Масленiца, з 12 лютага (дата рухомая)

Маслкніца доўжыцца некалькi дзён на Сырным (Масленiчным) тыднi. Сырны тыдзень атрымаў сваю назву таму, што Святая Царква, паступова ўводзячы вернiкаў у подзвiг Вялiкага посту, з надыходам Сырнага тыдня ставiць iх на апошнюю ступень падрыхтоўчага ўстрымання: не ўжываць мяса, а дазваляецца есцi сыр, яйкi i масла. Каб, паступова адмовiўшыся ад прыемных страў, без цяжкасцi перайсцi да посту. Таму сапраўды набожным вернiкам у Сырны тыдзень неабходна быць ва ўсiм асаблiва стрыманым, хоць устрыманне неабходна заўжды.

Народная абраднасць Масленіцы звязана з адраджэннем пладаносных сiл зямлi. Асноўная накiраванасць абраднасцi — провады зiмы, жаданне хуткага прыходу вясны. Iснуюць разнастайныя масленiчныя абрады, у тым лiку прысвечаныя маладажонам. Як правiла, на Масленiчным тыднi маладыя гасцююць у бацькоў жонкi (прыезд зяця да цешчы “на блiны”).

Увогуле Масленiцы ўласцiва незвычайная весялосць. Дзяўчаты, маладзiцы ўбiраюцца ў лепшыя строi. Моладзь наладжвае гушканне на арэлях, коўзанне з горак на санках. Чым вышэй узляцiш на арэлях, чым далей скоцiшся з горкi — тым даўжэйшы быццам бы будзе лён. На Масленiцу абавязкова ласуюцца блiнамi, спяваюць масленiчныя песнi.

На вялiкi жаль, Сырны тыдзень (Масленiца) па скажоным чалавечым разуменнi i звычаi ператвараецца часам у тыдзень празмернасцi ў ежы, свецкiх забаваў, што пярэчыць настаўленням Святой Царквы. Нярэдка ў святкаванні Масленiцы праяўляюцца язычнiцкія традыцыі пакланення язычнiцкаму богу — вынаходнiку хмяльнога пiтва, якому прысвячалiся некаторыя святы (вакханалii), i такiя святкаваннi праводзiлiся з усялякiмi непрыстойнасцямi.

Неабходна памятаць павучанне святога Цiхана Задонскага: “Хто праводзiць Масленiцу ў бясчынствах, той становiцца вiдавочным неслухам Царквы i паказвае сябе не вартым самога iмя хрысцiянiна”.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.