Духоўныя святыні Брэсцкай епархіі

Камянец-Літоўская ікона Божай Маці. Вядома, што ікона была падаравана валынскім князем Уладзімірам Васількавічам (XIII ст.) камянецкай царкве. Ікона праславілася многімі цудатварэннямі. Па малітвах да Божай Маці перад іконай адбываліся ацаленні хворых, многія вернікі знаходзілі суцяшэнне ў бедах. У XIX ст. арыгінал іконы мясцовы святар Леў Паеўскі перадаў цару Мікалаю II, калі хадзіў да яго з просьбай уратаваць Белую вежу ды дапамагчы збудаваць новы храм у Камянцы замест старога драўлянага. Цяпер у камянецкай царкве святога Сімяона знаходзіцца копія той іконы.

Камянец. Паеўскі Леў (1850–1919), святар, гісторык, краязнавец, з канца 1880-х гг. служыў настаяцелем у камянецкім Свята-Сімяонаўскім саборы. Адукацыю атрымаў у Люблінскай духоўнай семінарыі. Займаўся вывучэннем гісторыі гарадоў, мястэчак, храмаў Беларусі. Праводзіў археалагічныя даследаванні ў Камянцы. З’яўляўся арганізатарам народных школ для сялянскіх дзяцей. Дабіўся ў цара Мікалая II дапамогі на аднаўленне Камянецкай вежы і на пабудову новай Сімяонаўскай царквы замест старой драўлянай.
Леў Паеўскі аўтар прац “О церквах Брестской капитулы в начале второй половины XVIII века” (Вильна, 1887), “О церквах древней Брестской епархии, входивших в состав Мельникского благочиния в 1775 г.: На основании древних церковных визитов” (Гродно, 1892), “Наши провинциальные архивы и их значение для Западно-Русского края” (Гродно, 1894), “Древнее сказание о Жировицах и о чудотворном образе Жировицкой Богоматери” (Гродно, 1897), “Город Брест-Литовск и его древние храмы” (Гродно, 1894). На жаль, значная частка рукапісаў і неапублікаваных работ святара згарэла ў час пажару ў Камянцы. Памёр Леў Паеўскі на Каўказе, у Тыфлісе (Тбілісі).

Плакід Янкоўскі (1810–1872)Камянецкі раён, в. Войская. Плакід Янкоўскі — святар і пісьменнік, нарадзіўся тут у 1810 г. у сям‘і уніяцкага святара  Скончыў Свіслацкую гімназію і Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Цікавіўся мовазнаўствам і літаратурай. Валодаў англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, чэшскай мовамі. З 1830 г. Плакід Янкоўскі выкладаў Свяшчэннае Пісанне, дагматычную тэалогію і лацінскую мову ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі (у той час уніяцкай).

У 1832 г. прыняў святарскі сан. Адначасова пісаў мастацкія творы, перакладаў з замежных моў, друкаваўся ў віленскіх і пецярбургскіх часопісах. Аўтар многіх кніг на польскай мове, дзякуючы якім стаў папулярным у Польшчы і Беларусі. У 1845–1847 гг. жыў у Вільні, служыў у царкве свяціцеля Мікалая, але з-за слабага здароўя папрасіўся на месца сельскага прыходскага свяшчэнніка. Дзесяць гадоў праслужыў у мястэчку Бялавічы каля Слоніма.

У 1858 г. Плакід Янкоўскі выйшаў на пенсію і рэштку жыцця пражыў у Жыровічах, купіўшы дом непадалёку ад манастыра. У гэты час у “Літоўскіх епархіяльных ведамасцях” і “Віленскім весніку” на рускай мове надрукаваў шэраг нарысаў, некралогаў, краязнаўчых прац на беларускім матэрыяле. Плакід Янкоўскі памёр 28 лютага 1872 г. Яго пахавалі ў склепе царквы святога Георгія, што на жыровіцкіх могілках. Там і сёння можна пабачыць надгробак П.Янкоўскага і яго жонкі.

г. Кобрын. Кобрынскі Спаса-Праабражэнскі манастыр заснаваны кобрынскім князем Іванам Сямёнавічам і яго жонкаю Феадораю ў 1497 г. пры драўлянай царкве Святога Спаса. Галоўны храм быў асвячоны ў гонар Праабражэння Гасподняга. У 1501 г. княгіня Феадора адпісала манастыру в. Корчыцы і іншую маёмасць. Пасля падпісання царкоўнай уніі 1596 г. манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян. У XVII ст. яго драўляныя будынкі заменены на мураваныя.

Сяргей Паўловіч (1875–1940)У 1795 г. манастыр вернуты праваслаўным. У 1828 г. пры ім адкрылася духоўнае вучылішча. Згодна з вопісам XIX ст., тут яшчэ захоўваліся старыя іконы і іншыя царкоўныя рэчы XIV–XVI стст. Манастыр быў закрыты ў 1834 г. Манастырскі храм у гонар Праабражэння Гасподняга некаторы час быў прыходскім, а потым зусім перастаў існаваць. Захаваўся мураваны жылы корпус, дзе цяпер размяшчаецца раённы аддзел міліцыі.

Кобрынскі раён, в. Асавец. Радзіма Сяргея Паўловіча, педагога, перакладчыка і рэлігійнага асветніка. Нарадзіўся 13 (25) верасня 1875 г. Скончыў Літоўскую праваслаўную семінарыю ў Вільні, затым Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1899). Пераехаўшы ў Вільню, працаваў у Віленскай беларускай гімназіі выкладчыкам Закона Божага, а ў 1927/28 г. займаў пасаду дырэктара гэтай установы. Цесна супрацоўнічаў з Таварыствам беларускай школы, удзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства ў Вільні.

У 1926 г. была надрукавана падрыхтаваная ім “Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій”, якая ў якасці падручніка была ўведзена ў навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Сяргея Паўловіча ў 1933 г. быў выдадзены Праваслаўны малітваслоў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах. Па рэкамендацыі Віленскай камісіі па беларускіх падручніках Закона Божага выйшлі ў свет апрацаваныя Паўловічам “Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (I–V аддзелы)” (Варшава, 1935) і “Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі” (Вільня, 1936). У 1937 г. С.Паўловіч рэдагаваў дзіцячы царкоўны культурна-асветніцкі часопіс “Снапок”. Памёр у 1940 г. ад хваробы сэрца і быў пахаваны на Літоўскіх могілках у Вільні.

Кобрынскі раён, в. Акцябр (былая в. Камень Шляхецкі). Кульчыцкі Андрэй (у манастве Аляксандр), праваслаўны царкоўны дзеяч, гісторык, адсюль родам. Нарадзіўся ў сям’і святара. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, затым Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1847 г. служыў святаром у Кобрынскай Петра-Паўлаўскай царкве. У 1852 г. прыняў манаства. У 1857–1866 гг. знаходзіўся ў якасці місіянера ў складзе Рускай праваслаўнай місіі ў Пекіне, вывучаў побыт насельніцтва Кітая, складаў руска-кітайскі слоўнік. Вярнуўшыся на радзіму, з 1866 г. служыў інспектарам Полацкай духоўнай семінарыі. У 1871 г. прызначаны настаяцелем царквы Расійскага пасольства ў Рыме. У 1878 г. узведзены ў сан епіскапа, прызначаны епіскапам Туркестанскім, Кастрамскім і Галіцкім. Аўтар прац па гісторыі царквы, краязнаўчых нататак і інш.

Пружанскі раён, в. Шарашова. Месца служэння Міхаіла Баброўскага (1784 ці 1785–1848), святара, вучонага, прафесара Віленскага універсітэта. Нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара ў в. Вулька Бельскага павета (цяпер Польшча). Бацька яго паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Міхаіл скончыў Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце (1812). У 1822–1824, 1826–1833 — з’яўляўся прафесарам гэтага універсітэта па кафедры Свяшчэннага Пісання, атрымаў званне доктара багаслоўя (1823). У 1817–1822 гг. у час замежнай камандзіроўкі ад Віленскага універсітэта ўдасканальваў веды па славістыцы, усходніх і старажытных мовах, археалогіі, гісторыі. Апісаў многія славянскія старажытнасці. Займаўся біблейскай археалогіяй і герменеўтыкай. У 1824–1826 гг. пазбаўлены права выкладання, жыў у Жыровіцкім манастыры. У 1833 г. атрымаў прызначэнне настаяцелем царквы ў мястэчка Шарашова.

прот. Міхаіл Баброўскі (1784–1848)З юнацтва прот. Міхаіл Баброўскі захапляўся вывучэннем старых рукапісаў і кніг з царкоўных архіваў і бібліятэк. У Супрасльскім манастыры знайшоў і даследаваў Супрасльскі рукапіс XI ст., адзін з самых старажытных помнікаў усходне-славянскай пісьменнасці, і Супрасльскі летапіс, помнік беларускага летапісання XV ст. Даследаваў гісторыю славянскага кнігадрукавання, збіраў матэрыялы пра Ф.Скарыну, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Яго лічаць першым беларускім скарыназнаўцам, менавіта ён у XIX ст. вярнуў імя Скарыны ў беларускую і еўрапейскую культуру. Кніга М.Баброўскага “Гісторыя славянскіх друкарняў у Літве” засталася ненадрукаванай. М. Баброўскі сабраў вялікую бібліятэку, якая стала першым зборам помнікаў беларускай старадрукаванай літаратуры. Асобныя кнігі з яе цяпер уваходзяць у зборы бібліятэк Вільнюса, Масквы, Санкт-Пецярбурга.

Памёр протаіерэй Міхаіл Баброўскі 3 кастрычніка 1848 г. (н.ст.) у час эпідэміі халеры. Пахаваны на Шарашоўскіх могілках. Частка рукапіснай спадчыны вучонага знікла адразу пасля яго смерці, большасць загінула ў час другой сусветнай вайны.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.