Дзень Святой Троiцы — Пяцiдзесятнiца (Сёмуха), 28 мая (дата рухомая)

Дзень Святой Троiцы — Пяцiдзесятнiца (Сёмуха), 28 мая (дата рухомая)Пасля Узнясення на неба Госпада i Збавiцеля нашага Iiсуса Хрыста, што адбылося на саракавы дзень пасля Яго Уваскрасення, апосталы i iншыя вучнi неадлучна знаходзiлiся ў Iерусалiме. Была разам з iмi i Мацi Божая. Творачы малiтву, яны чакалi здзяйснення слоў Збавiцеля, Якi сказаў iм на развiтанне: “…прымеце сiлу, як сыдзе на вас Дух Святы, i будзеце Мне сведкамi ў Iерусалiме, i ва ўсёй Iудзеi i Самарыi, i нават да краю зямлi” (Дзеян. 1,8).

I вось надышоў дзесяты дзень пасля Узнясення i пяцiдзесяты пасля Пасхi (адсюль яшчэ адна назва свята — Пяцiдзесятнiца). “…I раптам пачуўся гук з неба, нiбы ад павеву буйнага ветру, і напоўнiў увесь дом, дзе яны былі. I з’явілiся iм падзеленыя языкi, як бы вогненныя, i апусцiлiся па адным на кожнага з iх. I напоўнiлiся ўсе Духам Святым i пачалi гаварыць на розных мовах, як Дух Святы даваў iм вяшчаць” (Дзеян. 2, 2-4). Гэтая падзея, апiсаная ў кнiзе Дзеянняў святых апосталаў, была вiдавочным знакам таго, што Бог дае апосталам здольнасць i сiлы для пропаведзi вучэння Хрыстовага ўсiм народам.

З дня сашэсця Святога Духа на апосталаў вера хрысцiянская пачала хутка распаўсюджвацца. Разышоўшыся па розных краiнах, апосталы ўтваралi там хрысцiянскiя абшчыны, пасвячалi ў епiскапы, свяшчэннiкi i дыяканы. Гэтая непарыўнасць апостальскай пераемнасці (яна азначае несупыннасць перадачы благадацi Святога Духа), ёсць непарыўнасць сувязі з апостальскай Царквой і захоўваецца Праваслаўнай Царквой да сённяшнiх дзён.

Свята гэтае называецца Днём Троiцы, таму што ў падзеях гэтага дня свету адкрылася жыццяноснае дзеянне ўсёй Прасвятой Троiцы. Людзi пачалi пакланяцца i ўслаўляць тры Асобы адзiнага Бога — Айца i Сына i Святога Духа. Пасля сашэсця Святога Духа на апосталаў вучэнне Хрыста пра Трыадзiнага Бога i пра ўдзел Трох Божых Асоб ў выратаваннi чалавечага роду дасягнула выключнай паўнаты i яснасцi. У гэты дзень Праваслаўная Царква заклiкае нас пакланяцца Сыну ў Айцы са Святым Духам.

З даўнiх часоў вернiкамi захоўваецца добры звычай упрыгожваць на свята Троiцы храмы i сваё жытло галiнкамi маладых бяроз, аерам i кветкамi.
 

* * *

Народная назва свята Троіцы — Сёмуха. Сёмуха — нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялiкадня. Гэта старажытнае земляробчае свята славянскiх народаў, яно супадае з заканчэннем веснавых палявых работ. Лакальная назва свята — Зелянец (“На Зелянец вясны канец”).

Напярэдаднi Сёмухi, у суботу, спраўляюцца Сёмушныя, цi Траецкiя, Дзяды, каб ушанаваць памяць продкаў i заручыцца iх падтрымкай на добры ўраджай.

Перад святам прыбiраюць i ўпрыгожваюць хаты i двары “маем” (аерам, галiнкамi i дрэўцамi бярозы, клёна, рабiны, дуба). Бярозе надаецца асаблiвае значэнне, бо яна зелянее раней за iншыя дрэвы i найбольш увасабляе жыватворную сiлу зямлi. Ёю ўпрыгожваюць покуць, ставяць каля брамы, веснiчак. На падлозе сцелюць траву (часцей аер, у памяць пра тое, што першыя апосталы, якіх Гасподзь паклікаў за Сабою, былі рыбакамі); кветкамi прыбiраюць абразы, сталы, вокны.

Сёмуха тры днi. У час свята ладзяць гульнi, карагоды, плятуць вянкi, потым — агульнае частаванне. У некаторых мясцовасцях адбываецца кумаванне, спраўляецца шмат вяселляў. Дзяўчаты на свята адпраўляюцца ў лес “завiваць бярозкi”, бяруць пры гэтым ежу i напоi, спяваюць сёмушныя (траецкiя) песнi, матывы кахання i шлюбу ў якiх асноўныя. Плятуць на Сёмуху вянкi і пускаюць іх на ваду, вызначаючы такім чынам свой лёс на замужжа. Iснуе яшчэ i абрад “ваджэння куста”, якi мае, як i ўсе сёмушныя ўрачыстасцi, аграрны i сямейна-шлюбны змест. Маладую дзяўчыну ўпрыгожваюць галiнкамi (“маем”), i дзявочы гурт абыходзіць двары з песнямi. “Куставыя” песнi маюць велiчальны характар i, паводле народных уяўленняў, спрыяюць добраму ўраджаю, замужжу дзяўчат, якiм адрасуюцца песнi.

Цяпер на свята Троiцы кветкi i галiнкi дрэў, зелянiна ўпрыгожваюць не толькi жытло чалавека, але i храмы. Яны прыносяцца Богу як начаткi жыватворных сiл вясны i разам з тым служаць сiмвалам Царквы Хрыстовай, якая са з’яўленнем у ёй благадацi Святога Духа расквiтнела i ўзвышае людзей.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.