Прытча Кірыла, мнагагрэшнага манаха, пра душу чалавечую і пра цела, і пра парушэнне Божых Запаведзей, і пра ўваскрашэнне чалавечага цела, і пра будучы суд, і пра пакуту

А незачыненая брама — то дзіўнае ўладкаванне Богам стварэння, праз якое можна зведаць і Божую існасць. Сказана ж: праз стварэнне зведай Тварца яго і зразумей — не якасць, а веліч і моц, славу і благадаць Яго, якую Сабой надае вышнім і ніжнім, усім бачным і нябачным. Бо хаця і завецца Хрыстос чалавекам, але не літаральна, а вобразна, бо ніякі з людзей не падобны да Бога. А ў Пісанні ангелы таксама завуцца людзьмі — вобразна, не літаральна. Некаторыя ж неразумныя і дагэтуль спакушаюцца ў тым, што, ведаючы Маісеевы словы: “Бог сказаў: Створым мы чалавека па вобразе нашым і падабенстве”, — надзяляюць бяздумна плоццю тых, Хто існасцю бесцялесны; і да гэтага часу ёсць такая ерась, што Бога робіць чалавекападобным; але ж апісаць Бога нельга, бо не мае Той якасцяў вымяральных.

Але, пакінуўшы гэта, вярнуся да папярэдняга.
Ідучы ў свой дом, ён запытаў: “Каго я пакіну вартаўніком сваёй працы?” Пытанне ж гэтае Айца і Сына і Духа Святога не пра стварэнне, а пра ўладара стварэння — гэта значыць пра чалавека, якому захацеў аддаць зямлю і ўсё жывое падпарадкаваць яму, бо “не ангелы кіруюць сусветам…” і іншае. “Пакіну, — гаворыць, — ля брамы кульгавага і з ім сляпога”. Хто ж гэтыя кульгавы і сляпы? — Кульгавы — гэта ёсць чалавечае цела, а сляпы — душа. Спачатку стварыў Бог бяздушнае цела Адама, а потым — душу. Пасля ж стварэння цела, як кажа Пісанне: “Удыхнуў у яго дух жыццёвы”. Вось таму цела без духу — мёртвае, і тады гэта не чалавек, а мярцвяк. Глядзі тут і разумей кнігу Быцця. Стварыў жа Бог цела не ў раі, і прынёс яго ў Эдэм, а не ў рай. Эдэм жа тлумачыцца: трапеза. Як быццам хто-небудзь перш, чым запрашаць на пір, гатуе багатыя стравы, а ўжо потым прыводзіць гасцей, так і Бог перш зрабіў чалавеку жытло — Эдэм, а не рай. Бо рай — мясціна святая, як алтар у царкве. У царкву зайсці кожны можа, яна — маці ўсім нам, што хрышчэннем нас нарадзіла, што корміць усіх, хто жыве ў ёй, апранае і радуе ўсіх, хто прыходзіць у яе. Кажа прарок: “Хто працуе для Царквы — будзе ежу мець і насыціцца”. І далей: “О дзеці Царквы, што ссуць ад сасцоў яе тук і ялей! Радасцю акрапіце галовы свае!” І мовіць Давід: “Нап’юцца яны ад шчадротаў дому Твайго; Ты іх напоіш крыніцай трапезы Сваёй!” І яшчэ пра адзенне святарскае і пра покрыў манаскі: Іерэі Твае агорнуцца, Госпадзе, ісцінай… — і іншае. А вось пра манахаў: Апрануў Ты мяне ў адзежы худыя, непрыгожыя; агарнуў мяне паратункам, аперазаў мяне радасцю. Дык спявайце ж і вы Госпаду новую песню, хай жа Госпада ўхваляць у цэрквах Яго прападобныя! Так яўна і ёсць: епіскап ад кліра, манах — ад манастыра. Убач, што епіскапія і манастыр — то Эдэм, жыццё неабцяжаранае; алтар жа святы — гэта рай Эдэмскі, і цяжка трапіць туды, хаця і не зачынена брама.

А кульгавы і сляпы, што пасаджаны вартаваць браму звонку, — то патрыярхі з архіепіскапамі і архімандрытамі, пастаўленыя паміж царквою і алтаром вартаваць святыя тайны ад Хрыстовых ворагаў — ерэтыкоў і ліхаверных разумнікаў, грэхалюбцаў паганых, іншаверцаў сасквярнелых.

— Вы паслухайце ўважліва: я далей буду гутарку весці, вы ж сачыце з увагай! Бо хоць розум мой мутны і грубы язык, — спадзяюся на вашы малітвы і прашу дару слоўнага. Бо хоць я і не варты таго, каб пра гэта казаць, але ж тое пішу слухачам на карысць! А ёсць жа слухачы і нядобрыя, што не карысці шукаюць у пачутым, а намагаюцца чым бы зганьбіць і дакарыць прамоўцу.

Аб думках грахоўных. Прасядзеўшы так пэўны час, прамовіў сляпы да кульгавага: “Што за водар даносіцца з-за гэтай брамы?” — І адказвае кульгавы: “То — маёмасць нашага гаспадара, смакам невымоўна прывабная. Але ж гаспадар наш разумны, таму й пасадзіў тут цябе, сляпога, і мяне, кульгавага, каб не змаглі мы дайсці і насыціцца тымі дабротамі!” І адказаў сляпы: “Што ж раней не сказаў мне таго? Мы б тады не чакалі, а даўно зайшлі б у гэты вінаграднік і яго абабралі! Бо хоць я сляпы, але маю моцныя ногі, каб панесці цябе з паклажаю разам!”

Бачыш: грэх — цяжар для душы; таму й мовіць прарок: “Нібы ярмо цяжкае цісне мяне.”

І кажа сляпы: “Вось бяры кош і сядай на мяне, я цябе панясу, ты ж падказвай мне дарогу. І забярэм мы дабро гаспадарова, бо не думаю, што ён прыйдзе сюды”.
Вось як разважае той, хто не Бога шукае, а клапоціцца дзеля славы свету ды дзеля цела свайго і не думае пра адказнасць за свае ўчынкі, і па ветры пускае душу сваю, нібы марную пару. Таму кажа Ісаія: Пазайздросцяць тыя, хто не жыве па законе; зайздросцім і мы, грэшныя, пашане і славе праведнікаў, але не наследуем іхнім учынкам.

“А калі, — так казаў сляпы, — прыдзе сюды гаспадар, то пра ўчынак наш не даведаецца. Бо калі запытае мяне пра крадзеж, — то скажу: “Ведаеш, гаспадару, што я сляпы”. А калі спытае цябе, ты адказвай: “Кульгавы я, і дайсці туды не магу”. Так і перахітрым нашага гаспадара, і атрымаем плату за наша вартаўніцтва”. І сеў бязногі на невідушчага, і пайшлі, і пакралі ўсё дабро гаспадара свайго.

Не зважайце, братове, на грубасць маю, хоць даю вам пісанне нявартае. Бо птушка не можа ўзляцець на вышыні нябёсаў, калі прывязана за нагу, — вось і я, апутаны цялеснай пажадай, не здолею гутарыць пра духоўнае, бо словы грэшніка абяссолены, таму што не мае ён благадаці Духа Святога. Але вернемся да папярэдняга, развяжам прытчавы вузел.

Тлумачэнне. “Прасядзеўшы час доўгі…” Што ёсць час доўгі? — То пагарда да Божага запавету, клопат пра цела і нядбанне пра сваю душу. Бо добры вернік, хто страх Божы мае, плоцкім не спакусіцца, не прыме святарскага сану закону насуперак, і ніхто, чакаючы смерці і пасмяротнага ўваскрашэння, не стане ліхое ўчыняць.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.