Епіскап Віцебскі (1942–1946)

Мінскі Спаса-Праабражэнскі манастырЗ Турковічаў мне трэба было ехаць праз Варшаву ў горад Мінск, сталіцу Беларусі, дзе ствараўся царкоўны цэнтр і знаходзіўся мітрапаліт Мінскі і ўсяе Беларусі Панцеляіман (Ражноўскі), які перасяліўся з Жыровіцкага манастыра. Яго вікарый епіскап Філафей, мой брат паводле манаскага пострыгу, прыбыў з Варшавы, дзе служыў увесь час. Нядаўна ён быў хіратанісаны ў епіскапа Слуцкага. Па сутнасці, ён і чакаў мяне ў Мінску.

У той час ішла цяжкая нямецка-савецкая вайна, якая нічога добрага не прадвяшчала. Нямецкая армія адцясніла далёка ў глыб Савецкага Саюза (Расіі) савецкія войскі і заняла ўсю Беларусь і Украіну, пагражаючы Маскве і Ленінграду (С.-Пецярбургу). У Мінску знахо-дзілася галоўнае ўпраўленне немцаў на ўсю Беларусь, так званы Генеральны камісарыят Беларусі. Беларусы былі завербаваныя імі толькі як дапаможныя сілы.

Каля месяца я прабыў у Варшаве і адправіўся ў Мінск разам з двума членамі Беларускага Царкоўнага камітэта, адзін з якіх добра ведаў нямецкую мову, што было важна для мяне. Цягнікі не хадзілі, трэба было дабірацца ў Мінск папутнымі нямецкімі грузавымі аўтамабілямі. Гэтае падарожжа заняло два тыдні, затрымліваліся на некалькі дзён у Брэсце і Баранавічах. Добра, што далі нам прытулак у сваіх дамах у Брэсце прот. Мітрафан Зноска, а ў Баранавічах прот. С. Зянкевіч. Яны аблегчылі нашае падарожжа. У дарозе тады было цяжка з харчаваннем — прадукты цяжка было купіць.

Пры ўездзе ў Мінск з жахам мы ўбачылі людзей, што віселі на слупах, іх павесілі немцы за шпіянаж. Па нашай просьбе шафёр немец адвёз нас у рэзідэнцыю мітрапаліта і епіскапа Філафея. Мабыць, ён ведаў адрас, бо без усялякага пытання прывёз нас на месца. Уладыкі жылі ў будынках былога жаночага манастыра ў цэнтры горада. У іх спыніліся і мы. Капітальна адрамантаваная манастырская царква служыла для нашых епіскапаў кафедральным саборам. Пры камуністычнай уладзе ў ёй размяшчаўся спартыўны клуб. Купалы былі разбураны.

У Мінску ўсё мяне цікавіла. Я прыбыў у забароненую краіну, якая для нас усіх на Заха-дзе была як бы казачнай краінай, адкуль ніхто да нас не мог дабрацца. Над усімі вісеў дамоклаў меч, і гэтым дамоклавым мячом быў таварыш Сталін і яго камуністычная дыктатура. Аднак і пасля яго смерці мала што змянілася да лепшага. Я адразу ж заўважыў розніцу ў адзенні жыхароў пад савецкай уладай, іх сур‘ёзнасць і запалоханасць, панічную боязь у гаворцы, азіранні па баках, каб ніхто не падслухаў, а ўвогуле — ветлівыя, ласкавыя і прыгожыя твары, да якіх адразу ж адчуваеш прыхільнасць і спачуванне.

Цэнтр горада нямецкія самалёты часткова разбамбілі, вялікія дамы стаялі без дахаў, тырчэлі жалезныя бэлькі. Іншыя дамы знаходзіліся ў запушчаным стане, не рамантаваныя і брудныя. У іх цеснаце туліліся жыхары, нашы суайчыннікі, многія веруючыя праваслаўныя хрысціяне, якія запаўнялі адкрытыя цэрквы і маліліся. Яўрэйскае насельніцтва было вынішчана немцамі, і іхнія дамы стаялі пустыя. Гаварылі, што іх было 35 тысяч. Гандлю не было. Ад-крытай была толькі адна прыватная камісійная лаўка, дзе можна было купіць срэбраныя лыжкі і розны посуд, нават залатыя царскія рублі. Людзі прадавалі, бо галадалі.

Адбудова разбуранага бальшавікамі царкоўнага жыцця адбывалася марудна. Былі на тое розныя прычыны. Перш за ўсё не хапала духавенства. У Мінску ў адкрытых цэрквах служылі святары, якія прыехалі з Віленшчыны, што была пад польскай уладаю. У савецкай Беларусі ўсё духавенства было знішчана. Пастаралася ў гэтым камуністычная савецкая ўлада. Неабходна было шукаць кандыдатаў і пасвячаць іх у свяшчэнны сан, але іх было мала, ды і яны былі па багаслоўску неадукаванымі і нічога не разумелі ў царкоўнай службе. Епіскап Філафей пасвячаў і іх. Як гэтыя святары праводзілі богаслужэнне і як пастырствавалі, ведаў адзін Бог. Вернікі маўчалі і не скардзіліся, радыя былі і такому.

Гэтая сумная карціна бачылася мне ва ўсёй непрыкрытай бядотнасці. Месіянерстваваць у такіх умовах было складана. Да таго ж умешваліся ў царкоўныя справы беларускія актывісты, людзі нерэлігійныя, а магчыма, і бязбожнікі. Яны намагаліся навязваць сваю волю епіскапам у Мінску. Гэтыя ж актывісты ўцягвалі і нямецкія ўлады ў царкоўныя справы сваімі даносамі.

З прычыны ўсялякіх інтрыг мітрапаліт Панцеляіман быў адхілены ад упраўлення епархіяй і мітраполіяй. Гэтая справа была даручана тымі ж немцамі епіскапу Філафею. Кіраўнік Беларускай Царквы мітрапаліт Панцеляіман не ўдзельнічаў у справах, а епіскап Філафей паводле асаблівасцяў характару і непрацаздольнасці, са сваімі абавязкамі не спраўляўся. У царкоўных справах заўважаўся застой і беспарадак. Замест таго каб цалкам аддавацца царкоўным справам, епіскап Філафей траціў час на непатрэбныя царкоўныя спеўкі са спявачкамі і ўсялякія гаворкі, да чаго ён быў вялікі ахвотнік. Да ўсяго гэтага яшчэ меў кар‘ерныя намеры — марыў стаць мітрапалітам. І быў недалёка ад гэтага.

Мітрапаліт Панцеляіман, які жыў доўгі час у Жыровіцкім манастыры, атрымаў ад нямецкіх уладаў дазвол на ўзначаленне Праваслаўнай Царквы Беларусі паводле хадайніцтва яго сябра епіскапа Венядзікта (Бабкоўскага) і на падставе прадстаўлення начальніка Мінскай акругі Радаслава Астроўскага, будучага прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады (накшталт прэм‘ер-міністра) пад нямецкай акупацыйнай уладай. Нямецкі генерал-камісар Беларусі ген. Кубэ, рыхтуючы дакумент аб прызнанні мітрапаліта Панцеляімана кіраўніком Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, паставіў свае ўмовы:
• лічыць Беларускую Праваслаўную Царкву аўтакефальнай і нацыянальнай і такой адпаведна павінна быць яе назва;
• падначальвацца ні Маскве, ні Варшаве, ні Берліну ў царкоўных адносінах;
• карыстацца беларускай мовай у царкоўным упраўленні, пропаведзях і выкладанні Закона Божага ў школах;
• скласці Статут для гэтай царквы.

Нямецкі дакумент аб гэтым выйшаў на пачатку кастрычніка 1941 года, калі нямецкая армія пажынала плады сваіх перамог на ўсіх франтах як на захадзе, так і на ўсходзе.

Мітрапаліт Панцеляіман не быў добрым адміністратарам і дыпламатам. З 1923 года ён пражываў у манастырах Польшчы на спакоі. Гэта працягвалася да прыходу Чырвонай арміі ў верасні 1939 года, калі немцы разграмілі Польскую дзяржаву і падзялілі яе з бальшавікамі. Знаходзячыся доўгі час у стане заштатнага архіерэя, ён не меў ні вопыту, ні ведаў у справе адміністрацыі, а характарам быў прамы і бясхітрасны. Гэта яму вельмі шкодзіла ў жыцці і духоўнай кар‘еры. Па сваёй прастаце, забыўшыся пра свае абавязкі перад нямецкімі ўладамі, ён стаў памінаць на богаслужэннях у Мінску Маскоўскага мітрапаліта Сергія. Немцы паставілі яму гэта ў віну і адхілілі ад кіравання царкоўнымі справамі, даручыўшы скласці Статут для Царквы ў Беларусі.

Калі я прыехаў у Мінск, мітрапаліт скардзіўся і наракаў на сваё становішча, не хаваючы сваёй незадаволенасці епіскапам Філафеем. Свае памылкі не ўсведамляў. Прасіў мяне скласці даручаны яму Статут Царквы. Я ахвотна згадзіўся, каб дапамагчы старому. Ён даў мне Статут Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, які я выкарыстаў у сваёй працы. На працягу некалькіх дзён я склаў Статут і перадаў яго мітрапаліту. Ён быў задаволены і падзячыў.

Для вырашэння важных царкоўных пытанняў патрэбна было склікаць Сабор епіскапаў Беларускай Царквы, якіх было ўсяго тры: мітрапаліт Панцеляіман, епіскап Венядзікт, які служыў у Гродне, і епіскап Філафей у Мінску. Мітрапаліт і епіскап Філафей прасілі мяне паехаць у Гродна і прывезці епіскапа Венядзікта. Для гэтага выпрасілі ва ўпраўленні горада легкавік і шафёра. Стаяла суровая снежная зіма, аўтамабілем ехаць па снезе было цяжка. Пасля Літургіі на свята Стрэчання Гасподняга 2/15 лютага я адправіўся ў дарогу да Вільні і Гродна. Начавалі ў Смаргоні (некалі там была школа для навучання мядзведзяў і жартам называлася Смаргонская акадэмія) у мясцовага настаяцеля прыхода. Прыняў ён гасцінна. Да раніцы наш аўтамабіль замёрз, і рухавік не дзейнічаў. Трэба было грэць ваду і адаграваць рухавік. Займаліся гэтым доўга.

Пасля абеду выехалі ў Вільню і да ночы туды прыехалі. У Свята-Духавым манастыры пераначавалі. Тут я наведаў свайго калегу па факультэце прот. І. Ярмалюка, настаяцеля Прачысценскага сабора, якога неўзабаве немцы расстралялі за тое, што хаваў яўрэяў. З прычыны адсутнасці вольнага часу я не мог добра разглядзець Вільню. Было холадна і марозна. Выехалі з Вільні ў Гродна, але на палове дарогі заселі ў снезе. Вымушаны былі змяніць маршрут і ехаць у горад Ліду. Пераначавалі ў старым доме, былой жыдоўскай карчме, а раніцай прыбылі ў Ліду. Тут шафёр заявіў, што няма больш бензіну. Трэба прасіць яго ў немцаў. На шчасце знаходзіўся тут Ермачэнка, начальнік Беларускага камітэта, які вечарам дапамог мне атрымаць бензін. Позна ўвечары ў той самы дзень прыехалі ў Гродна і заехалі да епіскапа Венядзікта. Ён уладкаваў нас на кватэру.

Пазнаёміўшыся з царкоўнымі справамі і жыццём у Мінску, я хацеў з Гродна вярнуцца ў Варшаву і Турковічы, на Холмшчыну. Служыць пры такіх абставінах мне здавалася не пад сілу. Калі я паведаміў пра свой план епіскапу Венядзікту, ён рашуча запярэчыў і сказаў, што ў Мінск без мяне не паедзе. Прыйшлося мне перадумаць свой план і адкласці паездку ў Мінск. У Гродне затрымаліся на два тыдні, пакуль епіскап Венядзікт рыхтаваўся ў дарогу. Назад у Мінск ехалі тры дні, начавалі дзве ночы ў Жыровіцкім манастыры і Слуцку. Замерзлымі і галоднымі прыбылі на месца.

Прыезду епіскапа Венядзікта мітрапаліт абрадаваўся, адразу ажыў, павесялеў, стаў гаваркі і ласкавы. На заўтра ж прызначылі фармальнае пасяджэнне Сабора епіскапаў, а мяне запрасілі быць сакратаром. Пасяджэнні пачаліся 3 сакавіка 1942 года, на другім тыдні Вя-лікага посту. Зацвердзілі без паправак складзены мною Статут Царквы, а затым прыступілі да прызначэння на епіскапскія кафедры епіскапаў, якіх паводле Статута налічвалася шэсць: Віцебска-Полацкая, Гродзенска-Беластоцкая, Мінска-Вілейская, Навагрудска-Баранавіцкая і Смаленска-Бранская, пасля адкрылі Гомельска-Мазырскую. З іх пяць епархій — старыя, гістарычныя, а дзве — новыя, хаця Навагрудская была больш даўняя, чым мітрапалічая.

Пастанавілі прызначыць на Мінскую кафедру мітрапаліта Панцеляімана і лічыць гэтую кафедру мітрапалічай, на Магілёўскую — епіскапа Філафея, на Гродзенскую — епіскапа Венядзікта, на Смаленскую — удавелага протаіерэя Сімяона Сеўбу з пастрыжэннем у манаства і хіратоніяй у сан епіскапа, на Навагрудскую — епіскапа Веніяміна, які у той час займаў Палтаўскую кафедру на Украіне, на Віцебскую — архімандрыта Афанасія з хіратоніяй у епіскапа.

Пратакол пасяджэння Сабора вёў я; адносна сябе запратэставаў. Пачаліся ўгаворы, перакананні ды інш. Я ўпарціўся, матывуючы тым, што маю намер вярнуцца ў Варшаву. Без маёй згоды прызначылі маю хіратонію — у бліжэйшую нядзелю (Крыжапаклонную), 8 сака-віка паводле новага стылю. Паведамілі пра хіратонію нямецкім уладам і абвясцілі ў мясцовай беларускай газеце для агульнага ведама. Пра гэта я нічога не ведаў. Атрымалася як у прымаўцы: «Без мяне мяне … хіратанісалі».

Мая ўпартасць была пераадолена ў суботу напярэдадні прызначанай хіратоніі. Пера-хрысціўшыся і аддаўшыся на волю Божую, я сказаў уладыкам: «Не мая, Госпадзі, але Твая воля няхай будзе!» Мая працяглая нязгода на хіратонію прымусіла ўладыкаў здзейсніць чын нарачэння ў дзень рукапалажэння, на гадзінах. Затым у час Літургіі, на Малым уваходзе, хіратанісалі мяне ў епіскапа. Мая хіратонія супала з нядзеляй Крыжапаклоннай, дык убачыў я ў тым прыкмету пакутаў, што мяне чакалі ў час майго архіпастырскага служэння, пра што я і сказаў у сваім слове пры нарачэнні. Тое і здзейснілася.

У гэты ж дзень увечары савецкія аэрапланы ўпершыню бамбілі Мінск. Некалькі бомбаў разарвалася каля мітрапалічага сабора і архіерэйскай рэзідэнцыі. Пасля гэтага больш горад не бамбардзіравалі.

Віцебска-Полацкая епархія, на якую мяне прызначылі і хіратанісалі, здаўна называлася Полацкай і была самай старажытнай, заснаванай у 992 годзе. Да 1918 года, г.зн. да каму-ністычнай рэвалюцыі ў Расіі, у епархіі налічвалася 514 цэркваў і 235 капліц, а таксама 6 мужчынскіх і жаночых манастыроў. Пасля 1918 года большасць з гэтых храмаў былі разбураны бязбожнікамі і перароблены на тэатры ці склады. Такое ж спусташэнне адбылося і ў іншых епархіях Савецкай Беларусі. У Мінску, Віцебску і Магілёве кафедральныя саборы былі разбураны, закрытыя таксама і манастыры. Мне трэба было ўсё парушанае адбудоўваць, а кандыдатаў на свяшчэнства не было. Трэба было іх шукаць, а таксама духоўна і багаслоўскі падрыхтаваць.

Але я не баяўся такой місіянерскай работы: яна мяне вабіла.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.