Прытча Кірыла, мнагагрэшнага манаха, пра душу чалавечую і пра цела, і пра парушэнне Божых Запаведзей, і пра ўваскрашэнне чалавечага цела, і пра будучы суд, і пра пакуту

Добра, братове, і надта карысна нам разумець вучэнне Божых пісанняў, бо яны цнатліваю робяць душу і да змірэння накіроўваюць розум, а сэрца звастраюць на раць добрых дзеяў, і чалавека ўдзячным робяць, і думку прыводзяць да неба, Уладаром абяцанага, і да працы духоўнай цела ўзмацняюць, і пагарду даюць да цяперашняга жыцця, і славу з багаццем даюць, і ад смутку жыццёвага гэтага свету нас адводзяць. Таму і малю вас: чытайце з руплівасцю кнігі святыя, каб, словаў Божых насыціўшыся, атрымалі вы невымоўныя добрасці будучага веку, бо тыя хаця і нябачныя, аднак вечныя і бясконцыя, цвёрдыя і непарушныя. Але не проста прамовім сваім языком напісанае, а пачуем з разуменнем і справаю здзейснім. Салодкі ж мёд і добры цукар, толькі лепей за іх розум кніжны, бо гэта ёсць жыцця вечнага скарб. Калі б хто адшукаў скарб зямны, то, нават і на ўвесь не спакусіўшыся, з аднаго самацвета быў бы сыты без клопату і багацце меў да скону дзён. Так і той, хто знайшоў скарб кніг Божых — прарочых, псаломскіх, апостальскіх і ісцінны разважлівы сэнс словаў выратавальных Самога Спаса Хрыста, — то ўратуецца ён не толькі адзін, але з многімі тымі, хто слухаў яго. Пра гэта ёсць прытча евангельская, якая гаворыць: кожны кніжнік, наўчоны нябеснаму царству, падобіцца мужу гаспадарліваму, што выносіць ад скарбаў сваіх і старое і новае. Калі ж ён, славалюбны, дагаджае знатнейшым і грэбуе мноствам меншых, сваёю безразважлівасцю міну* Гасподнюю схаваўшы, калі не аддае срэбра гандлярам, каб падвоіць багацце царова (гэта ж ёсць чалавечыя душы), — тады ўгледзіць Гасподзь розум яго ганарысты і забярэ Свой талант у яго, бо супрацівіцца Ён ганарыстым, а ціхмяным дае Сваю благадаць. А калі ж і ўладары гэтага свету, і людзі, якія жывуць надзённымі клопатамі, — рупліва патрабуюць кніжнай навукі, — наколькі ж болей належыць нам ёй вучыцца і ўсім сэрцам шукаць разумення Божых слоў, напісаных для ўратавання душ нашых. Але смуткуе мутны мой розум, бо ён мае свядомасць нямоглую, і не можа словаў патрэбных сказаць як належыць, але падобны ён на сляпога лучніка, які варты смеху, бо не можа пацэліць у патрэбную мету. Вось жа і мы языком невучоным сваім не скажам чаго ад сябе, але возьмем ўсё ад Божых пісанняў, — растлумачым са страхам словы евангельскія Господняй прытчы, якую Матфей перадаў Царкве.

Пачатак. Кажа Гасподзь: Адзін чалавек гаспадарлівы насадзіў вінаграднік, і сцяною яго агарадзіў, і выкапаў ціск і браму паставіў пры ўваходзе, але яе не зачыніў. І калі пайшоў ён дадому, то мовіў сабе: “Каго я пакіну вартаўніком свайго вінаградніка? — Бо калі даручу яго аднаму з рабоў сваіх, дык той, ведаючы маю ціхмянасць, змарнуе маёмасць маю. Вось што трэба ўчыніць: пасаджу я да брамы кульгавага і сляпога. Калі ж хто з ворагаў маіх наважыцца вінаград абабраць — дык кульгавы пабачыць і пачуе сляпы. А калі хто з іх сам схоча ў вінаграднік мой залезці — дык жа адзін ног не мае, каб зайсці ўнутр, а невідушчы пойдзе і заблукае, і зваліцца ў яміну”.

І пасадзіў іх ля брамы, і даў над астатнімі ўладу, і яшчэ даў адзежы ды ежу дармовую, і наказаў: “Без дазволу майго не заходзьце ўнутр саду!” А пасля адышоў, час вяртання свайго абвясціўшы, калі атрымаць ім плату за добрую варту, і караю прыгразіў за парушэнне наказу.

Тут, спыніўшыся, растлумачым гэтае слова евангельскае, прапануем плод нашых вуснаў на пір разумовы вашых вачэй.

Тлумачэнне. Чалавек гаспадарлівы — Бог Усёбачны, Уседзяржыцель, Які стварыў словам Сваім усё бачнае і нябачнае. Гаспадарлівым названы, бо мае не адну гаспадарку, паводле Пісання. Бо кажа прарок: Тваё неба і Твая зямля, і канцы заснаваў Ты сусвету! І яшчэ: Неба — прастол Мой, і зямля — ног падножжа Маіх! Маісей жа гаворыць пра воды пад цвердзю, а Давід — пра ваду зверху нябёсаў. Але ж разумейце, зазірнуўшы ў Пісанні: Усюды дамы Божыя — не толькі ў іншых стварэннях, а і ў чалавеках. Сказаў бо: “Усялюся ў цябе!” Так і сталася: сышоў і ўсяліўся ў чалавечую плоць, і ўзняў ад зямлі на нябёсы, каб зрабілася плоць чалавечая Божым прастолам; а Ягоны прастол — на вышніх нябёсах.
А вінаграднік Яго — то рай, бо гэта ж Яго справа. Пісана бо: “Насадзіў Бог рай у Эдэме”.

А што сцяною абнёс — гэта страхам Сваім. Кажа прарок: Страхам Яго зямля ўзрушваецца і трушчыцца каменне, і трымцяць жывёлы, горы дымяцца, мора і ўсё, што ў ім, падпарадкоўваецца, рабалепна служаць свяцілы, а воблакі і ўсё стварэнне паветранае здзяйсняюць загады Яго.

Сцяна ж — то закон, а закон усяму — Запаведзь Божая. Сказана ж: Абазначыў мяжу, якую не перайсці, ад якой не вярнуцца.

А пакінуў уваход — гэта значыць дасведчаны розум, бо ўсё стварэнне не парушае Божых наказаў. Сказана: Усе чакаюць, што Ты дасі ім трапезу ў свой час. А трапеза — не проста ежа, а Божае слова, якім насычаецца стварэнне. Кажа бо Маісей: Не хлебам адзіным будзе жывы чалавек, а словам усялякім, што сыходзіць з вуснаў Гасподніх.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.