Прытча Кірыла, мнагагрэшнага манаха, пра душу чалавечую і пра цела, і пра парушэнне Божых Запаведзей, і пра ўваскрашэнне чалавечага цела, і пра будучы суд, і пра пакуту

Тлумачэнне. Наказаў адлучыць Бог ад цела душу. Бо душа пакідае цела паводле Божага слова; сказана ж: “Возьмеш дух іхні — і знікнуць яны, і вернуцца ў прах”. Калі ж бачыш ты цела, у зямлі пахаванае, — то не думай, што там і душа, бо душа — не з зямлі, і ў зямлю не ўваходзіць. А калі бачыш мошчы святых, што цуды твораць — то і гэта не дзеянне іх душы, але Божай благадаці, што славіць таго, хто Яму дагадзіў; сказана: “Услаўлю тых, хто ўслаўляе Мяне!”

Розум. “Наказаў перш прывесці сляпога”, — пасля смерці цялеснай разам з ангеламі, прыстаўленымі да яе, прыходзіць да Бога душа ўсялякага чалавека — ці то верніка, ці то падзаконнага, ці то беззаконніка. Сказана ж: “Гасподзь выпрабоўвае праведнага і нявернага, бо ад адзінай крыві ўсе народы народжаны, а пасля разышліся па ўсёй зямлі; але да ўсіх добрасны Бог, бо дае дождж з нябёсаў і часіны шчадротаў. Сказана бо: “Ззяе сонцам Сваім на добрых і злых” — і іншае. Не вініце мяне вы за гэтыя словы, але зірніце ў Пісанне, бо ўзяты яны з Божых кніг. Піша і Маісей: “Межы акрэсліў народам паводле ліку ангелаў Божых; і Іерэмія: “Адзіны Ты, Госпадзе, для ўсіх народаў пад небам; калі ж Ты і пакінуў каго ў ілжы іхняй — але ўсе ж душы іх перад Табою паўстануць, і асудзіш Ты іх паводле іх учынкаў”. Павел жа мовіць: “Ці мне судзіць знешніх? — Сваіх унутраных і вы судзіце, тых жа, хто звонку — Бог судзіць”. Тыя хто ўнутры — тыя ў законе, а знешнія — то беззаконных народы”. І слухаць належыць імя Божае душам, якія адыходзяць цяпер ад цела, каб у дзень апошні нябоязна пакланіцца Богу, уваскросшы ў целах, а не слугаваць ілжывым бесам. Апостал жа так напісаў: “І ўбачыць тады вока кожнага, і народ кожны паклоніцца, вызнаючы Госпада Іісуса Хрыста, адзінаслаўнага Богу Айцу”. Але ўсё гэта ведаюць тыя, хто навучаўся. — Дык жа я коратка дакажу пачатую казань пра сляпога, хаця тое ўжо і не па сіле маёй, не па розуме; і напэўна, я ведаю, шмат хто асудзіць мяне, бо гэтая казань ад маёй грубасці, а не ад мудрасці кажацца. Аднак будуем мы на падмурку прарочым і апостальскім, маючы Хрыста краевуголлем яе.

Аб адыходзе душы ад цела. І спытаў гаспадар сляпога: “Ці не паставіў цябе я вінаграднік мой сцерагчы? — Дык што ж ты яго абабраў?” І адказваў сляпы: “Гаспадару, ты ж ведаеш: я — невідушчы, і заблукаю без павадыра; нават калі б і схацеў, то не здолеў бы дарогі ўбачыць. Ды й не чуў я, каб хто прайшоў праз мяне цераз браму, а калі б чуў — голасна закрычаў. Але ж, гаспадару, мяркую, што кульгавы твой сад абабраў.”

Бачыш тое ілжывае апраўданне душы перад Богам і нагаворы на цела!

Тлумачэнне. То ж адгаворкі душы: маўляў, Госпадзе, дух я, не трэба мне есці і піць, не шукаў я ні славы зямной, ні пажадаў цялесных не меў, не ўчыняў я па д’яблавай волі — тое ўсё цела рабіла!

Розум кніг. Тады загадаў гаспадар схаваць сляпога ў нейкае патаемнае месца, якое адзін толькі ведаў, да той часіны, пакуль не пакліча з вінаградніка кульгавага і не асудзіць абодвух.

Гэта ж і азначае, што да другога прышэсця Хрыстовага не будзе суда і пакарання ні для якога чалавека, ні для душ вернікаў, ні для няверных. Дык жа веруйце ісцінна ва ўваскрашэнне целаў чалавечых!

Сведчанне. Сказана: “Дух Свой пашлеш Ты — і створацца, і адновіш аблічча зямлі”. А Іезекііль паказаў нам надзею на ўваскрашэнне: “Загадай, Сын чалавечы, гэтым мёртвым косткам — і агарнуцца плоццю яны, і з’явіцца скура, і прыдзе дух ад чатырох ветраў, і ўвойдзе ў тых мерцвякоў, і яны ажывуць”. А не робіць тым Гасподзь нічога новага, а толькі аднаўляе спрадвечную справу Сваю. Бо напачатку стварыў Ён Адамава цела і пасля ўжо ўдыхнуў душу. Так і ва ўлонні жаночым: спачатку ад семені цела ствараецца, а пасля душа ўзрошчваецца праз пяць месяцаў. Ды і хрышчэнне нараджае спачатку вадою, і толькі пасля абнаўляе ад тлену грахоўнага духам. Так жа будзе і ў дзень апошні: спярша адновіць зямлю і прах чалавечы збярэ і створыць нашыя целы з яго вокаймгненна, а потым і душы нашы ўвойдуць у кожнае цела сваё; згодна з апосталам Паўлам, які кажа што Сам Гасподзь з голасам архангелаў, з трубой Божай сыдзе з нябёсаў; і спярша ўваскрэснуць у Хрысце мёртвыя, а потым — жывыя. Хто ж тыя мёртвыя? — Усе народы, што не былі пад Божым законам і не прынялі хрышчэння; сказана бо: “Тыя, якія грашылі аблудна, — аблудна й загінуць”. Жывыя ж — то хрысціяне. Належыць уваскрэснуць целам усіх чалавекаў; дык паверым жа сведчанню Паўла, які мовіў словамі Госпада: “Калі не створыць здаўна створанага Богам чалавека, дык жа й не зразумее яго нараджэнне ў вечнае жыццё праз хрышчэнне і не спадзяецца на ўваскрашэнне ўсіх чалавекаў у плоці ў жыццё бясконцае: адным — у гонар і славу, другім жа — у сорам і муку.
Але ж і астатняе скажам.

Прышэсце Хрыстова на суд усіх людзей. Калі прыйшоў гаспадар, каб забраць плады з вінаградніку свайго — то пабачыў яго абкрадзеным, і паклікаў кульгавага разам з сляпым, і яны пачалі вінаваціць адзін аднаго. Кульгавы сказаў сляпому: “Каб ты мяне не панёс, то я ніяк не змог бы туды дайсці, бо ногі мае не ходзяць. Сляпы ж казаў: “Калі б не ты паказаў мне дарогі, я б туды не здолеў дайсці”. Тады сеў гаспадар на судны прастол і стаў вяршыць ім суд. І сказаў: “Хай сядзе кульгавы на сляпога, як гэта рабілі, калі абкрадалі мяне!” А калі сеў на сляпога кульгавы, то загадаў гаспадар пакараць іх бязлітасна на вачах усіх рабоў сваіх і ў апраметнай іх мучыць вязніцы.

Зразумейце ж, братове, прытчы іншасказанне! Чалавек гаспадарлівы — то Бог Айцец, Тварэц усіх. Сын жа Яго высакародны — Гасподзь наш Іісус Хрыстос. А вінаграднік — гэта зямля і ўвесь свет. А сцяна — то закон Божы і запаведзі. А слугі Яго — то ангелы. Кульгавы ж — чалавечае цела, а сляпы — то душа. А што пасадзіў іх ля брамы — дык тое знамянуе, што Бог чалавеку аддаў усю зямлю і закон з запаведзямі даў. Але чалавек парушыў Божы наказ і таму быў асуджаны на смерць. І спачатку да Бога душу яго прыводзяць, і тая апраўдваецца: маўляў, не яна, а цела зграшыла. І таму няма пакутаў для душаў да другога прышэсця, але дзе знаходзяцца яны — ведае адзін Бог. Калі ж прыйдзе часіна зямлю аднавіць і ўваскрасіць памерлых, як тое Сам Хрыстос прадказаў, — тады ўсе, хто ў магілах пачуюць голас Божага Сына і ажывуць, і выйдуць з магілаў, і да жыцця ўваскрэснуць усе тыя, хто тварыў дабро; а ліхадзейцы на суд уваскрэснуць. Тады ўвойдуць нашы душы ў целы, і атрымае кожны прысуд па ўчынках яго: праведнікі — жыццё вечнае, грэшнікі — бясконцую пакуту бессмяротную. І хто чым саграшыў — тым катаваны і будзе.

А сказаў я ўсё тое не ад сваіх домыслаў, а ад кніг святых. І гэта не маё прапаведанне, а проста гутарка, бо я не настаўнік, як тыя царкоўныя святыя мужы ў Хрысце Іісусе Госпадзе нашым, Якому слава з Айцом і з Святым Духам цяпер і заўсёды і ў векі вякоў. Амінь.


Пераклад А. Мельнікава

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.