Вячаслаў Багдановіч “Царкоўнаславянская мова як мова богаслужбовая”

[…]Пачынаючы гаворку пра царкоўнаславянскую мову як богаслужбовую, неабходна перш за ўсё адзначыць, што гэтае пытанне зусім не дагматычнае і нават не кананічнае, а толькі пытанне царкоўнай практыкі. З праваслаўнага пункту гледжання ў хрысціянстве няма асаблівай свяшчэннай мовы. На такое месца маглі б прэтэндаваць старажытнаяўрэйская і грэчаская як мовы Свяшчэннга Пісання: першая як мова Старога, другая – Новага Запаветаў. Але з часоў, калі Іісусам Хрыстом быў дадзены загад ісці навучаць і хрысціць усе народы і калі ў дзень святой Пяцідзесятніцы “хрышчэнне Духам Святым” апосталаў ажыццявілася пры атрыманні імі “дара языков”, для хрысціянскага свету ўсе мовы, як і ўсе народы, сталі свяшчэннымі: “Няма ні эліна, ні іудзея”. Перавага моў грэчаскай і яўрэйскай чыста практычная, а менавіта ў тым, што яны, як мовы Свяшчэннага Пісання, з’ўляюцца як бы захавальніцамі яго тэксту і разам — сапраўднага сэнсу. Паводле іх, урэшце, праводзяцца зверкі тэксту Слова Божага, пераклады на іншыя мовы. Таму Праваслаўе пытанне пра богаслужбовыя мовы прынцыпова вырашыла раз і назаўсёды ў тым сэнсе, што не толькі не забараняе маліцца і правіць богаслужэнне на ўсіх мовах свету, але заўсёды настойліва імкнецца і стараецца, паводле прыкладу і запавету святых апосталаў і святых роўнаапостальных братоў Мяфодзія і Кірыла, перакладаць свяшчэнныя і багаслоўскія кнігі на мовы тых народаў, сярод якіх яны ўпершыню прапаведуюцца. Тут вельмі дарэчы будзе ўспомніць, што расійскі ўрад і Расійская Праваслаўная Царква, якая ўзначальвалася да Сабора 1917–1918 гг. урадавым Сінодам, і якую цяпер так часта, часам і справядліва, абвінавачваюць у русіфікацыйных намерах, нягледзячы на гэта, перакладалі (калі было патрэбна) праваслаўнае богаслужэнне на розныя мовы народнасцей былой Расійскай імперыі і суседніх краін (латышскую, літоўскую, эстонскую, фінскую, вацяцкую, карэльскую, татарскую, алтайскія дыялекты, кітайскую і японскую). Аднак ніколі не спрабавалі перакладаць кнігі для богаслужбовага ўжытку ні на літаратурную рускую, ні на размоўную вялікарускую мовы. Больш таго, прыватныя спробы ў гэтым напрамку сустракалі заўсёды супраціўленне з боку свецкіх і царкоўных уладаў. Паказальны ў гэтых адносінах наступны прыклад.

У 20-х гадах мінулага стагоддзя такі царкоўны аўтарытэт як мітрапаліт Філарэт (Драздоў), у той час яшчэ архіепіскап, вымушаны быў падпарадкавацца сінадальнаму распараджэнню аб выключэнні з карыстання яго Катэхізіса (нават не богаслужбовай кнігі) за тое, што прывёў у ім тэксты Свяшчэннага Пісання, малітваў і запаведзяў на рускай мове. Так рабіў русіфікатарскі ўрад і Расійская Праваслаўная Царква ў часы Аракчэева і Шышкова! І.., павінны мы дадаць, калі ў падобных дзеяннях адкінуць некаторыя крайнасці і паглядзець толькі з прынцыповага пункту гледжання, — рабіла зусім правільна, бо ўвядзенне богаслужэння на рускай мове магло б не толькі адштурхнуць ад Праваслаўя украінцаў, беларусаў і іншых, але ўнесці разлад і раскол у асяроддзе саміх рускіх. Адсюль ясна, што пытанне пра ўвядзенне ў богаслужбовае карыстанне той ці іншай мовы трэба разглядаць не з пункту гледжання: можна ці не (канечне, можна! — тут не можа быць ніякай спрэчкі), але з пункту гледжання: трэба або не трэба, г. зн. карысна ці шкодна гэта для Царквы. Тут заўсёды трэба памятаць вечна і неадменна правільныя словы Свяшчэннага Пісання: “Усё мне магчыма, але не ўсё карысна” (1Кар. 6, 12). Апостал Павел ў 1-м пасланні да Карынфянаў, вырашаючы пытанне пра “дар языков”, якое азнаменавала жыццё Царквы ў першыя вякі хрысціянства, адзначае, што карысна маліцца “розумам”, але карысна маліцца і “духам”. У імкненні Праваслаўнай Царквы прапаведаваць хрысціянства і правіць богаслужэнні на ўсіх мовах ажыццяўляецца першае патрабаванне: “маліцца розумам”, г. зн. цалкам свядома, што толькі і магчыма тады, калі малітвы прамаўляюцца на знаёмай мове, калі яны для нас зразумелыя. Ствараючы славянскую азбуку і зрабіўшы пераклад незразумелых грэчаскіх кніг на славянскую мову, святыя браты Мяфодзій і Кірыл таксама вырашылі для славян першую задачу, бо “языки суть знаменение не для верующих, а для неверующих” (1Кар. 14, 22), каб яны, няверуючыя, маглі ўсвядомлена ўспрымаць вучэнне Хрыстова. Але цяпер, калі на працягу столькіх вякоў на царкоўнаславянскай мове правіліся богаслужэнні, калі з кожным словам, як і з напевам царкоўным, злілося ў нас столькі светлых момантаў, успамінаў, мова гэтая не перастае ажыццяўляць першую задачу, і ў той жа час дапамагае ажыццявіць і другую — маліцца “духам”, узбуджаць малітоўнае пачуццё.

Няхай некаторыя людзі, асабліва адарваныя ад Царквы, скардзяцца на незразумеласць асобных царкоўнаславянскіх слоў, на аддаленасць іх ад жывой размоўнай мовы сучасных славянскіх моў. Па-першае, на якую б мову мы не перакладалі богаслужбовыя кнігі, — усё роўна ў іх знойдуцца некаторыя словы ці месцы, якія патрабуюць тлумачэння, не кажучы ўжо пра тое, што кожная мова мае мноства дыялектаў. Па-другое, у царкоўнаславянскай мове не так шмат незразумелых слоў, па-трэцяе, калі яны і ёсць, то дзеля значэння самой мовы ў культурных і богаслужбовых адносінах, яна заслугоўвае таго, каб ёй трошкі падвучыцца. Па-чацвёртае, менавіта ў тым, што мова гэтая, хоць знаёмая і зразумелая для нас, але ўсе ж не тоесная звычайнай побытавай гаворцы, адрозніваецца ад яе, — менавіта гэтая, кажам мы, ўласцівасць і дапамагае нам у моманты, калі Царква патрабуе ад нас адкласці “усялякі жыццёвы клопат”, — сапраўды адарвацца ад усяго таго, што звязана з будзённым жыццём і малітоўна ўзняцца “духам у свет горні ”.

Тут нічога страшнага няма нават у недахопе яснасці і зразумеласці некаторых царкоўнаславянскіх слоў. Наадварот, гэтая недастатковая яснасць сімвалізуе набліжанасць да нейкай таямніцы, і дапамагае ўзбуджаць такі стан, у якім чалавек забывае сябе, увесь свет і безразважна аддаецца Богу. Вядомы элемент таямнічага, не зусім яснага і нераскрытага, як у веравучэнні, так і ў богаслужэнні з’яўляецца псіхалагічна неабходным элементам, асабліва адносна “малых гэтых”, — людзей простых, якія жывуць у рэлігійным жыцці больш пачуццём, чым розумам.

Тыповы інтэлігент А.П. Чэхаў, чалавек малаверуючы, смяяўся над вясковымі бабамі, якія плакалі над незразумелым для іх словам “дондеже”, але больш глыбокі і пранікнёны паэт-прарок Лермантаў раней за Чэхава паглядзеў на гэтае пытанне значна правільней і значна глыбей:
Есть речи; — значенье
Темно иль ничтожно,
Но им без волненья
Внимать невозможно.
Как полны их звуки
Блаженством желанья, —
В них слезы разлуки,
В них трепет свиданья.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.