Прытча Кірыла, мнагагрэшнага манаха, пра душу чалавечую і пра цела, і пра парушэнне Божых Запаведзей, і пра ўваскрашэнне чалавечага цела, і пра будучы суд, і пра пакуту

Паўтару тое ж зноў з тлумачэннем.

Мовіць сляпы да кульгавага: “Што за водар даносіцца да мяне з-за гэтай брамы?..” — і так далей. Гэта ж пыхлівасць мудравання Адама, які, валодаючы ўсімі зямнымі жывёламі і морам, і стварэннем марскім, насыціўшыся дабротаў Эдэму, раней асвячэння свайго вырашыў трапіць з Эдэма ў рай. Таму кажа Пісанне: Выгнаў Бог з раю Адама і асудзіў апрацоўваць зямлю, з якой той быў узяты.

Пабач: не там наказана было яму жыць, адкуль быў ён выгнаны! Так будзе і з нявартым іерэйства царкоўнікам, які, грэх свой сакрыўшы, не зважае на Божы закон і ўзышоў на епіскапскі прастол толькі дзеля жыцця ў славе і высокай пасады!

Упадабленні. На смерць асуджаны быў Адам за тое, што дакрануўся да дрэва разумення дабра і зла. Бо дрэва разумення дабра і зла — то грэх розуму і свавольства ў Богадагаджэнні. Пісана бо: Гора тым, хто свядома грашаць! Таму й быў загублены дух жыццёвы, які ўдыхнуў Бог у Адама, — гэта ёсць неканчатковы дар святарства. Так бо напісана: Удыхнуў у яго дух жыцця. Вось і Хрыстос, дыхнуўшы на апосталаў, мовіў: Вы прымеце Дух Святы, а гэта быў дар неканчатковы, а толькі святарства зарок, — і наказаў ім чакаць Духа Святога, “Які прыйдзе вас да канца асвяціць”. Так вось і свяціцелі асвячаюць іпадыяканаў, чытальнікаў і дыяканаў: не дасканалым дарам, але зарокам святарскім, каб толькі падрыхтавалі сябе да канчатковага святарства. Бо нішто так не люба Госпаду, як не ўзносіцца ў сане, і нішто так не мярзотна Яму, як саманадзейная пыхлівая ганарыстасць і прыманне сану не дзеля Яго.

Вось жа глядзі на тых кульгавага і сляпога, якія парушылі забарону і наказ свайго гаспадара: узяў бо сляпы кульгавага разам з паклажаю і панёс у той сад, і да дрэва наблізіўся, і з’еў плод цудоўны, так пакраўшы тое, што загадана ім было вартаваць.

Прыклад. З гэтага ж дрэва з’еў Каін, бо, неасвячоны, падняў руку на святарскі чын, пазайздросціўшы асвячонаму Авелю, і забіў яго ў зайздрасці. З таго ж дрэва з’елі сыны Карэевы з Дафанам і Авіронам; і ўзялі кадзіла, і зайшлі ў скінію без пасвячэння — і былі паглынуты зямлёй. З дрэва гэтага з’еў жрэц Ілій, які, ведаючы, што яго сыны беззаконні ўчыняюць, будучы іерэямі, — не адлучыў ад святарства іх, пакуль і сам з-за іх не загінуў. З дрэва гэтага ж з’елі і ерэтыкі, якія злахітрасцю кіраваліся, нібы ведаючы шлях духоўны, і заблукалі, і загінулі, не прыняўшы пакаяння.

Аднак, апусціўшы ўсё гэта, вернемся да папярэдняга. Бо і знямог мой язык, дый маўчаць прымушае прарок, кажучы: “Стаміўся ўсклікаць, змоўкла гартань мая!”
Выкрыццё граху. Пачуў гаспадар, што абкрадзены яго вінаграднік, і наказаў адкінуць ад брамы кульгавага і выгнаць з вартаўніцтва сляпога.

— Усвядомце ж, неразумныя саноўнікі свету, і вы, іерэі бяздумныя! Калі вы набудзеце мудрасць? Ці ж не чуе Той, Хто стварыў вуха; ці ж не бачыць Той, Хто зрабіў вока? Той, Хто карае народы, — ці ж не асудзіць цябе? Той, Хто вучыць розуму чалавека, — ці не зразумее наша грэхападзенне? Бо зведае ж Гасподзь думкі злахітрых ілгуноў, і адхіліць ад улады няправедных, і пагоніць ад ахвярніка паганых. Ніякі ж бо сан гэтага свету не пазбавіць таго ад пакуты, хто парушаў Божыя запаветы. Малюся ж да вашай любові: прачытайце маё напісанне ўважліва, усвядомце пачутае!
Дазвол. Загадаў Бог выгнаць з раю Адама, бо забароненае той крануў, без дазволу ўвайшоў у святую мясціну. Пасяліў Той яго насупраць ежы: “Калі ж, — мовіў, — працягне руку і возьме плод з райскага дрэва — то будзе давеку жывы”, што значыць: калі грахі згадае свае і пакаецца ў іх з пакораю. О вялікае чалавекалюбства Уладарова! Ён карае і мілуе нас, папускае зло нам, калі мы грашым, і прымае нас, пакаянных, бо смерці не хоча для грэшных, а наказвае ім звярнуцца да Бога — і жыць.

Распавяданне. Што ёсць дрэва жыцця? — То зміраная мудрасць, і корань яе — гэта споведзь. “Спавядаўся бо, — сказана, — я Табе ў безаконнях маіх, і дараваў Ты загану майго сэрца”. А сцябліна карэння таго ёсць добрая вера. Сказана ж: “Вера ўратуе цябе, усё атрымае вернік”. А сцябліны той разнастайнае вецце — гэта вобразы пакаяння: слёзы, пост, малітва, міласціна, зміранасць, уздыханні і іншае. А плады добрых дзеяў — любоў, паслушэнства, пакора і жабракалюбства, — вось тыя шляхі ўратавання. Пабач жа: не ў раі і не ў Эдэме ўзрасло дрэва жыцця, але ў выгнанні — то ж ёсць адлучэнне ад сана. Бо адрынуты Каін быў, запытаны пра забойства братава, а пасля выкрыцця — паказаў яму Бог жыццёвае дрэва і мовіў: Стагні ды трымці, пакайся ў злобе, у зайздрасці, у няпраўдзе, у забойстве, у ілжы; змірыся, пасціся, будзь пільным, і ляжы на зямлі! — Але ж не зрабіў таго Каін, пайшоў прэч ад Бога — прэч не ў далёкія землі, а ў няйменне Божага страху ў душы сваёй. Калі ж няма ў нас ні дабрадзейства, ні пакаянння ў грахах, — то ад Бога далёкія мы, які б сан мы не мелі. Бо Гасподзь блізкі да засмучоных сэрцам; Ён ратуе зміраных духам і ўчыняе па волі тых, хто баіцца Яго, і малітву іх пачуе. Бо гнеў Гасподні на тых, хто злое ўчыняе, і памяць пра іх знікне з зямлі.

Так жа і Павел адрынуў ад святога ахвярніка Іменея і Філіта і аблудных Карынфскіх святароў і адагнаў ад алтара святога — то значыць, паставіў іх з клірыкамі, — і сказаў: Усаромейце вы іх, але ў любові да іх узмацніцеся, каб не засмуціліся ў злой самоце, а пакаяліся і жылі.

Аб дрэве жыцця. Але ж не схацеў ад дрэва жыцця плод з’есці каваль Аляксандр, пра якога Павел сказаў: “Хай Гасподзь адплаціць у дзень Судны за злобу яго! Не з’еў ад дрэва таго Трэфіс Эфескі і Мікалай, які быў адным з сямі дыяканаў, што Хрыста адцураўся і стаў кумірам служыць у Салуні; другі ж выдаў хрысціян на пакуты. І піша пра іх Іаан: “Яны выйшлі ад нас і на нас жа паўсталі”. Не елі ад райскага дрэва і праклятыя ерэтыкі, што памерлі духоўнай смерцю, бо не разумелі словаў прарочых: “Ешце і ўбачце, які добры Гасподзь! Бо няма такога грэху, які б адолеў Божую міласць! Дык не будзем у адчаі, як Іуда; не будзем, як садукеі: паверым у цялеснае ўваскрашэнне, пакаяннем пастукаем у Божыя дзверы, пакуль не адчыніць нам райскую браму! Бо не ілжыва казаў Гасподзь: “Стукайце — і вам адчыняць, шукайце — і знойдзеце, прасіце — і атрымаеце!” Але ж не станем пра гэта казаць, каб не зацягваць больш казань, а вернемся да папярэдняга.

Аб целе, аб душы і аб смерці. Угледзеў жа той гаспадар, што ўкрадзены вінаград, і разлучыў сляпога з кульгавым, і наказаў прывесці спярша сляпога, каб яго дапытаць, хто парушыў ягоны наказ і ўвайшоў куды было забаронена. Бо нішто не сакрыецца ад вока Божага, і ніхто з нас сябе так не ведае, як усіх нас ведае Бог.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.