Дзеля Царквы і Бацькаўшчыны: В.В. Багдановіч (1878–1941?)

У пачатку 1920-х гг. склалася сітуацыя, калі польскі ўрад вымушаны быў праводзіць палітыку манеўравання адносна праваслаўных, і рэлігійнае жыццё ў Віленскай епархіі нейкі час магло ладзіцца ў беларускіх формах. У той час на тэрыторыі Заходняй Беларусі яшчэ моцнымі былі ўплывы Рускай Праваслаўнай Царквы, мовай пропаведзі, выкладання і справаводства была руская. Кіруючыся прынцыпам “найменшага зла”, пэўны час польскі ўрад не перашкаджаў “беларусізацыі” Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Польская дзяржава пагадзілася з рашэннем Сінода Польскай Праваслаўнай Царквы (1924) пра дапушчэнне ўкраінскай, беларускай, польскай, чэшскай моваў у тых богаслужбовых чынах, тэксты якіх перакладзены і ўхвалены вышэйшымі царкоўнымі ўладамі. Дазвалялася прамаўленне казанняў і царкоўных павучанняў на мове мясцовага праваслаўнага насельніцтва, а таксама рэкамендавалася выкладанне Закону Божага на роднай мове. Гэта, нагадаем, адпавядала і стаўленню патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана да “моўнага пытання”, які ў 1922 г. дазволіў адпраўляць дадатковыя богаслужэнні на беларускай мове.

Вячаслаў Багдановіч вярнуўся ў Вільню ў 1919 г. Найперш ён узяў на сябе клопат арганізацыі дзейнасці адноўленай пасля вайны Віленскай духоўнай семінарыі, стаў першым яе пасляваенным рэктарам. Размяшчалася семінарыя ў Базыльянскіх мурах па вуліцы Вострабрамскай, 9. Тут жа, непадалёку, была і кватэра В.Багдановіча, дзе ён пасяліўся з сям’ёй.
Заняткі пачаліся ў 1920/1921 навучальным годзе. Паводле ўспамінаў выпускніка семінарыі айца Яўстафія Баслыка, рэктар Вячаслаў Багдановіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам і павагай студэнтаў і выкладчыкаў: “Гэта быў высокаадукаваны багаслоў, які валодаў да таго ж глыбокай жывой верай, інтэлігентнасцю, крыштальнай сумленнасцю, педагагічным талентам перадаваць свае веды і перакананні слухачам, выхаванцам. Ён заўсёды прыходзіў у інтэрнат на ранішнія і вячэрнія малітвы, часам застаючыся да поўначы для гутарак са студэнтамі”.

У той час намаганнямі беларускай інтэлігенцыі і са згоды царкоўнай іерархіі ў Віленскай духоўнай семінарыі, дзе мовай навучання дагэтуль была руская, былі ўведзены новыя прадметы — гісторыя, геаграфія Беларусі і беларуская мова. В.Багдановіч выкладаў таксама ў Віленскай Беларускай гімназіі, жаночым епархіяльным вучылішчы і Віленскай рускай гімназіі. У верасні 1921 г. увайшоў у склад Таварыства беларускай школы. З 1921 г. па запрашэнні архіепіскапа Еляўферыя быў сакратаром Літоўскага епархіяльнага савета. Па яго ініцыятыве з 1922 г. сталі выдавацца “Літоўскія епархіяльныя ведамасці”, дзе ён меў абавязкі адказнага рэдактара.

Пасля абвяшчэння аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквы супраць яе праціўнікаў праводзіліся рэпрэсіі, духавенства пераводзілі ў іншыя прыходы, абмяжоўвалі ў правах, не давалі грамадзянства, высылалі ў Расію і нават арыштоўвалі. У “Правілах” было заяўлена пра неабходнасць увядзення польскай мовы ў духоўных семінарыях і ў па-за царкоўных мерапрыемствах, а таксама ў зносінах духавенства са свецкімі ўладамі. Ажыццяўляючы інспекцыю на месцах, Міністэрства веравызнанняў і народнай адукацыі асаблівую ўвагу надавала ўвядзенню польскай мовы ў рэлігійнае навучанне ў дзяржаўных школах, а таксама ў набажэнствы і казанні, разглядаючы іх як “сродак культурнага з`яднання ўсходніх ваяводстваў з карэннай Польшчай”.

У 1922 г. за нязгоду і пратэсты супраць аўтакефаліі распараджэннем мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Георгія В.Багдановіч быў звольнены з пасады рэктара, выведзены са складу епархіяльнага савета і зняты з пасады адказнага рэдактара “Літоўскіх епархіяльных ведамасцяў”, а само выданне распараджэннем Віленскай духоўнай кансісторыі было спынена. У 1922 г. польскія ўлады пазбавілі кафедры архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Еляўферыя, а затым ізалявалі ў каталіцкім манастыры пад Кракавам. В. Багдановіч тайна суправаджаў уладыку да месца заключэння.

На выбарах 1922 г. ад праваслаўных Віленшчыны Вячаслаў Багдановіч быў абраны ў сенат Польскай Рэспублікі, стаў сябрам Беларускага пасольскага клуба — нацыянальнай дэпутацкай фракцыі ў сейме. Асноўным зместам дэпутацкай дзейнасці В.Багдановіча была абарона грамадзянскіх і рэлігійных правоў нацыянальных меншасцяў у Польшчы. Карыстаючыся сваім становішчам, ён дабіваўся польскага грамадзянства для рускіх і тым выратоўваў іх ад высылкі ў СССР, дзе іх мог чакаць лёс “польскіх шпіёнаў”. Выступаючы ў сенаце, В.Багдановіч паведамляў польскаму сенату аб сапраўдным становішчы Праваслаўнай Царквы. Ён сведчыў пра гвалт, канфіскацыі маёмасці, нацыянальныя прыцясненні. Сенатар падкрэсліваў неабходнасць спынення адміністрацыйных злоўжыванняў, гаварыў пра важнасць склікання царкоўнага Сабора для абмеркавання набалелых пытанняў.

В.Багдановіч актыўна выступаў супраць закрыцця і разбурэння храмаў, у абарону праваслаўнай духоўнай адукацыі, за захаванне беларускамоўнага цыкла прадметаў ва ўмовах паланізацыі. З парламенцкай трыбуны апеляваў да еўрапейскай грамадскасці, выкрываючы гвалтоўныя дзеянні ўладаў адносна праваслаўных і іх святыняў. Яго прамовы заўсёды былі насычаны дакладнымі фактамі парушэння законнасці. Горача ўступаўся В.Багдановіч за ”адну з найбольш дарагіх святынь” — старажытную Маламажэйкаўскую царкву, якую ў 1938 г. усё ж перарабілі пад каталіцкі касцёл, за храм у вёсцы Новы Двор Гродзенскай епархіі, які спачатку быў зачынены, а потым разбураны і інш.

У сваёй парламенцкай дзейнасці і ў публіцыстыцы В.Багдановіч выступаў як агульнанацыянальны лідэр. Ён актыўна ўступаўся і за правы беларусаў-католікаў, якія імкнуліся захаваць нацыянальныя рысы ў сваім рэлігійным жыцці. На паседжаннях сената гучаў яго голас у абарону ксяндзоў-беларусаў В.Гадлеўскага, В.Шутовіча, беларускай каталіцкай газеты “Крыніца”.
Як актыўны змагар за правы рэлігійных і нацыянальных меншасцяў Вячаслаў Багдановіч атрымаў шырокую вядомасць у Польшчы і за яе межамі. Аўтарытэт В.Багдановіча быў настолькі высокім, што яго выбіралі сенатарам на другі і трэці тэрміны ў 1928 і ў 1930 гг.

Дзякуючы самаахвярнасці В.Багдановіча, былі захаваны многія праваслаўныя храмы Віленшчыны. Паводле закона Польскай Рэспублікі, праваслаўныя цэрквы, у якіх не адбываліся богаслужэннні, зачыняліся. Дзеля іх захавання Багдановіч разам са святаром Міхаілам Кушневым абходзіў Віленскую акругу пехатой і дапамагаў служыць у храмах у якасці псаломшчыка.
Пасля афіцыйнага абвяшчэння некананічнай аўтакефаліі (1925) В. Багдановіч адмовіўся прыняць яе. Умела карыстаючыся правамі польскай Канстытуцыі, ён стварыў і зарэгістраваў у Вільні праваслаўны прыход, навязаў кантакты з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Ціханам, які прыняў абшчыну ў юрысдыкцыю Маскоўскай Патрыярхіі. У рэзалюцыі Патрыярха Ціхана ад 16 лютага 1925 г. гаварылася: “Заклікаю Божае благаславенне на адданую працу на карысць Святой Праваслаўнай Царквы праваслаўнаму сенатару Рэчы Паспалітай Вячаславу Васільевічу Багдановічу, а таксама і пачэснаму прасвітарству, у Хрысце дыяканству, богалюбнаму інацтву і праваслаўнаму люду, які захаваў вернасць статутам Святой Царквы, сваім законным іерархам і адданасць Маскоўскаму Патрыяршаму Прастолу”. Богаслужэнні спачатку адбываліся ў прыватным доме на вуліцы Солтанскай, 12, а пазней у царкве ў імя вялікамучаніцы Екацярыны. Служыў у храме з благаславення Патрыярха Ціхана аднадумец В. Багдановіча протаіерэй Лука Голад, аўтар шматлікіх публікацый у тагачасным віленскім друку. Сам Вячаслаў Васільевіч да 1936 г. служыў у Екацярынінскай царкве псаломшчыкам. Патрыяршая абшчына праіснавала ў Вільні дзесяць гадоў, пасля чаго была разгромлена, а храм закрыты. За прынцыповую і мужную пазіцыю Вячаслаў Багдановіч мітрапалітам Варшаўскім і усяе Польшчы Дзіянісіем (Валядзінскім) быў адлучаны ад Польскай аўтакефальнай Царквы.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.