Духоўныя святыні Брэсцкай епархіі

Святы прападобнамучанік Афанасій, ігумен БрэсцкіБрэст. Прападобнамучанік Афанасій, ігумен Брэсцкі нарадзіўся каля 1597 г. у праваслаўнай сям’і брэсцкага гараджаніна Філіповіча. Атрымаў грунтоўную адукацыю, ведаў багаслоўскую і гістарычную літаратуру, валодаў польскай, лацінскай, грэчаскай, славянскай мовамі. У маладосці Афанасій займаўся навучаннем моладзі ў сем’ях беларускай шляхты, некаторы час жыў пры двары літоўскага канцлера Льва Сапегі.

У 1627 г. Афанасій прыняў манаскі пострыг у Віленскім Свята-Духавым манастыры. У 1632 г. быў рукапаложаны ў іераманаха і прызначаны намеснікам у Дубойскі манастыр каля Пінска.

У 1640 г. Афанасій абраны ігуменам Берасцейскага Сімяонаўскага манастыра. Выступаў актыўным прыхільнікам Праваслаўя і праціўнікам царкоўнай уніі 1596 г. Ён збіраў матэрыялы аб прыгнечаным стане праваслаўных у Рэчы Паспалітай, пісаў артыкулы, якія склалі мемуарна-публіцыстычную кнігу “Дыярыуш” (1646). Каб шукаць законнай абароны правоў праваслаўных, Афанасію давялося ехаць у Варшаву і звярнуцца да караля, але выніку гэта не дало. У 1643 г. Афанасій, выступаючы на сейме ў Варшаве, выкрыў шматлікія беззаконні адносна правоў праваслаўных. Прамова ўразіла сейм, але ў хуткім часе Афанасія асудзілі, выслалі з Варшавы ў Кіеў, дзе ён правёў тры месяцы ў вязніцы. Вярнуўшыся ў Бярэсце, Афанасій працягваў дамагацца ад караля і сейма юрыдычнай абароны правоў праваслаўных.

У 1648 г., у час паўстання Багдана Хмяльніцкага, ігумена Афанасія зноў арыштавалі, абвінаваціўшы ў перадачы “таемных лістоў і пораху для казакаў Багдана Хмяльніцкага”. Нягледзячы на тое, што віна не была даказана, ноччу яго адвялі ў лес каля Гершонаў (пазней гэтае месца сталі называць Аркадзіяй), загадалі, паводле відавочцаў, выкапаць сабе яму, а потым, катуючы распаленым жалезам, прымушалі адрачыся ад слоў супраць уніі. Афанасій адказаў: “Што ўжо сказаў, тое сказаў, з тым і паміраю”. Яго паранілі выстралам у галаву і яшчэ жывога скінулі ў яму.

Нятленнае цела святога Афанасія інакі перанеслі ў манастыр і праз некалькі дзён з пашанай пахавалі ў галоўным храме. У 1813 г. драўляная манастырская царква згарэла, але засталіся ацалелыя рэшткі мошчаў, якія пазней змясцілі ў драўляны каўчэг і паставілі для пакланення ў гарадскім саборы ў імя святога Сімяона Стоўпніка. Іх часціца знаходзіцца там да гэтага часу. Памяць святога адзначаецца Царквой штогод 2 жніўня і 18 верасня (н. ст.).

Сабор свяціцеля Мікалая. Малюнак з кнігі XVIII ст. Сабор у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца. Быў галоўным (кафедральным) храмам Бярэсця ў XIV–XIX стст. Збудаваны ён, верагодна, на месцы больш старажытнай драўлянай царквы, размяшчаўся на месцы цэнтральнага вострава сучаснай крэпасці. Па архітэктуры адносіўся да храмаў абарончага тыпу, уяўляў сабой чатырохкутны ў плане будынак з дзвюма вежамі на фасадзе. Інтэр’ер храма і іканастас былі выкананы ў візантыйскім стылі, адрозніваліся высокамастацкай работай. У іканастасе было шмат абразоў старога пісьма. Галоўнай святыняй храма з’яўлялася шанаваная ў народзе цудатворная ікона свяціцеля Мікалая.

У XVI cт. пры саборы былі заснаваны манастыр (звесткі пра яго не захаваліся) і рэзідэнцыя епіскапаў (па дакументах “Брэсцкая руская кафедра”). Тут жа ў 1590, 1594 і 1596 гг. праходзілі саборы заходнерускіх епіскапаў, дзе абмяркоўваліся важнейшыя пытанні царкоўнага жыцця. У 1592 г. пры саборы было створана Мікалаеўскае брацтва і адкрылася школа “для навучання пісьма грэцкага і рускага”. У ёй выкладаў Лаўрэнцій Зізаній, вядомы мовазнавец і літаратар. Царква пацярпела ад пажару 1613 г. Канчаткова была знішчана разам з замкам у 1830-я гг. у час будаўніцтва крэпасці.

Мужчынскі манастыр у гонар святога Сімяона Стоўпніка, на думку даследчыкаў, самы даўні ў горадзе. Паводле народнага падання, яго заснавалі манахі, якія ў час падарожжа патрапілі ў балоцістую мясцовасць і вымушаны былі спыніцца. Манастыр знаходзіўся, згодна з планам горада пачатку XIX ст., на востраве, у гарлавіне ракі Мухавец, у Валынскім прадмесці, нападалёк ад гарадскога цэнтра. Усе пабудовы манастыра былі драўляныя, таму неаднойчы цярпелі ад пажараў. Пасля мангола-татарскага нашэсця 1241 г. манастыр заняпаў і быў адроджаны толькі ў XIV ст. Драўляныя будынкі праз нейкі час зноў былі знішчаны пажарам. Манастыр быў адноўлены фундацыяй роду Солтанаў у пачатку XVI ст.
Галоўнай святыняй манастыра з’яўляўся храм у гонар святога Сімяона Стоўпніка. Акрамя таго ў манастыры была царква Праабражэння Гасподняга. У 1640 г. ігуменам манастыра стаў Афанасій Філіповіч, ігумен Брэсцкі, вядомы пісьменнік і царкоўны дзеяч.

Дзякуючы стойкасці манахаў, манастыр заставаўся ў Праваслаўі да 1603 г., пасля чаго перайшоў у падначаленне уніі. У 1632–1633 гг. праваслаўнае брацтва дабілася вяртання манастыра праваслаўным, хоць афіцыйна ён належаў прыватным асобам да 1680 г. У 1796 г. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай канчаткова вернуты ў Праваслаўе. Праз два гады ўзведзены ў ранг архімандрыі, яму падпарадкоўваліся праваслаўныя манастыры на Беласточчыне.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.