Стрэчанне Госпада нашага Iiсуса Хрыста (Грамнiцы), 15 лютага

Стрэчанне Госпада нашага Iiсуса Хрыста (Грамнiцы), 15 лютагаУчас Стрэчання Царква ўспамiнае падзею зямнога жыцця Госпада нашага Iiсуса Хрыста, якая стала своеасаблiвай повяззю канца Старога Запавета з пачаткам Новага Запавета.

У законе Маiсеевым прадпiсвалася прысвячаць Богу кожнага першынца мужчынскага полу. Таму праз сорак дзён пасля Свайго Нараджэння Богадзiця Iiсус быў прынесены ў Iерусалiмскi храм. На той час у Iерусалiме жыў праведны старац Сiмяон, якому было прадказана Духам Святым, што ён не памрэ, пакуль не ўбачыць Хрыста Збавiцеля. Як паведамляюць старажытныя гiсторыкi, задоўга да Нараджэння Хрыстовага егiпецкi цар Пталамей II Фiладэльф захацеў дапоўнiць знакамiтую Александрыйскую бiблiятэку тэкстамi Старога Запавета. Для перакладу iх на грэчаскую мову (са старажытнаяўрэйскай) ён запрасiў з Iерусалiма 72 вучоных-кнiжнiкаў. Сярод iх быў i праведны Сiмяон, якому давялося перакладаць кнiгу прарока Iсаii. Прачытаўшы ў арыгiнале словы: “Вось, Дзева ва ўлонне прыме i народзiць Сына” (Iс. 7, 14), ён вырашыў, што слова “Дзева” там ужыта памылкова замест слова “жанчына”, i хацеў выправiць тэкст. У гэты момант перад iм з’явiўся Ангел i стрымаў яго руку са словамi: “Май веру напiсаным словам, ты сам пераканаешся, што яны спраўдзяцца, бо не будзе тваёй смерцi, пакуль не ўбачыш Хрыста Госпада, Якi народзiцца ад Чыстай i Беззаганнай Дзевы”. З таго дня праведны Сiмяон i стаў чакаць прышэсця Хрыста.

I вось у той самы дзень, калi Прачыстая Дзева Марыя i Iосiф павiнны былi прынесцi Сына, праведны Сiмяон па натхненнi Духа Святога прыйшоў у Iерусалiмскi храм i сустрэў (стрэчанне — значыць, сустрэча) iх каля ўваходу. Узяўшы Богадзiця на рукi (за што i атрымаў званне Богапрыiмца), старац Сiмяон сказаў прарочыя словы: “Цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, з мiрам, бо ўбачылi вочы мае спасенне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад аблiччам усiх народаў, святло для асветы язычнiкаў і славу народа Твайго, Iзраiля”. Прасвятой жа Дзеве праведны Сiмяон сказаў пра Дзiця: “Вось Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі… і Табе Самой душу пратне меч, каб адкрыліся многіх сэрцаў помыслы”. Гэта азначала, што Божая Мацi будзе перажываць вялiкае гора за Свайго Сына, калi Ён будзе пакутаваць. Тут, у храме, знаходзiлася набожная ўдава Анна-прарочыца, васьмiдзесяцi чатырох гадоў, якая служыла Богу постам i малiтваю ўдзень i ўночы. Яна таксама пазнала Збавiцеля i славiла Яго, i гаварыла пра Госпада ўсiм у Iерусалiме, хто чакаў прышэсця на зямлю Хрыста.

Так апошнiм праведнiкам адыходзячага Старога Запавета — Сiмяону i Анне-прарочыцы было наканавана сустрэць у храме Богадзiця Iiсуса — Носьбiта Новага Запавета.

Адметнасцю гэтага свята з’яўляецца асаблiвы чын асвячэння стрэчанскiх свечак, якiя называюцца ў народзе грамнiчнымi, а само свята — Грамніцамі.
 

* * *

У народзе лiчыцца, што гэта дзень сустрэчы зiмы з летам, што ўжо пачынаецца прадвесне i трэба рыхтавацца да вясновых работ. На Грамнiцы спяваюць першую песню-вяснянку:

Зiма з летам
сустракалася,
Пра здароўейка
пыталася…

Вядома i прымаўка: “Як прыйдуць Грамнiцы — скiдай рукавiцы”.

Iснуе ў народзе звычай асвячаць у царкве свечкi, захоўваць i карыстацца iмi ўвесь год з вераю ў ачышчальную сiлу малітвы, якую сімвалізуе запаленая свечка. З грамнiчнай свечкай сустракаюць нованароджанага, яе ўжываюць у вясельных абрадах, кладуць у рукi нябожчыку. Свечка выкарыстоўваецца пры першым выгане жывёлы на пашу i першай яе сустрэчы з пашы, пры засеўках i ў час жнiва. Але цi не галоўным прызначэннем грамнiчных свечак з’яўляецца ахова дома, у якiм яны знаходзяцца. Калi пачынаецца навальнiца, сяляне iх запальваюць і моляцца, каб маланка не спалiла хату. Малітва пры запаленай свечцы зберагае i ад iншых нябесных стыхiй (засухi, вынiшчальных дажджоў i граду). Узнiкненне звычаю асвячэння свечак адносiцца да часоў унii i тлумачыцца ўплывам каталiцкай царквы, дзе штогод у дзень Ачышчэння Прасвятой Дзевы Марыi (так называюць каталiкi свята Стрэчання) на Лiтургii адбываецца асвячэнне свечак.

Свята Грамнiцы звязана i з шэрагам метэаралагiчных прыкмет. Найбольш пашыраная з iх: “Калi на Грамнiцы певень з-пад страхi нап’ецца вадзiцы, то на Юр’я вол пад’есць травiцы”.

Беручы пад увагу народныя традыцыi, Праваслаўная Царква з асаблiвай дакладнасцю распавядае гiсторыю Стрэчання Гасподняга, тлумачыць сутнасць двунадзесятага свята.
 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.