Памяць святога айца нашага Кірыла, епіскапа Тураўскага*

Блажэнны Кірыл нарадзіўся і ўзгадаваўся ў месцы Тураве ў Рускай зямлі. Быў ён сынам багатых бацькоў, але не ўзлюбіў багацця і марнай славы гэтага свету, а найболей любіў вучэнне Божых кніг. I, добра вывучыўшы Святое Пісанне, пайшоў у манастыр і зрабіўся манахам. I быў лепшым ад усіх рабом Божым, постам і трываннем, зміраючы цела сваё. I напоўніўся ён Святым Духам і многім манахам прыносіў карысць, навучаючы іх упакорыцца, слухацца ігумена, нібы Самога Бога, і ўсё, што ён пажадае, выконваць, бо чарнец, які пойдзе супраць зароку свайго і не будзе мець паслушэнства ігумену, не ўратуецца.

Пасля ж, прагнучы подзвігаў большых, увайшоў блажэнны ў слуп і жыў нейкі час пустэльнікам, яшчэ болей працуючы ў посце й малітвах. I выклаў ён шмат Божых Пісанняў, і набыў славу вялікую па ўсім тым краі. I хацелі князь і месцічы таго горада мець Кірыла епіскапам. I пачуў іх маленні мітрапаліт, і паставіў Кірыла епіскапам горада Турава, што паблізу Кіева. I добра працаваў той дзеля Божай Царквы. I ерась Фядоркі-ерэтыка, названага так дзеля ягонай няпраўды, выкрыў блажэнны Кірыл праз Пісанні Божыя, і пракляў яго. Князю ж Андрэю Багалюбскаму напісаў мноства пасланняў паводле евангельскіх і прарочых кніг, якія чытаюць на Гасподскія святы, а таксама шмат словаў, карысных душы, а яшчэ больш — малітваў да Госпада склаў і ўсхваленняў святым, якія Царкве перадаў. Склаў таксама ён і вялікі Канон пакаяльны да Госпада па літарах азбукі, які і дагэтуль чытаюць праваслаўныя рускія людзі.
Так жыў ён у святасці і пабожнасці, добра пасвячы даручаны яму статак, і адышоў у жыццё вечнае і бясконцае.

Прыйдзіце ж сёння, братове, уславіць свайго свяціцеля гэткімі словамі: “Радуйся, святару шаноўны, настаўніча наш, другі Залатавуст, што ярчэй за ўсіх праззяў на Русі! Радуйся, свяціцелю, бо найсвятлейшым вучэннем сваім асвятліў землі Рускія! Радуйся, сонца, што асвятляе розумам Божым азмрочаных і цёмных! Молім цябе мы, свяціцелю, узносячы словы малыя свае: Малі ты за нас Уседзяржыцеля, прад Якім стаіш сёння годна, каб Той пазбавіў нас ад бедаў і гора ад паганых бязбожных агаран, якія катуюць нас, і каб атрымалі мы міласць Яго і дараванне грахоў тваімі малітвамі, і асалоду добрасцяў вечных у наступным жыцці!”

Пераклаў А. Мельнікаў

 

* Жыціе свц. Кірыла Тураўскага складзена ў XII ст. невядомым агіёграфам.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.