Шлях на чужыну

У Гродне мы прастаялі тыдні два ў чаканні цягніка. Аднойчы прыйшлі жандары і загадалі архіепіскапу Венядзікту быць гатовым да ад‘езду. За яго рэчамі і прыбліжанымі прыехаў грузавік і адправіўся на вакзал для пагрузкі ў вагон. Уладыка Сцяфан хацеў застацца ў Гродне, але жандар не дазволіў. На вакзале прастаялі трое сутак у чаканні ад‘езду. Аказалася, што чыгуначнікі-палякі байкатавалі нас, «папоў», і не чаплялі нашага вагона да адыходзячых цягнікоў. Я з адным панам пайшоў да немца, начальніка вакзала, і папрасіў паскорыць наш ад‘езд, што ён ахвотна і зрабіў. Пад вечар таго ж дня мы выехалі з Гродна.

Праязджаючы бліз Мазурскіх азёраў ва Усходняй Прусіі, бачылі багатыя сядзібы нямецкіх хутаран, нічым не параўнальныя з нашымі ўбогімі хатамі пад саламянымі стрэхамі. Я ўспомніў свайго брата, што загінуў недзе ў гэтых азёрах у час вайны 1914 года.

Ехалі двое сутак, пакуль прыбылі ў Сасновіцы. Па нашай просьбе наш вагон падвезлі да самай царквы, бо яна стаяла непадалёк ад чыгункі, і адчапілі каля царкоўнай агароджы. Настаяцель царквы, мой універсітэцкі калега прот. Канстанцін Гаўрылкаў, з радасцю нас сустэў і прыняў да сябе ў двор. Тут стаяла прыгожая пяцікупальная царква. У ёй штодня раніцай і ўвечары мы адпраўлялі богаслужэнні, але з нашай групы, якая прыехала, ніхто на богаслужэнні не прыходзіў, хаця штодзень хадзілі туды і сюды паўз царкву. Мне было крыўдна за іх, што ў такі цяжкі час не ходзяць у царкву і не моляцца Богу, у іх ліку нават былі архіерэі і протаіерэі. Ад іх жа больш патрабуецца, чым ад свецкіх, хаця і гэтыя свецкія мелі дачыненне да духоўнага жыцця, знаходзячыся ў архіерэйскай групе. Я часта адпраўляў богаслужэнні, і заўжды прысутнічаў на іх наш мітрапаліт Панцеляіман, хоць быў і стары. Настаяцель клапаціўся пра нас, уладкаваў усіх на кватэру, а таксама спрыяў атрыманню харчовых квіткоў.

Мы, епіскапы, напісалі адсюль ліст мітрапаліту Серафіму ў Берлін, паведамілі пра нашу прысутнасць у ягонай епархіі і прасілі дапамагчы нам уладкавацца ў адным з курортаў: Карлсбадзе, Францэнсбадзе ці Марыенбадзе, што размяшчаліся на чэшскай тэрыторыі, далучанай да Германіі і названай Судэтэнланд. Наша пісьмо ён атрымаў і хадайнічаў перад міністэрствам аб дазволе пасяліцца нам на адным з названых курортаў. У міністэрстве хутка адрэагавалі адносна нас і прыслалі міністэрскага чыноўніка, які размаўляў па-руску, каб перавезці ўсю нашу групу ў Кюстрын на Одэры. Гэта ён і зрабіў. У Сасновіцах мы прастаялі больш за два тыдні. Было гарачае лета, канец ліпеня.

Кур‘ерскім цягніком мы прыехалі ў Кюстрын. На станцыі прастаялі тры дні, пакуль шукалі для нас памяшканне. Чыноўнік, які нас суправаджаў, больш да нас не з‘явіўся. Яму было сорамна сустракацца пасля пустых абяцанняў, дадзеных нам у Сасновіцах, што быццам бы нас чакаюць дамы, сасновы лес, дачы ды інш. Нічога такога нам не далі, уладкавалі ў пустой нямецкай школе.
Далі нам памяшканне на нашую групу з 7 епіскапаў, некалькіх протаіерэеў з сем‘ямі, а таксама некалькіх чалавек свецкіх — прыбліжаных архіепіскапа Венядзікта. Уся група складалася з 35 чалавек. Мітрапаліту і архіепіскапу Венядзікту далі пакоі ў бліжэйшым гатэлі, астатнія размясціліся ў двух класах. Былі пастаўлены ложкі з матрацамі. Абеды і вячэры прыносілі з суседняга лагера для рабочых з Польшчы і СССР. Усяночныя служылі ў калідоры нашага памяшкання, а Літургію ў нямецкай кірсе, што месцілася побач са школай. Да школы туліліся старыя могілкі, зарослыя дрэвамі, як у парку. Там я праводзіў днём свой час. Духоўныя асобы хадзілі на ноч у жандарскую казарму, дзе адвялі нам пустую залу з ложкамі і коўдрамі. Словам, у Кюстрыне нам не кепска было.

Мітрапаліт Серафім Берлінскі быў настолькі ўважлівым да нас, што аднойчы ў суботу прыслаў нам пасланцоў: дыякана Ігара Зуземіля і іпадыякана Рымарэнку, якія суправаджалі нас, чатырох архіерэяў: Венядзікта, Філафея, Грыгорыя і мяне ў Берлін для богаслужэння ў кафедральным саборы. Мы паехалі і там служылі пры перапоўненым остаўскімі (усходнімі. — Рэд.) рабочымі храме, вывезенымі немцамі з акупаваных абласцей Савецкага Саюза. Двойчы: увечары і ўначы хаваліся ў бомбасховішча, бо былі трывогі і налёты англійскіх самалётаў. Хацелася хутчэй ехаць у Берлін. Цяжка было прывыкаць да такіх абставін.

У Берліне я ўпершыню сустрэў і быў госцем мітрапаліта Серафіма, якога не бачыў з 1940 года, калі ён быў у Варшаве. Там пазнаёміўся са святаром сабора Мануілам Любек-Эсэнскім, самаадданым тэасофам, які быў пасля ўзведзены мною ў сан протаіерэя і служыў у маім Гамбургскім вікарыяцтве святаром, а яшчэ пазней, дакладна ў 1968 годзе, рукапаложаны ў вікарнага епіскапа Аўстралійскай епархіі. У яго я і начаваў. Доўга гутарылі мы з протаіерэем А. Рымарэнкам, вялікім прыхільнікам Опцінскіх старцаў, які памёр у 1976 годзе ў сане архімандрыта ў заснаваным ім самім манастыры «Новае Дзівеева» ў штаце Нью-Йорк (ЗША). Пазнаёміўся ў бункеры з архімандрытам Іаанам Шахаўскім, пазней архіепіскапам Паўночна-Амерыканскай мітраполіі. Так што паездка ў Берлін не прайшла бясследна для мяне, а пакінула глыбокія ўспаміны ад усяго бачанага і перажытага. З а. Мануілам лёс мяне сутыкнуў праз многа гадоў.

У Кюстрыне мы жылі больш за два тыдні. Аднойчы наведаў нас высокі міністэрскі чыноўнік Розен і ў гаворцы з намі прапанаваў пасяліцца ў Дармштаце, дзе была «руская» царква. Мы прасілі яго дазволіць нам жыць у Францэнсбадзе, дзе таксама была царква. Ён паехаў, а праз некалькі дзён прыбыў другі чыноўнік і адвёз нас у Францэнсбад. Для нашай групы гэта быў прыемны сюрпрыз. Гэта сведчыла пра тое, што нямецкія сталічныя ўлады трактавалі нас як важных асоб і хацелі зрабіць для нас зручныя ўмовы жыцця.
У Францэнсбадзе для нашай групы прапанавалі гатэль у два паверхі, невялікі, але чысценькі і ўтульны. Гаспадыня-немка строга сачыла за чысцінёю і жанчынам нашай групы ўвесь час указвала «шмуц». Харчаваліся на карткі. Па картках я атрымліваў абед у рэстаране: суп з гародніны без тлушчу і на другое — адвараную бульбу з нейкай мучной поліўкай. Хлеба было ў абрэз: атрымлівалі на 10 дзён кілаграм. Мой сняданак — тоненькая лустачка хлеба з мармеладам і чай-эрзац. Харчаванне беднае, затое на страўнік ніхто не хварэў.

Навокал курорта пасаджаны былі вялікія паркі з яловых дрэў. У парках былі лекавыя крыніцы з мінеральнай вадою. Дачнікаў не было, і я ў адзіноце хадзіў па парках, адпачываў і маліўся. Царква ў Францэнсбадзе шмат гадоў стаяла зачыненай, павукі паўсюль звілі гнёзды, а на падлозе ляжаў тлусты слой смецця. Калі ўпершыню я ўвайшоў у гэтую царкву, жахнуўся ад яе бруду і занядбанасці. Закасаўшы рукавы, тры дні чысціў яе і разганяў павукоў. У гэтай царкве мы адпраўлялі богаслужэнні ў святочныя і нядзельныя дні. Маленькі хор пеўчых быў свой. Часам нашыя архіерэі служылі іерэйскім чынам, без іпадыяканаў. Ключы ад царквы захоўваліся ў магістраце. Ніякіх богаслужэбных прадметаў не было, але іконы стаялі на месцах. Царква невялікая, але прыгожая ўсярэдзіне і звонку.

Ад адсутнасці справы нашыя архіерэі надумалі абмяркоўваць кананічнае становішча Беларускай Царквы на радзіме і ў эміграцыі. Збіраліся ў пакоі мітрапаліта і пад яго старшынствам праводзілі шмат часу штодзённа ў абмеркаванні гэтага пытання. Пісалі таксама пратаколы пасяджэння і надавалі гэтаму вялікае значэнне. Канечне, нікому гэта не спатрэбілася. Так мінулі люты і сакавік 1945 года. Тым часам вайна была ў разгары, і Германія набліжалася да канца свайго існавання ў якасці свабоднай дзяржавы. У канцы красавіка два фронты: з захаду — англійска-амерыканскі, з усходу — савецкі, набліжаліся адзін да аднаго, сціскаючы сваёй масай нямецкія войскі. Жывучы ў Францэнсбадзе, мы моцна баяліся, што нас захопяць у свае рукі чырвоныя, аднак, на шчасце, хутка прыйшлі амерыканцы. Мы вольна ўздыхнулі. Наша Пасха прайшла без звычайнай царкоўнай урачыстасці, бо Францэнсбад знаходзіўся ў франтавой паласе. З вуліцы насупраць нашага гатэля амерыканцы стралялі з танкавых гарматаў. Выбухі былі такія моцныя, што ўздрыгвалі сцены нашага гатэля. Я адзін у сваім пакоі праспяваў у 12 гадзін ночы пасхальны канон і такім чынам адсвяткаваў Пасху. Іншых архіерэяў я не бачыў — з сваіх пакояў яны не выходзілі.

Мітрапаліты Анастасій і Серафім з набліжанымі жылі ў Карлсбадзе, але яны своечасова паспелі выехаць на поўдзень Баварыі, інакш іх захапілі б чырвоныя, што ўвайшлі ў гэты курорт. Мітрапаліт Серафім па дарозе трапіў пад бамбардзіроўку ў Пілзене і дзівам захаваў сваё жыццё. Затое страціў багаж — архіерэйскія аблачэнні ды іншае.

Немцы капітулявалі і спынілі ваенныя дзеянні. Гэта было 7 траўня 1945 года. У Францэнсбадзе як грыбы пасля дажджу з‘явіліся чэшскія міліцыянеры, якія выдатна гаварылі па-руску. Яны прыходзілі да нас у гатэль, цікавіліся намі і суцяшалі, што адправяць нас на радзіму, г.зн. у Савецкі Саюз. Нам нічога не заставалася рабіць, як толькі ратавацца ўцёкамі з Францэнсбада ў суседнюю Баварыю, якую акупавалі амерыканскія войскі. Мы нанялі сялян «баўэраў» з фурманкамі і малымі групамі паехалі на баварскі бок. На мосце, на граніцы, стаялі два амерыканскія патрулі. Мы кожнаму далі па пляшцы віна, і яны нас прапусцілі, сказаўшы «окэй». Вось мы ў Баварыі, давезлі нас да фабрыкі ў Шлотэнгофе і скінулі. Вазакі паехалі дахаты, а мы часова размясціліся на закрытай фабрыцы […]

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.