Дзеля Царквы і Бацькаўшчыны: В.В. Багдановіч (1878–1941?)

Вячаслаў Багдановіч — выдатны царкоўны і грамадскі дзеяч, літаратар, педагог і публіцыст, які ўсе свае здольнасці, сілы і намаганні аддаў на карысць Праваслаўнай Царкве і беларускаму народу. Нарадзіўся ён 26 верасня 1878 г. у в. Слабада-Дзісна Віленскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці) у сям’і праваслаўнага святара Васілія Багдановіча. З сям’і айца Васілія выйшлі яшчэ два высокаадукаваныя і заслужаныя перад беларускай навукай і адукацыяй дзеячы — Анатоль Васільевіч (1888–1969), мовазнавец і педагог, і Генадзь Васільевіч (1878–1941?), асветнік і педагог.

Вячаслаў Багдановіч спачатку вучыўся ў Віцебскай духоўнай семінарыі, затым працягваў адукацыю ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, якую скончыў у 1903 г. са ступенню кандыдата багаслоўя. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў выкладчыкам біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай духоўнай семінарыі. Восенню 1907 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Вільню, дзе яму была прапанавана пасада інспектара Віленскай духоўнай семінарыі.

В.Багдановіч хутка пазнаёміўся і актыўна ўключыўся ў царкоўнае, грамадскае і культурнае жыццё горада. У пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні дзейнічалі 31 праваслаўны храм і 3 манастыры. В.Багдановіч увайшоў у склад адроджанага ў 1865 г. праваслаўнага Свята-Духава брацтва, якое вяло шырокую асветніцкую дзейнасць, займалася місіянерствам і храмабудаўніцтвам. Як брацкі скарбнік, Багдановіч уваходзіў у будаўнічы камітэт па ўзвядзенні ў Вільні царквы ў памяць асветніка і абаронца Праваслаўя князя К.К.Астрожскага. Царква (вядома як Раманаўская) была асвячона ў 1913 г. у імя святых Канстанціна і Міхаіла. В.Багдановіч уключыўся таксама ў работу навуковых і асветніцкіх устаноў, супрацоўнічаў з Віленскім Беларускім музеем, быў захавальнікам Літоўскага епархіяльнага музея старажытнасцей.

У час першай сусветнай вайны з набліжэннем лініі фронту Вячаславу Багдановічу як інспектару семінарыі было даручана займацца справай эвакуацыі ўстановы на ўсход. Праасвяшчэнны Ціхан, архіепіскап Віленскі і Літоўскі (пазней Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі), камандзіраваў яго ў Віцебск, Полацк і Дзвінск для пошуку месца эвакуацыі семінарыі. Спачатку ўладыка Ціхан благаславіў перабірацца ў Віцебск. Туды быў адпраўлены семінарскі архіў, пад які ўдалося знайсці пакойчык. Але для семінарыі памяшкання не знайшлося. Прыйшлося ехаць далей, на ўсход. Нарэшце ў Разані віленскія семінарысты і выкладчыкі знайшлі часовае прыстанішча і змаглі аднавіць навучальны працэс.

Як аўтарытэтны царкоўны дзеяч і багаслоў, Вячаслаў Багдановіч быў абраны дэлегатам ад міранаў Літоўскай епархіі на памесны Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы 1917–1918 гг., на якім было адноўлена патрыяршаства. Па прапанове В.Багдановіча на Саборы была выпрацавана працэдура выбараў Патрыярха ў такім парадку: пры першым галасаванні называлася імя аднаго кандыдата, а ў другім — трох.

В.Багдановіч разглядаў Сабор як падзею надзвычайную і важную не толькі для Рускай, але і іншых Праваслаўных Цэркваў. Прынцыповае значэнне яго рашэнні мелі і для праваслаўнага царкоўнага жыцця ў Польшчы. Сабору В.Багдановіч прысвяціў некалькі артыкулаў у перыядычным друку і апублікаваў дзённік удзельніка Сабора.

У выніку аднаўлення польскай дзяржаўнасці ў 1918 г. і падпісання Рыжскага мірнага дагавору (1921 г.) Вільня разам з часткай Літоўскай епархіі апынулася ў польскіх межах. Праваслаўнае насельніцтва было падначалена ўраду, які нягледзячы на канстытуцыйныя гарантыі роўнасці канфесій, на практыцы імкнуўся да абмежавання дзейнасці Праваслаўнай Царквы, на паступовую яе паланізацыю і ізаляцыю.

Пасля ваеннай разрухі арганізаванае жыццё на прыходскім і епархіяльным узроўнях яшчэ не было адноўлена. Кананічна гэтыя тэрыторыі знаходзіліся ў юрысдыкцыі патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана, але ў новых умовах вяртанне да сталых сувязей з Масквой не было магчымым. Польскі ўрад, узяўшы ініцыятыву па вырашэнні прававога становішча Праваслаўнай Царквы ў свае рукі, прыступіў да замены епіскапата, прызначанага Масквой, новым епіскапатам, які быў бы цалкам звязаны з польскім урадам і залежаў ад яго.

У 1921 г. у Польшчу з эміграцыі прыбыў па запрашэнні польскага ўраду архіепіскап Георгій (Ярашэўскі). Яму польскі ўрад, са згоды патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана, даручыў узначаліць царкоўнае кіраваннне. У верасні 1921 г. патрыярх Ціхан прызначыў епіскапа Георгія мітрапалітам Варшаўскім і Холмскім, патрыяршым экзархам (сваім прадстаўніком) у Польшчы. Адначасова патрыярх Ціхан прыслаў мітрапаліту Георгію праект Палажэння аб кіраванні Праваслаўнай царквой у Польшчы, якое давала ёй значную аўтаномію і фактычна было раўназначна кананічнай аўтакефаліі. Аднак польскі ўрад не быў задаволены “такой аўтакефаліяй”, пры якой не парывалася юрыдычная сувязь з Масквой. У студзені 1922 г. Міністэрствам веравызнанняў і народнай адукацыі былі выдадзены “Часовыя правілы аб адносінах Царквы і дзяржавы” (дзейнічалі да 1938 г.), дзе ўпершыню афіцыйна Праваслаўная Царква ў Польшчы была аб’яўлена аўтакефальнай і тым самым трапляла ў вялікую залежнасць ад дзяржавы. “Правілы” былі крытычна ўспрынятыя большасцю духавенства, а чатыры епіскапы з шасці, у тым ліку Еляўферый Віленскі, адмовіліся іх падпісаць.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.