Дзяды (Зiмовыя, Масленыя, Стрэчанскiя), (дата рухомая)

Днi памiнання нябожчыкаў, спачылых продкаў (Дзяды) адзначаюцца некалькi разоў на год у залежнасцi ад мясцовай традыцыi: на Радаўнiцу, напярэдаднi Сёмухi, перад Змiтравым днём i г.д. На Дзяды рыхтуюць памiнальны стол з няпарнаю колькасцю абрадных страў. Акрамя абавязковай куццi, гатуюць клёцкi, грыбы, блiны, яечню, мяса, узвар i iншыя стравы. У гэты дзень наведваюць могiлкi, парадкуюць магiлы, iдуць у царкву, моляцца.

На Стрэчанскiя Дзяды (на дзевятым перадвелiкодным тыднi, у суботу, напярэдаднi Мясапуснага тыдня) за памiнальным сталом збiраецца ўся сям’я. У шклянку з зернем ставiцца запаленая свечка. Паводле звычаю, частку кожнай стравы сiмвалiчна адкладаюць у асобны посуд для нябожчыкаў i на ноч са стала не прыбiраюць. Пасля малiтвы спажываюцца нарыхтаваныя стравы, успамiнаюцца спачылыя родзiчы i блiзкiя.

У суботу, а не ў iншы дзень, Святая Царква молiцца за спачылых таму, што субота як дзень спакою па сваiм значэннi ёсць найлепшы для такiх малiтваў. Апроч таго, малiтвамi аб спачыне Царква нагадвае пра непазбежны для кожнага скон, пра нарыхтаванае для нас непадкупным Суддзёю выпрабаванне. Разумеючы падуладнасць Госпаду, неабходнасць жыць праведна, мы, акрамя сказанага, рыхтуемся да строгага выканання надыходзячага выратавальнага посту.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.