Шлях на чужыну

З прычыны набліжэння нямецка-савецкага фронту, становішча ў Навагрудку з кожным днём станавілася ўсё больш трывожным. Немцы паціху рыхтаваліся да паходу на захад. У горадзе панавала злавесная цішыня, на вуліцах амаль не было пешаходаў, а аўтамабіляў тым больш. Уначы чулася бурчанне савецкіх аэрапланаў, якія скідвалі ракеты як сігналы партызанам. Навагрудак не бамбардзіравалі з паветра, хоць тут стаяў казачы штаб. Мабыць, шкадавалі бомбаў.

Мой кафедральны протаіерэй а. Гарбацэвіч з зяцем Буляком, бургамістрам горада, ціхенька ад мяне рыхтаваліся да ад‘езду ў бежанства, для чаго купілі коней і воз.

Я гэта ведаў, але іх не пытаўся, не жадаючы бянтэжыць. Жылі мы ў розных дамах, але на адным двары, каля сабора. У мяне ніякага транспарту не было. Сваіх коней і воза я не меў, не меў і аўтамабіля. Па сутнасці, быў жабраком, хаця і ўзначальваў епархію. Я так быў пакорны волі Божай, што нічога не рабіў для выезду за мяжу. Немцы ўвесь час агітавалі, што адступаюць не таму, што яны слабыя мілітарна, але таму, што скарачаюць фронт з стратэгічных меркаванняў. Канечне, ніхто ім не даваў веры, аднак і не пярэчыў.

Наступіла нядзеля 2 ліпеня паводле новага стылю. Я служыў Літургію ў саборы і не падазраваў, што ў той дзень казакі са сваім штабам, што стаялі ў Навагрудку і ў вёсках, выязджаюць на захад усім сваім станам. Пра гэта мне пасля Літургіі паведаміў па сакрэту галоўны казацкі святар В. Грыгор‘еў. Яго турботы пра тое, каб казакі ўзялі мяне, не мелі поспеху. Стаяла гарачае лета, і ўсю ноч казацкія вазы грукацелі па бруку горада, ад‘язджаючы абозам. Я не спаў усю ноч і часта выходзіў на двор. Ноч стаяла зорная і ціхая. Раніцай прыйшоў да мяне дыякан і папрасіў рукапалажыць яго ў іерэя. Я згадзіўся, але аказалася, што фізічныя сілы мае былі такія слабыя, што не дазволілі мне стаяць каля прастола. Гэта было вынікам душэўных пакут на працягу ночы без сну. Я маліўся Богу, прасіў Яго не пакідаць мяне ў гэты крытычны час. Дыякан застаўся без пасвячэння, я папракнуў яго за тое, што ён павінен быў думаць пра іерэйства раней.

Пра выезд мой з Навагрудка турбаваўся май сакратар І. Базылевіч і перакладчыца-бежанка. Раніцай яны адправіліся да нямецкага начальніка, гэбітскамісара, і расказалі яму пра маё становішча. Той ведаў мяне, добра і прыязна ставіўся. Маючы жаданне дапамагчы, наказаў мне быць гатовым да ад‘езду праз 15 хвілін, без рэчаў і аднаму. Калі яны прыбеглі да мяне з такім паведамленнем, я рашуча адмовіўся ехаць без маіх бліжэйшых супрацоўнікаў і рэчаў, моцна расплакаўся, што не дазволіла мне нават размаўляць. Плакалі і мае паплечнікі, угаворваючы ехаць і абяцаючы прыехаць да мяне бліжэйшым транспартам. Я згадзіўся, калі яны мне паведамілі, што немцы адвязуць мяне ў горад Ліда Навагрудскай епархіі.

Заплаканага, мяне апранулі і далі мне маленькую валізачку з Евангеллем і еўхарыстычнымі свяшчэннымі рэчамі. З гэтым багажом яны правялі мяне ў гэбітскамісарыят непадалёку. Там неадкладна прыняў мяне начальнік, палкоўнік Х., ён супакойваў мяне, даводзячы, што немцы адступаюць з горада часова, з прычыны наступлення вялікіх атрадаў партызан, і праз два тыдні я буду зноў у Навагрудку, бо нямецкія танкі адгоняць савецкія войскі і партызан. Канечне, я гэтаму не верыў, але маўчаў і дзячыў за ўвагу да мяне.

Неўзабаве мяне пасадзілі ў пасажырскі нямецкі аўтамабіль шостым пасажырам, і мы паехалі з горада па шашы ў Ліду, за 55 кіламетраў. Я бачыў па дарозе знаёмых, якія ішлі пехатой з клункамі на плячах. У тым ліку пешкі ішоў пазней генерал Беларускай арміі (БА), які пасля паступіў да казакаў і быў выданы саветам англічанамі разам з казацкімі афіцэрамі і камандаваннем у Ліенце (Аўстрыя) на пачатку чэрвеня 1945 года.

У Лідзе мяне высадзілі каля дома святара, настаяцеля царквы ў гэтым горадзе, прот. А. Апанасевіча. Убачыўшы мяне на вуліцы, ён выйшаў да мяне са сваёю матушкай і за-прасіў у дом. Яны ўзрадаваліся майму прыезду, але засмучаны былі падзеямі. Намагаліся пачаставаць мяне, але мне было не да частавання.

У доме Апанасевічаў я застаў свайго былога стаўленіка, святара А. Г[агалушку], настаяцеля царквы ў вёсцы Мыта. Ён паведаміў мне, што ў мясцовасці спакойна, партызан няма. Мне захацелася паехаць да яго. Ад Ліды яго вёска знаходзілася за 10 кіламетраў. Калі дазналіся пра маё жаданне муж і жонка Апанасевічы, са слязьмі пачалі прасіць мяне не ехаць у вёску, а заставацца ў іх, што мне трэба адпачыць ад перажыванняў. «Уладыка, — гаварылі яны мне, — вы змяніліся з твару!» Я згадзіўся, аднак дамовіўся з а. Гагалушкам, што заўтра досвіткам ён прыедзе мяне забраць да сябе, але той не прыехаў, і больш я не бачыў яго.

У гэты час у Лідзе ўжо часова спыніліся архіепіскап Смаленскі Сцяфан (Сеўба) і яго вікарый епіскап Павел (Мялецьеў) са сваёй сястрой-манахіняй. У хуткім часе епіскап Павел наведаў мяне, і я з ім накіраваўся да архіепіскапа Сцяфана, які ляжаў пасля моцнага ўдару, які атрымаў у час свайго падарожжа грузавіком з Мінска. Абодва яны жылі ў нейкім яўрэйскім пустым доме. Яўрэяў у Лідзе ўжо не было, — немцы ўсіх расстралялі. Епіскап Павел прыехаў з Магілёва ў асобным вагоне, нагружаным усялякай маёмасцю — сваёй і з Магілёўскага музея, які ён абрабаваў, спыніўшыся ў гэтым горадзе на шляху ў бежанства. Ён вывез нават сталовую мэблю з царскай Стаўкі, што месцілася ў 1916–1917 гадах у гэтым горадзе. З нямецкай службай бяспекі (СД) ён быў добра знаёмы.

Немцы рыхтавалі горад Ліда да здачы савецкім войскам: палілі склады і вывозілі ўсё, што ім было патрэбна. Мы здолелі затрымацца тут толькі на тры дні. Паводле хадайніцтва епіскапа Паўла, нямецкія чыгуначныя ўлады далі яму, а з ім разам а. Апанасевічу з сям‘ёю і мне з епіскапам Сцяфанам вагон, але адкрыты, без даху. Мы размясціліся ў ім на падлозе і на скрынях. У прыцемку наш цягнік ціха выйшаў з станцыі і паехаў. Прыблізна за 10 кіламетраў ад станцыі цягнік спыніўся ў лесе, і ў той самы час мы ўбачылі ракеты над Лідай, якія асвятлялі горад. Саветы пачалі бамбіць горад з аэрапланаў. Калі б затрымаліся на хвілін 10–15, мы трапілі б пад бомбы і загінулі. Гасподзь нас захаваў таму, што наш цягнік своечасова пакінуў горад.

На світанні першыя вагоны нашага цягніка наскочылі на міны, падкладзеныя пад рэйкі партызанамі. Седзячы ў вагоне, мы драмалі, але ад выбуху і сатрасення зваліліся са сваіх месцаў і спалохаліся. Цягнік рэзка спыніўся. Пасажыраў, акрамя нас, не было, бо ў вагонах везлі нейкі тавар. У чыстым полі прастаялі на санцапёку ўвесь дзень, пакутуючы ад смагі і голаду. На адлегласці адной вярсты была бачная вёсачка. Увечары падкаціў з супрацьлеглага боку паравоз, да яго прычапілі наш цягнік, і мы паехалі далей.

Досвіткам прыехалі ў Гродна і спыніліся далёка ад вакзала на запасным пуці. Епіскап Павел, прот. Апанасевіч ды іншыя паехалі ў Германію, а мы з епіскапам Сцяфанам пешкі прыйшлі ў архіерэйскую рэзідэнцыю, дзе жыў архіепіскап Венядзікт Гродзенскі. У яго гасцяваў мітрап. Панцеляіман і архіепіскап Філафей, якія збеглі з Мінска. Тут, у Гродне, служыў епіскап Грыгорый (Барышкевіч). Такім чынам, склалася група епіскапаў на чале з мітрапалітам або Сабор епіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

У Гродне таксама было трывожна, хаця панікі не заўважалася. Штодзённа мы слухалі паведамленні з фронту па радыё, але яны былі маласуцяшальныя.
Гродзенскія ўладыкі выпрасілі вагон для вывазу царкоўнай рызніцы ў горад Сасновіцы ў Сілезіі. Аднак ніякай рызніцы не думалі вывозіць, а падрыхтавалі вагон для сябе. Вагон быў пасажырскі і ў добрым стане. На яго разлічвалі і мы. У гэты час у Варшаве выбухнула паўстанне палякаў супраць немцаў, і нам шлях у гэты горад закрылі. Заставалася ехаць праз Усходнюю Прусію, г.зн. акружной дарогай.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.