Кіраванне Навагрудскай епархіяй

На Саборы (1942 г.) епіскапы прызначылі мяне часова кіруючым Навагрудска-Баранавіцкай епархіяй да мяркуемага прыезду епіскапа Веніяміна. Гэтая епархія складалася з раней арганізаваных прыходаў, якія захаваліся са старых часоў дзякуючы таму, што знаходзіліся ў межах Польшчы да верасня 1939 года. Епархія была заснавана беларускімі епіскапамі ў сакавіку 1942 года. Да гэтага тэрыторыя яе ўваходзіла часткова ў Гродзенскую і Віленскую, а таксама ў Палескую епархіі.

Рэзідэнцыя епіскапа Навагрудскай епархіі была ў Жыровіцкім манастыры. Сюды я і прыехаў перад Пасхай. Тыдзень перад Пасхай і Светлы тыдзень я служыў у манастырскім Свята-Успенскім велічным саборы, дзе знаходзілася ў іканастасе каля царскай брамы Жыровіцкая цудатворная ікона Божае Маці, перад Якой схіляліся ў гістарычныя часы польскія каралі (…).
Цыркулярна з манастыра я апавясціў духавенства епархіі пра сваё прызначэне і прыбыццё ў манастыр. Бліжэйшыя айцы благачынныя прыязджалі прадстаўляцца мне. Мяне ніколі не бачылі і не ведалі ў епархіі. З гэтай прычыны адбываліся непаразуменні: прыехаўшыя благачынныя прымалі майго сакратара свяшч. П. Кірыка за епіскапа і прасілі ў яго благаславення. Памылка хутка высветлілася, выклікаўшы канфуз у абодвух бакоў.

Манастыр меў мала браціі, але богаслужэнні адбываліся штодзённа — раніцай і вечарам. Я адчуваў сябе добра ў манастырскай абстаноўцы. Ва ўсе нядзельныя і святочныя дні я адпраўляў богаслужэнні ў саборы пры перапоўненым храме. Прапаведаваў на беларускай мове. На першых часах мне нялёгка было пераключыцца з украінскай мовы, на якой прапаведаваў у Турковічах, на беларускую, хаця апошняя была маёй роднай з дзяцінства. Але хутка гэта наладзілася. […]

Перада мною стаяла важная задача ўладкаваць пастаянную рэзідэнцыю для епіскапа Навагрудскай епархіі. Спачатку я меў намер зрабіць рэзідэнцыю ў Баранавічах, дзе была вузлавая чыгуначная станцыя і два вакзалы, але галава горада, нацыяналіст-беларус так адказаў майму сакратару: «У мяне ў горадзе ёсць свае два папы, а больш мне не трэба…» Пасля такіх адносін гарадской улады да маёй ідэі прыйшлося спыніцца на ўладкаванні рэ-зідэнцыі ў Навагрудку, гістарычна царкоўным цэнтры, дзе на працягу двух стагоддзяў знаходзілася кафедра Літоўскіх мітрапалітаў. Пасля падрыхтоўчай работы і зробленага рамонту царкоўнага дома я пераехаў у Навагрудак. Вялікі двухпавярховы дом, былы манастыр, які знаходзіўся пры Свята-Мікалаеўскім саборы, стаў маім кафедральным храмам. Тут я арга-нізаваў духоўную кансісторыю з мясцовага духавенства і адкрыў псаломшчыцка-пастырскія курсы для падрыхтоўкі царкоўнаслужыцеляў. Праектаваў адкрыць духоўную семінарыю і падрыхтаваў праграму для навучання, але нямецкія ўлады не далі дазволу […]

У той час нямецкія гэбітскамісары ў гарадах Навагрудку і Баранавічах спрабавалі выкарыстоўваць мяне ў сваіх мэтах. Баранавіцкі камісар прапанаваў служыць па новым календары, пераносіць усе святы з дзён тыдня на нядзелю, усхваляць імя Гітлера за богаслужэннямі, наведваючы прыходы, прапаведаваць, што немцы не адступаюць, а скарачаюць фронт па стратэгічных меркаваннях. Усе гэтыя прапановы я рашуча адпрэчыў з рызыкай для сваёй свабоды. Бог захоўваў, і абышлося без трагедыі. Навагрудскі гэбітскамісар патрабаваў ад мяне майго подпісу на яго зваротах да партызан здавацца ў палон са зброяй, за што яны будуць памілаваны, і раздаваць гэтыя звароты ў царкве, папярэдне прачытаўшы іх з царкоўнага амвона. І гэтую прапанову я адпрэчыў, не жадаючы сябе і духавенства падвяргаць небяспецы. […]

У верасні 1942 года ў Мінску адбыўся Царкоўны Сабор з выбраных прадстаўнікоў духавенства і міранаў. Гэты Сабор быў скліканы паводле патрабавання нямецкага генеральнага камісара Беларусі для абвяшчэння аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Натхніў на гэта немцаў беларускі актыў у Мінску, што складаўся з пяці-шасці чалавек, якія мелі давер у немцаў. Але дэлегаты, якія з‘ехаліся, не абвясцілі незаконнай аўтакефаліі, а толькі зацвердзілі Статут для гэтай Царквы. Абвяшчэнне аўтакефаліі адклалі да спрыяльных кананічных умоў пасля вайны і незалежнасці Беларусі. Немцы прымірыліся, не цікавячыся гэтай справай.

Калі адбываўся Царкоўны Сабор, то мітрапаліт Панцеляіман (Ражноўскі) знаходзіўся ў ссылцы ў былым манастыры ў Лядах, за 30 кіламетраў ад Мінска. Ад яго патрабавалі надаць паўнамоцтвы архіепіскапу Філафею, як свайму намесніку. Мітрапаліт гэтыя паўнамоцтвы пад пагрозай надаў. Адтуль яго хутка перавезлі ў Вілейку і памясцілі ў доме свяшчэнніка. Перад Пасхай 1943 года паводле патрабавання нас, траіх епіскапаў: Філафея (Нарко), Сцяфана (Сеўбы) і мяне, немцы вярнулі яго ў Мінск, дзякуючы чаму мы правялі пасяджэнне Сінода пад старшынствам мітрапаліта. Немцы тады ўжо ішлі на саступкі, таму што іх поспехі на савецкім фронце цярпелі фіяска. Царкоўны Сабор, які адбыўся ў 1942 годзе, перастаў усіх цікавіць. Пра яго маўчалі нават беларускія актывісты. Складвалася ўражанне, што гэтага Сабора як бы і не было.

У маі 1944 года нямецкі генеральны камісар запатрабаваў склікаць Сабор епіскапаў Беларусі для абмеркавання нібы незаконных выбараў патрыярха Сергія ў Маскве. Епіскапы з‘ехаліся ў пачатку мая і засядалі некалькі дзён. Ганаровым госцем на Саборы быў прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі. Ён жа быў галоўным ініцыятарам склікання гэтага Сабора. На Сабор былі запрошаны не толькі беларускія епіскапы, але таксама з Пінска і Брэста, хоць яны тады не ўваходзілі ў склад Беларускай Царквы. Сабор вынес пастанову адносна Маскоўскага патрыярха Сергія, нямецкія ўлады нават сфатаграфавалі епіскапа, які падпісваў пастанову, надаючы гэтаму вялікае значэнне. На гэтым справа і закончылася. Прысвоіўшы мітрапаліту Панцеляіману тытул «Блажэннейшага» (тытул патрыяршы), Сабор закрыўся. Архіерэі спешна раз‘ехаліся ў свае епархіі, таму што фронт, які хутка прасоўваўся з усходу на захад, пагражаў Мінску і іншым гарадам. Немцы адступалі […]

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.