Духоўныя святыні Брэсцкай епархіі

Але манастыр на той час быў маланаселеным, храмы і будынкі патрабавалі рамонту. У час вялікага пажару 1813 г. згарэў манастырскі храм, рэшткі мошчаў прападобнамучаніка Афанасія былі перанесены ў гарадскі сабор. У 1823 г. манастыр зачынены з-за нешматлікасці манахаў і беднасці, а сабор святога Сімяона стаў прыходскім. У 1834 г. у час будаўніцтва абарончых умацаванняў Брэсцкай крэпасці ўсе старажытныя пабудовы былі знесены.

Новы сабор у гонар святога Сімяона Стоўпніка пабудаваны ў цэнтры горада, асвячоны ў 1865 г. Цяпер з‘яўляецца галоўным (кафедральным) храмам Брэсцкай епархіі. Тут знаходзіцца часціца мошчаў прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага і ікона Божай Маці “Фёдараўская”, праслаўленая ў XIX ст.

Манастыр у гонар Нараджэння Багародзіцы, другі старажытны манастыр Бярэсця, знаходзіўся ў Замухавеччы. З інвентара 1566 г. даведваемся, што ў манастыры былі два храмы: у гонар Нараджэння Багародзіцы і Пачэснага Крыжа. Апошні быў заснаваны жонкаю вялікага князя Вітаўта княгіняй Ганнай Святаславаўнай у пачатку XV ст. У канцы XVI ст. манастыр перайшоў да уніі, у 1633 г., паводле Канстытуцыі караля Уладзіслава IV, вернуты на некаторы час праваслаўным, канчаткова ў Праваслаўі з 1795 г. Будынкі манастыра згарэлі ў 1819 г.
Жаночы манастыр у гонар Нараджэння Багародзіцы адноўлены ў 2001 г. Знаходзіцца на тэрыторыі Шпітальнага вострава Брэсцкай крэпасці.

Брэсцкая ікона Божай МаціБрэсцкая ікона Божай Маці. Напісана ў традыцыі беларускага іканапісу, уяўляе сабой рэдкі іканаграфічны тып: Хрыстос спіць на каленях Багародзіцы, а побач — схілены перад імі Іаан Хрысціцель. Ікона вядома з XVII ст., яе ўшаноўвалі як праваслаўныя, так і католікі, у тым ліку вядомыя царкоўныя і культурныя дзеячы: свяціцелі Дзімітрый Растоўскі і Георгій Каніскі, пісьменнік Епіфаній Славінецкі. Вядомы факт, што генерал Мікалай Патоцкі выратаваў ікону ў час татарскага нападу і размясціў у дамавой капліцы. Пасля яго смерці жонка Святаслава Дунін-Раеўская аддала ікону дамініканцам. У 1804 г. яе ўпрыгожылі рызай і каронай. Святкаванне іконы 7 студзеня (н. ст.).

Леснянская ікона Божай Маці. У Брэсцкім Свята-Уваскрасенскім храме ўшаноўваецца спісак Леснянскай іконы Божай Маці. Паводле падання, ікона была знойдзена на свята Троіцы 1683 г. ярка ззяючай сярод галін дзікай грушы пастухамі Аляксандрам Стэльмашчуком і Міронам Макаруком. Ікону перанеслі ў Букавіцкую царкву, прыпісаную да Леснянскага храма Бельскага павета Гродзенскай губерні. Пераканаўшыся ў цудадзейнасці іконы, да яе з блізкіх і далёкіх месцаў пайшло шмат паломнікаў. Праз нейкі час ікона апынулася ў Леснянскім касцёле. Пасля 1863 г. касцёл быў закрыты, а праз некаторы час асвячоны ў праваслаўную царкву. Ікона заставалася ў ім і працягвала збіраць вялікае мноства народу. Мясцовыя людзі запісалі каля 500 цудадзейных выпадкаў ацалення па малітвах да Божай Маці перад Яе іконай. Ікона выразана на цёмна-чырванаватым авальным камені, выява Багародзіцы ясная і выразная. Святкаванне — 8, 14 верасня (н. ст.) а таксама на Троіцу.

Манастыр у імя прпмч. Афанасія БрэсцкагаБрэсцкі раён, в. Новая Аркадзія. Месца смерці прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. Тут у 1870 г. мясцовыя жыхары ўзвялі капліцу. У 1961 г. яна была зачынена ўладамі і заняпала. У 1988 г. храм быў адноўлены і асвячоны ў гонар прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага. У 1996 г. пры храме заснаваны манастыр у гонар святога. У 1986 г. у вёсцы створаны музей пакутніка. Пры манастыры працуе нядзельная школа для дзяцей і дарослых.

Жабінкаўскі раён, в. Хмелева. Мужчынскі манастыр у гонар Праабражэння Гасподняга. Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў 1771–1774 гг. на могілках з дрэва ў стылі народнага дойлідства. Царкву ўпрыгожвае выраблены ў 1830-я гг. драўляны іканастас з іконамі XVIII–XIX стст. Найбольш старажытная з іх — ікона Чанстахоўскай Божай Маці, якая ўшаноўваецца вернікамі як цудатворная.

Спаса-Праабражэнскі храм у в. ХмелеваУ 2000 г. па благаславенні архіепіскапа Брэсцкага Канстанціна ў Хмелева заснаваны мужчынскі манастыр. Цяпер у ім падвізаецца 14 насельнікаў. Згодна са статутам, яны моляцца, пішуць іконы, вырабляюць свечкі і працуюць у дрэваапрацоўчай майстэрні. На тэрыторыі манастыра пабудаваны храм у гонар Чанстахоўскай іконы Божай Маці. Вядуцца работы па ўзвядзенні жылога корпуса і трапезнай.

Драгічынскі раён, в. Імянін. Тараканскі манастыр у гонар Богаяўлення Гасподняга. Заснаваны ў XVI ст. у фальварку Таракань як праваслаўны, дзякуючы багатым ахвяраванням шляхцянкі Агаты Пяшчынскай. У 1710 г. распараджэннем епіскапа Пінскага Гедэона Дашкевіча ўзведзена новая мураваная царква, пры якой у 1757 г. уніяцкі мітрапаліт Ляон Кішка заснаваў манастыр на 12 манахаў. Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 г. манастыр не быў закрыты. У той час тут жыло 25 манахаў і 2 паслушнікі, у тым ліку ссыльныя уніяты-базыльяне.
Пры манастыры мелася багатая бібліятэка, якая ў XIX ст. налічвала каля 2 тыс. кніг. У 1842 г. маёмасць манастыра перайшла да дзяржавы. У 1840–1850-х гг. у Тараканскім манастыры жылі 4 манахі, 2 паслушнікі, 9 чалавек манастырскай службы. У 1874 г. выйшаў загад аб закрыцці манастыра. Апошні яго настаяцель ігумен Філарэт памёр у тым жа годзе і быў пахаваны ў Гродзенскім Барыса-Глебскім манастыры. З 1899 г. у будынках Тараканскага манастыра размяшчалася двухкласная царкоўна-прыходская школа. Будынкі разбураны ў 1950-я гг.

Свята-Сімяонаўская царква ў КамянцыКамянец. Камянецкі Уваскрасенскі манастыр. Старажытная Уваскрасенская царква ў Камянцы згадваецца з XVI ст. Храм быў драўляны, некалькі разоў цярпеў ад пажараў, зноў адбудоўваўся. У 1637 г. пры храме, паводле граматы мітрапаліта Пятра Магілы, заснаваны мужчынскі манастыр як важны цэнтр умацавання Праваслаўя ва ўмовах насаджэння уніі.
Размяшчаўся ён на правым беразе р. Лясной. Першым ігуменам стаў Макарый (Такарэўскі), пазней праслаўлены як святы прападобнамучанік Макарый Пінскі. Ён заснаваў тут школу, дзе навучаліся дзеці “па-руськи”. Манастыр знаходзіўся пад кіраўніцтвам Купяціцкай абіцелі, праіснаваў нядоўгі час — да 1659 г. Быў разбураны ў час разбойных нападаў стральцоў маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага.

Уваскрасенскі храм быў адноўлены стараннем прыхаджан і мясцовага святара ў 1866 г. Знаходзіўся на месцы цяперашняга сквера па вул. Пагранічнай.

Цяпер у Камянцы дзейнічае храм у гонар святога Сімяона Стоўпніка, пабудаваны і асвячоны ў 1914 г. У ім знаходзіцца высокамастацкі іканастас з Варшаўскага сабора Аляксандра Неўскага, узарванага польскімі ўладамі ў 1926 г.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.