Другая Куцця (Мясная, Багатая, Скаромная), Шчодры вечар (Святы вечар, Шчадруха, Шчодрык), Новы год паводле старога стылю, 13 студзеня

Вечар напярэдаднi Новага года паводле старога стылю звязаны ў народзе з думкай пра адраджэнне Сонца, якое прыносiць лета i ўраджай. Рыхтуецца абрадавая вячэра, вызначаецца яна багаццем i разнастайнасцю скаромных страў. Таму пераднавагоднi вечар ды сама вячэра маюць адпаведную назву.

Пасля таго як за сталом збярэцца ўся сям’я, запаляць свечку на покуцi i памоляцца, гаспадар пытае ў сваёй жонкi:
— А цi бачыш ты мяне?
— Не бачу, — адказвае звонка жанчына.
— Каб белага свету не бачыла ты за гуркамi, капустаю, морквай ды за гарбузамi ўлетку на шчодрым гародзе!
— А цi бачыш ты мяне? — пытаецца цяпер гаспадыня.
— Не бачу, — адказвае муж па старой завядзёнцы.
— Каб жа ты свету белага не бачыў за скiрдамi, за снапамi, за копамi ўлетку!

У гэты дзень пачынаюць “шчадраваць” дзяўчаты. На ролю “шчодрай” выбiраецца гожая дзяўчына, якую апранаюць у святочнае адзенне, надзяюць папяровы вянок з рознакаляровымi стужкамi. Пяюць песнi-“шчадроўкi” пад вокнамi i ў хатах, славяць гаспадароў. Са Шчодрым вечарам звязаны некаторыя забароны, павер’i i варажба пра лёс моладзi.
Звычай сустракаць i праводзiць першы дзень Новага года шумлiвымi гулянкамi, вясёлымi забавамi ўзнiк у старажытных рымлян-язычнiкаў. Лiчылася: хто весела сустрэне Новы год, той на працягу цэлага года будзе жыць весела i бесклапотна.

Мiжвольна ўспамiнаюцца павучаннi святога Iаана Златавуста з яго Слова на Новы год: “Калi ты ўбачыш канец года, дык будзь удзячны Уладыку, што Ён увёў цябе ў такi кругазварот гадоў, засмуцiся сэрцам, задумайся над мiнулым, скажы самому сабе: днi цякуць i мiнаюць, гады сканчаюцца… а што зрабiлi мы добрага?”

Сапраўды, дзiўна i недаравальна хрысцiянiну чакаць надзвычайных багаццяў ад таго, як ён сустрэў Новы год, забыўшыся на тое, што сапраўднае шчасце залежыць не ад iмклiвасцi часу, але ад волi Божай i ад праведнасцi нашага жыцця. Святая Царква схiляе нас да чыстасардэчнага раскаяння ў грахах i цвёрдага намеру пазбягаць зла, вучыць, што даброты жыцця залежаць ад Бога i належаць тым, хто імкнецца рабiць добрыя ўчынкi.

Сапраўдны хрысцiянiн i можа ўсцешыцца спакойным, чыстым сумленнем — найкаштоўнейшым з усiх скарбаў; толькi ён можа ў непахiсным спадзяваннi на Бога пераносiць усе бедствы i спакусы; толькi ён можа правiльна карыстацца багаццямi свету для славы Божай, для ратавання душы сваёй i тварэння дабра людзям; толькi ён можа быць задаволены сваiм лёсам, якi нiспаслаў яму Гасподзь. У гэтым i ёсць сутнасць шчасця на зямлi. Такога шчасця i неабходна жадаць з надыходам Новага года i сабе, i блiжняму. Толькi яго трэба гарачымi малiтвамi прасiць у Госпада.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.