Першая Куцця (Посная, Бедная), 6 студзеня

Паводле царкоўнага календара пярэдадзень Ражджаства Хрыстовага ёсць дзень завяршальнай падрыхтоўкi i сустрэчы вялiкага свята ўсiх хрысцiян. Сярод набожных беларусаў iснуе звычай рыхтавацца да яго працяглым постам — Пiлiпаўкай, які пачынаецца 28 лiстапада адразу пасля дня памяцi апостала Фiлiпа. Царква заклiкае завяршыць саракадзённы Калядны пост найбольш строгiм устрыманнем. Толькi ўвечары, пасля заканчэння службы, дазваляецца распачынаць вячэру каштаваннем “куццi” з мёдам, што сімвалізуе слодычы духоўных дароў.

Святкаванне пачынаецца 6 студзеня са з’яўленнем на небе першай зоркi. Вячэра гатуецца без жывёльнага тлушчу i складаецца з трох цi больш страў: квасу з грыбамi, блiноў з макам цi мёдам, кiсялю i абавязкова куццi — кашы з ячменю.

У многіх мясцiнах вячэра ладзiцца наступным чынам. Стол накрываецца абрусам, пад якi падсцiлаецца сена. Запальваецца свечка цi лампадка, чытаюцца малiтвы. Гаспадар сядае на покуцi, за iм — па старшынству яго сыны, а на другi бок стала — гаспадыня i астатнiя дзецi. Зачарпнуўшы першую лыжку куццi, гаспадар стукае ў сцяну i просiць, каб мароз “не марозiў ячменю, пшанiцы, гароху i ўсяго, што Бог судзiць пасеяць”. Такое ж пажаданне выказвае i гаспадыня, пералiчваючы гароднiну. Пасля таго як усе каштуюць кожную страву, вячэра завяршаецца зноў куццёй i малiтвай. Ранiцай калядным сенам кормяць карову, авечак, што, згодна з павер’ем, павiнна засцерагчы жывёлу ад немачы.

Каштаванне пералiчаных на вячэры страў сiмвалiчна адлюстроўвае нараджэнне i смерць Iiсуса Хрыста (узвар гатуецца звычайна з нагоды нараджэння немаўляцi; куцця бывае на пахаваннi). Сена напамiнае пра месца нараджэння Дзiцяткi i яслi, у якiя Яно было пакладзена пасля нараджэння.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.