Слова святога Кірыла аб кніжным чытанні і навуцы

Паслухайце, братове, і ўразумейце дзеці, як належыць нам вераваць у адзінага Бога, Тройцы існага, — у Айца і Сына і Духа Святога, і на Таго адзінага спадзявацца, і павучацца, схіліўшыся да святых кніг — Евангелля, Апостала, Парамійніка, Псалтыра і іншых, а да адрачоных кніг не звяртацца ніколі. Адрачоныя ж кнігі гэтыя: Астраномія, Зоралік, Соннік, Чароўнік, Зёльнік, Птушыныя чары, Каляднік, Громнік і Жэрабнік. Бо прароцтвы ілжывыя ў іх, на святых паклёпы ўзводзяцца. Кнігамі гэтымі д’яблаў прывабліваюць і гутараць з імі. У параўнанні са святымі кнігамі гэтыя маняць і невукаў дураць. А ім падобныя кнігі халдзейскія і элінскія байкі — таксама кашчунныя. А калі запытае які вар’ят, чаму святыя трымалі гэтыя кнігі, — ты адказвай так: “Святыя мелі розум добры і некрывадушны, дадзены ім ад Бога; чытаючы гэтыя кнігі, жылі не паводле вучэння іх, а па слову прарокаў і апосталаў”. Ерэтыкі ж і святыя кнігі мелі, але, не маючы добрага розуму ад Бога, — спакусіліся і былі названы ерэтыкамі, адступнікамі ад Бога. І ўсмярдзела душа іх ад напою дурманнага, і так аслеплі вочы іх сардэчнага розуму, што зруйнаваўся падгніўшы прастол, умацаванні струхлелі, сатлеўшы ад злога таго смуроду, на якім спачываў іх розум. І не стала месца яму, і ён збег ад іх, а д’ябал свой розум усяліў у іх. І распладзілася ў ерэтыках вучэнне д’яблава, і пачалі зневажаць яны Бога, не разумеючы кніжных прыпавесцяў, не слухаючы разумных, не скараючыся і не прымаючы правільнага вучэння і настаўнікаў ненавідзячы, якія навукай сваёй вялі іх да вечнага жыцця (а той, хто не слухае і не скараецца, — ідзе да вечнай пакуты). Яшчэ раней Павел-апостал наказваў аддаць непакорлівых і непаслухмяных сатане на катаванне. А святыя айцы, не здолеўшы розум вар’яцкі і непакорны гэтых ерэтыкоў наставіць вучэнню кніжнаму, — не аддавалі іх сатане на пакуту, а пракліналі, бо ведалі, што той іх не пакарае, а чакае іх вечная мука, калі будуць скаваны яны разам з д’яблам — настаўнікам іх, бо ён — непакорны настаўнік для ўсіх непакорлівых. Так піша і Павел да святых, епіскапаў і святароў: калі хто спакусіцца невуцтвам кніжным, навучыце таго; калі ж не паслухае вас і не скорыцца пасля першага і другога пакарання — хай будзе адрынуты! Калі ж цяпер многія марнасловы не скараюцца і пасля сотага дакарання, то што станецца з тымі! Хіба не будуць яны разам з праклятымі?

Мы ж, братове, будзем пакорлівыя і паслухмяныя, будзем выконваць Божыя наказы святых кніг, у мудрасць іх паглыбляючыся; не затуманеным розумам, а цвярозым ушануем жыццё з усімі пакорлівымі праведнікамі ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым, Якому слава!

Пераклаў А. Мельнікаў

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.