з маіх вачэй. Заўважыў гэта мой старац і спрабаваў мяне супакоіць, але гэта не дапамагала, а яшчэ больш засмучала. Мае слёзы былі благадатныя, яны выклікалі міласць Божае Маці. З таго моманту я пачаў папраўляцца і выздаравеў, мінулі дзесяткі гадоў, а хвароба не ўзнаўлялася, толькі застарэлыя рубцы на абодвух лёгкіх паказваюць на былыя сухоты. Маім нябесным доктарам была Божая Маці.

У канцы сакавіка наступнага года мяне рукапалажылі ў іераманаха. Пасвячэнне здзейсніў у Варшаўскім саборы епіскап Крамянецкі Сіман (Іваноўскі), любімы і паважаны ўсімі архіпастыр. Мітрапаліт часта выклікаў яго для служэння ў Варшаўскім саборы. Сярод багамольцаў ён карыстаўся вялікай папулярнасцю. Затое не любілі яго польскія ўлады, бо ён бічаваў іх у сваіх пропаведзях. Сан іераманаха адкрываў мне магчымасць пастырскай дзейнасці. Яна і пачалася адразу.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.